*§ 17-3. ЭКАЛАГІЗАЦЫЯ СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРКІ

Успамінаем. Да якіх наступстваў прыводзіць празмернае выкарыстанне прыродных рэсурсаў? Якія прыродныя рэсурсы адносяцца да вычарпальных? Якія прыродныя рэсурсы з'яўляюцца аднаўляльнымі?

Для чаго мы гэта вывучаем? Як вы разумееце, што такое энергазберагальныя тэхналогіі? Якія віды энергазберагальных тавараў штодзённага спажывання мы сёння актыўна выкарыстоўваем? Якія экалагічныя праблемы вырашаюць энергазберагальныя тэхналогіі?

Перадумовы эколагаарыентаваных змяненняў у сусветнай гаспадарцы. Пераход ад індустрыяльнага да постындустрыяльнага развіцця свету звязаны з абвастрэннем шэрагу экалагічных праблем (мал. 124-8).

Мал.
Мал. 124-8. Экалагічныя праблемы ХХI стагоддзя

Сучасны этап развіцця сусветнай гаспадаркі праходзіць ва ўмовах дэмаграфічнага пераходу і стабілізацыі росту колькасці насельніцтва ў развітых краінах пры захаванні росту насельніцтва ў краінах, якія развіваюцца, зон голаду і галечы. У гэтых умовах постындустрыяльныя краіны ажыццяўляюць пазітыўныя экалагічныя дзеянні. Да асноўных з іх адносяцца экалагізацыя эканомікі, фарміраванне «зялёных» сектараў у гаспадарцы дзяржаў, рацыяналізацыя спажывання і экалагізацыя жыцця і інш.

Экалагічныя праблемы прыводзяць да незваротных наступстваў і патрабуюць прыняцця рашэнняў на глабальным узроўні. Далейшае развіццё звыклым і традыцыйным шляхам сутыкаецца з двума сур'ёзнымі абмежаваннямі:

а) абмежаванасць магчымасцей навакольнага асяроддзя прымаць адходы вытворчасці;

б) неаднаўляльны характар прыродных рэсурсаў Зямлі.

Сучасная эколага-эканамічная сітуацыя прама паказвае на неабходнасць устойлівага экалагічна збалансаванага тыпу развіцця сусветнай гаспадаркі. Таму ў 2012 г. у Рыа-дэ-Жанейра ўпершыню ў гісторыі чалавецтва адбылася Канферэнцыя ААН, якая прыняла Дэкларацыю па ўстойлівым развіцці на прынцыпах «зялёнай» эканомікі, аховы навакольнага асяроддзя і выкараненні беднасці.

Вылучэнне на першы план пытанняў навакольнага асяроддзя ў працэсе эканамічнага развіцця атрымала назву экалагізацыі эканомікі.

Экалагізацыі эканомікі — гэта працэс укаранення ў эканоміку прынцыпаў рацыянальнага прыродакарыстання і мінімізацыі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе пры эканамічнай дзейнасці.

Галоўная яе мэта — змяншэнне прыродаёмістасці сусветнай гаспадаркі.