*§ 17-3. ЭКАЛАГІЗАЦЫЯ СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРКІ
![]() Успамінаем. Да якіх наступстваў прыводзіць празмернае выкарыстанне прыродных рэсурсаў? Якія прыродныя рэсурсы адносяцца да вычарпальных? Якія прыродныя рэсурсы з'яўляюцца аднаўляльнымі? |
![]() Для чаго мы гэта вывучаем? Як вы разумееце, што такое энергазберагальныя тэхналогіі? Якія віды энергазберагальных тавараў штодзённага спажывання мы сёння актыўна выкарыстоўваем? Якія экалагічныя праблемы вырашаюць энергазберагальныя тэхналогіі? |
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Геаграфія. 10 клас |
Падручнік: | *§ 17-3. ЭКАЛАГІЗАЦЫЯ СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРКІ |
Надрукаваны: | Госць |
Дата: | Пятніца 9 Травень 2025 |
Перадумовы эколагаарыентаваных змяненняў у сусветнай гаспадарцы. Пераход ад індустрыяльнага да постындустрыяльнага развіцця свету звязаны з абвастрэннем шэрагу экалагічных праблем (мал. 124-8).

Сучасны этап развіцця сусветнай гаспадаркі праходзіць ва ўмовах дэмаграфічнага пераходу і стабілізацыі росту колькасці насельніцтва ў развітых краінах пры захаванні росту насельніцтва ў краінах, якія развіваюцца, зон голаду і галечы. У гэтых умовах постындустрыяльныя краіны ажыццяўляюць пазітыўныя экалагічныя дзеянні. Да асноўных з іх адносяцца экалагізацыя эканомікі, фарміраванне «зялёных» сектараў у гаспадарцы дзяржаў, рацыяналізацыя спажывання і экалагізацыя жыцця і інш.
Экалагічныя праблемы прыводзяць да незваротных наступстваў і патрабуюць прыняцця рашэнняў на глабальным узроўні. Далейшае развіццё звыклым і традыцыйным шляхам сутыкаецца з двума сур'ёзнымі абмежаваннямі:
а) абмежаванасць магчымасцей навакольнага асяроддзя прымаць адходы вытворчасці;
б) неаднаўляльны характар прыродных рэсурсаў Зямлі.
Сучасная эколага-эканамічная сітуацыя прама паказвае на неабходнасць устойлівага экалагічна збалансаванага тыпу развіцця сусветнай гаспадаркі. Таму ў 2012 г. у Рыа-дэ-Жанейра ўпершыню ў гісторыі чалавецтва адбылася Канферэнцыя ААН, якая прыняла Дэкларацыю па ўстойлівым развіцці на прынцыпах «зялёнай» эканомікі, аховы навакольнага асяроддзя і выкараненні беднасці.
Вылучэнне на першы план пытанняў навакольнага асяроддзя ў працэсе эканамічнага развіцця атрымала назву экалагізацыі эканомікі.
![]() Экалагізацыі эканомікі — гэта працэс укаранення ў эканоміку прынцыпаў рацыянальнага прыродакарыстання і мінімізацыі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе пры эканамічнай дзейнасці. |
Галоўная яе мэта — змяншэнне прыродаёмістасці сусветнай гаспадаркі.
Уплыў экалагізацыі на галіновую структуру сусветнай гаспадаркі. Разуменне сусветнай супольнасцю неабходнасці рэалізацыі прынцыпаў устойлівага развіцця і экалагізацыі эканомікі прыводзіць да змен у галіновай структуры сусветнай гаспадаркі.
Напрыклад, у электраэнергетыцы свету ў развітых краінах атрымлівае ўсё большае развіццё выкарыстанне альтэрнатыўных — аднаўляльных — крыніц энергіі: ветру, сонца, прыліваў, біямасы і інш. У галінах апрацоўчай прамысловасці атрымліваюць развіццё новыя эколагаарыентаваныя віды эканамічнай дзейнасці — вытворчасць электрамабіляў, энергазберагальных электрычных лямпачак, экалагічна чыстых прадуктаў харчавання, экалагічна чыстай мэблі і інш.
Пачынаюць актыўна развівацца экалагічна чыстыя віды транспарту ў гарадах — веласіпедны і пешаходны рух. Карэнным чынам мяняюцца адносіны да абыходжання з адходамі — адбываецца іх масавая ўтылізацыя на прынцыпах рэсайклінга (другаснага выкарыстання), вядзецца раздзельны збор смецця. У сельскай гаспадарцы атрымлівае развіццё арганічнае земляробства, нацэленае на мінімізацыю выкарыстання сінтэтычных угнаенняў, пестыцыдаў і інш.
«Зялёная» эканоміка, асноўныя прынцыпы і распаўсюджванне ў свеце. Экалагізацыі сусветнай гаспадаркі абумовіла з'яўленне прынцыпова новай яго формы — «зялёнай» эканомікі. Згодна з вызначэннем Арганізацыі ААН па ахове навакольнага асяроддзя (ЮНЕП),
![]() «Зялёная» эканоміка — гэта эканоміка, якая павышае дабрабыт людзей і пры гэтым істотна зніжае рызыкі для навакольнага асяроддзя і яго дэградацыі. |
Пераход да «зялёнай» эканомікі грунтуецца на шасці асноўных прынцыпах (мал. 124-9).

У рамках «зялёнай» эканомікі ў свеце сфарміраваліся наступныя сектары:
– «зялёная» хімія — навуковы напрамак па замене традыцыйных арганічных растваральнікаў і ўдасканаленні тэхналагічных працэсаў у буйнатанажных хімічных вытворчасцях, істотна скарачаецца іх уплыў на навакольнае асяроддзе (мал. 124-10);

– альтэрнатыўная энергетыка — сукупнасць перспектыўных спосабаў атрымання, перадачы і выкарыстання энергіі, якія маюць нізкую рызыку прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю;
– устойлівы («зялёны») транспарт — арганізацыйная форма перамяшчэння, якая дазваляе знізіць узровень уздзеяння на навакольнае асяроддзе. Да яго адносяць пешаходны і веласіпедны рух, экалагічныя аўтамабілі (мал. 124-11, 124-12);


– перапрацоўка адходаў — паўторнае выкарыстанне або вяртанне ў абарот адходаў вытворчасці або смецця (мал. 124-13);

– энергаэфектыўнае жыллё — будаўніцтва і эксплуатацыя жылых дамоў з нізкімі выдаткамі на цяпло (мал. 124-14);

– арганічнае земляробства — гэта метад вядзення сельскай гаспадаркі, які выключае прымяненне хімічных угнаенняў, розных рэгулятараў росту раслін, генна-мадыфікаванага пасяўнога матэрыялу;
– экалагічны турызм — форма ўстойлівага турызму, нацэленая на наведванне адносна некранутых антрапагенным уздзеяннем прыродных тэрыторый і якая адлюстроўвае ідэю гармоніі паміж рэкрэацыяй і экалогіяй.
![]() Свет і Беларусь. Якія сектары «зялёнай» эканомікі развіваюцца ў вашым населеным пункце? Якія атрымліваюць найбольшае развіццё ў сталіцы — г. Мінску? |
Маштабы «зялёнага» сектара сусветнай гаспадаркі пакуль параўнальна невялікія. Кошт вырабленай прадукцыі і паслуг у гэтым сектары ў 2010 г. ацэньваўся ў 2 трлн дол., або 2,7 % сусветнага ВУП. У эканоміцы асобных дзяржаў уклад гэтага сектара прыкметна вышэй. Напрыклад, у ЗША «зялёная» эканоміка складае 4,2 % ВУП і ў ёй занята каля 3 млн чалавек. У Японіі — адпаведна 3,4 % ВУП і прыкладна 1,5 млн чалавек. У Германіі — каля 4,8 % плюс сусветнае лідарства па экспарце экалагічна чыстых тавараў і паслуг (у прыватнасці, больш за 12 % сусветнага гандлю абсталяваннем па захаванні клімату). У Вялікабрытаніі, якая з'яўляецца сусветным лідарам па долі «зялёнага» сектара ў ВУП, сектар складае 8,8 % ВУП, доля ў экспарце — 5 %, у агульнай занятасці — 3 %.
![]() Падвядзём вынікі. Постындустрыяльныя краіны ажыццяўляюць пазітыўныя экалагічныя дзеянні. Да асноўных з іх адносяцца экалагізацыя эканомікі, фарміраванне «зялёных» сектараў у гаспадарцы дзяржаў, рацыяналізацыя спажывання і экалагізацыя жыцця і інш. Экалагізацыя эканомікі прыводзіць да змен у галіновай структуры сусветнай гаспадаркі і фарміраванню «зялёнай» эканомікі. У структуры «зялёнай» эканомікі створана сем сектараў. |
![]() Праверым свае веды. 1. Якія перадумовы ляжаць у аснове экалагізацыі сусветнай гаспадаркі? 2. Якія змены ў галіновай структуры сусветнай гаспадаркі адбыліся пад яе ўплывам? 3. Якія асноўныя прынцыпы «зялёнай» эканомікі? 4. Ахарактарызуйце коратка сектары «зялёнай» эканомікі. |
![]() Ад простага да складанага. Чым можна растлумачыць, што «зялёная» эканоміка пакуль атрымлівае пераважнае развіццё ў развітых краінах? |
![]() Ад тэорыі да практыкі. Выкарыстоўваючы дадатковую літаратуру і рэсурсы інтэрнэту, падрыхтуйце кароткае паведамленне «”Зялёны” транспарт у краінах Еўропы: геаграфія і віды». |
![]() |
Падарожжа па Глабальнай сетцы. Сайт Праграмы ААН па навакольным асяроддзі. |
![]() |
Даведнік па «зялёнай» эканоміцы. | ![]() |