*§ 19-1. РОЛЯ НДВКП У РАЗВІЦЦІ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ

Арганічная сельская гаспадарка, сутнасць і геаграфія. На іншым полюсе ва ўмовах абвастрэння экалагічнай праблемы, росту захворвання насельніцтва, змены структуры спажывання прадуктаў харчавання знаходзіцца арганічная сельская гаспадарка (АСГ), або экалагічная сельская гаспадарка.

Арганічная сельская гаспадарка — гэта такая форма вядзення сельскай гаспадаркі, у рамках якой адбываецца свядомая мінімізацыя выкарыстання сінтэтычных угнаенняў, пестыцыдаў, рэгулятараў росту раслін, кармавых дабавак, генетычна мадыфікаваных арганізмаў.

Арганічная сельская гаспадарка развіваецца ў свеце на трох асноўных прынцыпах (мал. 137-1).

Мал.
Мал. 137-1. Асноўныя прынцыпы арганічнай сельскай гаспадаркі

У цяперашні час арганічнай сельскай гаспадаркай займаюцца 179 краін. Плошча сертыфікаваных арганічных зямель у свеце складае 50,9 млн га. Найбольшымі плошчамі характарызуюцца Аўстралія, Аргенціна і ЗША. Вядучымі краінамі па колькасці вытворцаў арганічнай сельскагаспадарчай прадукцыі ў свеце з’яўляюцца Індыя, Эфіопія і Мексіка.

Найбольш высокай доляй арганічнай сельскай гаспадаркі ў структуры сельскай гаспадаркі краіны вылучаюцца развітыя краіны — Данія (8,4 %), Швейцарыя (7,5 %), Люксембург (7 %), Швецыя (7 %) і Аўстрыя (6 %).

Краінамі-лідарамі з найбольшай доляй сертыфікаваных арганічных зямель у структуры сельгасугоддзяў з’яўляюцца Ліхтэнштэйн, Аўстрыя і Швецыя (мал. 137-2).

Мал.
Мал. 137-2. Краіны — лідары па долі арганічных зямель у структуры сельгасугоддзяў, %

Найбольш буйныя рынкі арганічнай сельскагаспадарчай прадукцыі з найбольшым продажам сфармаваліся пераважна таксама ў развітых краінах — у ЗША, Германіі, Францыі, Кітаі і Канадзе (мал. 137-3).

Мал.
Мал. 137-3. Краіны — лідары па продажах прадукцыі АСГ, 2015 г. млн еўра

Прадукцыя арганічнай сельскай гаспадаркі, у адрозненне ад прадукцыі з генна-мадыфікаванымі арганізмамі, адрозніваецца высокім коштам. Асноўным спажыўцом прадукцыі арганічнай сельскай гаспадаркі з’яўляецца насельніцтва высокаразвітых дзяржаў — Швейцарыя, Данія, Швецыя, Люксембург і Ліхтэнштэйн.

Падвядзём вынікі. Рашэнне харчовай праблемы ва ўмовах НТП стала перадумовай другой «зялёнай рэвалюцыі», заснаванай на біятэхналогіях і генетычнай інжынерыі. Найбольш распаўсюджаныя культуры, што вырошчваюцца з выкарыстаннем ГМА, — гэта таматы, соя, кукуруза, рыс, пшаніца, бульба, кабачок. Супрацьлегласцю сельскай гаспадарцы з выкарыстаннем ГМА з’яўляецца арганічная сельская гаспадарка. Найбольш высокай доляй арганічнай сельскай гаспадаркі ў структуры сельскай гаспадаркі краіны вылучаюцца развітыя краіны.

Праверым свае веды. 1. Якія асноўныя перадумовы для развіцця сельскай гаспадаркі з выкарыстаннем ГМА і арганічнай сельскай гаспадаркі? 2. Якія краіны з’яўляюцца асноўнымі спажыўцамі генна-мадыфікаванай сельскагаспадарчай прадукцыі? 3. Якія краіны характарызуюцца найбольшым продажам прадукцыі АСГ? Чым гэта можна растлумачыць?

Ад простага да складанага. Чым можна растлумачыць, што вядучымі краінамі па колькасці вытворцаў арганічнай сельскагаспадарчай прадукцыі ў свеце з’яўляюцца краіны, якія развіваюцца?

Ад тэорыі да практыкі. Правядзіце міні-даследаванне на тэму «Прадукцыя арганічнай сельскай гаспадаркі ў гандлёвых сетках г. Мінска», наведаўшы адно з сеткавых гандлёвых прадпрыемстваў. Адкажыце на пытанні: які асартымент прадукцыі арганічнай сельскай гаспадаркі? хто з’яўляецца асноўнымі вытворцамі?

Выканайце практычныя работы.

18. «Аналіз геаграфіі арганічнай сельскай гаспадаркі свету» (паводле тыпавога плана).

19. «Аналіз геаграфіі міжнароднага гандлю прадукцыяй сельскай гаспадаркі» (праца з контурнай картай).

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт Міжнароднай Федэрацыі арганічнага сельскагаспадарчага руху.