*§ 17-3. ЭКАЛАГІЗАЦЫЯ СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРКІ

«Зялёная» эканоміка, асноўныя прынцыпы і распаўсюджванне ў свеце. Экалагізацыі сусветнай гаспадаркі абумовіла з'яўленне прынцыпова новай яго формы — «зялёнай» эканомікі. Згодна з вызначэннем Арганізацыі ААН па ахове навакольнага асяроддзя (ЮНЕП),

«Зялёная» эканоміка — гэта эканоміка, якая павышае дабрабыт людзей і пры гэтым істотна зніжае рызыкі для навакольнага асяроддзя і яго дэградацыі.

Пераход да «зялёнай» эканомікі грунтуецца на шасці асноўных прынцыпах (мал. 124-9).

Мал.
Мал. 124-9. Прынцыпы «зялёнай» эканомікі

У рамках «зялёнай» эканомікі ў свеце сфарміраваліся наступныя сектары:

«зялёная» хімія — навуковы напрамак па замене традыцыйных арганічных растваральнікаў і ўдасканаленні тэхналагічных працэсаў у буйнатанажных хімічных вытворчасцях, істотна скарачаецца іх уплыў на навакольнае асяроддзе (мал. 124-10);

Мал.
Мал. 124-10. Экапарашок, які вырабляюць ва Украіне

альтэрнатыўная энергетыка — сукупнасць перспектыўных спосабаў атрымання, перадачы і выкарыстання энергіі, якія маюць нізкую рызыку прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю;

устойлівы («зялёны») транспарт — арганізацыйная форма перамяшчэння, якая дазваляе знізіць узровень уздзеяння на навакольнае асяроддзе. Да яго адносяць пешаходны і веласіпедны рух, экалагічныя аўтамабілі (мал. 124-11, 124-12);

перапрацоўка адходаў — паўторнае выкарыстанне або вяртанне ў абарот адходаў вытворчасці або смецця (мал. 124-13);

Мал.
Мал. 124-13. Паасобны збор смецця ў Нідэрландах

энергаэфектыўнае жыллё — будаўніцтва і эксплуатацыя жылых дамоў з нізкімі выдаткамі на цяпло (мал. 124-14);

Мал.
Мал. 124-14. Энергаэфектыўны дом у Нарвегіі

арганічнае земляробства — гэта метад вядзення сельскай гаспадаркі, які выключае прымяненне хімічных угнаенняў, розных рэгулятараў росту раслін, генна-мадыфікаванага пасяўнога матэрыялу;

экалагічны турызм — форма ўстойлівага турызму, нацэленая на наведванне адносна некранутых антрапагенным уздзеяннем прыродных тэрыторый і якая адлюстроўвае ідэю гармоніі паміж рэкрэацыяй і экалогіяй.

Свет і Беларусь. Якія сектары «зялёнай» эканомікі развіваюцца ў вашым населеным пункце? Якія атрымліваюць найбольшае развіццё ў сталіцы — г. Мінску?

Маштабы «зялёнага» сектара сусветнай гаспадаркі пакуль параўнальна невялікія. Кошт вырабленай прадукцыі і паслуг у гэтым сектары ў 2010 г. ацэньваўся ў 2 трлн дол., або 2,7 % сусветнага ВУП. У эканоміцы асобных дзяржаў уклад гэтага сектара прыкметна вышэй. Напрыклад, у ЗША «зялёная» эканоміка складае 4,2 % ВУП і ў ёй занята каля 3 млн чалавек. У Японіі — адпаведна 3,4 % ВУП і прыкладна 1,5 млн чалавек. У Германіі — каля 4,8 % плюс сусветнае лідарства па экспарце экалагічна чыстых тавараў і паслуг (у прыватнасці, больш за 12 % сусветнага гандлю абсталяваннем па захаванні клімату). У Вялікабрытаніі, якая з'яўляецца сусветным лідарам па долі «зялёнага» сектара ў ВУП, сектар складае 8,8 % ВУП, доля ў экспарце — 5 %, у агульнай занятасці — 3 %.

Падвядзём вынікі. Постындустрыяльныя краіны ажыццяўляюць пазітыўныя экалагічныя дзеянні. Да асноўных з іх адносяцца экалагізацыя эканомікі, фарміраванне «зялёных» сектараў у гаспадарцы дзяржаў, рацыяналізацыя спажывання і экалагізацыя жыцця і інш. Экалагізацыя эканомікі прыводзіць да змен у галіновай структуры сусветнай гаспадаркі і фарміраванню «зялёнай» эканомікі. У структуры «зялёнай» эканомікі створана сем сектараў.

Праверым свае веды. 1. Якія перадумовы ляжаць у аснове экалагізацыі сусветнай гаспадаркі? 2. Якія змены ў галіновай структуры сусветнай гаспадаркі адбыліся пад яе ўплывам? 3. Якія асноўныя прынцыпы «зялёнай» эканомікі? 4. Ахарактарызуйце коратка сектары «зялёнай» эканомікі.

Ад простага да складанага. Чым можна растлумачыць, што «зялёная» эканоміка пакуль атрымлівае пераважнае развіццё ў развітых краінах?

Ад тэорыі да практыкі. Выкарыстоўваючы дадатковую літаратуру і рэсурсы інтэрнэту, падрыхтуйце кароткае паведамленне «”Зялёны” транспарт у краінах Еўропы: геаграфія і віды».

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт Праграмы ААН па навакольным асяроддзі.
Даведнік па «зялёнай» эканоміцы.