§ 15. МІЖНАРОДНЫ ГЕАГРАФІЧНЫ ПАДЗЕЛ ПРАЦЫ

Міжнародная спецыялізацыя і каапераванне. МГПП суправаджаецца двума ўзаемадапаўняльнымі працэсамі — міжнароднай спецыялізацыяй вытворчасці і міжнародным каапераваннем вытворчасці. Спецыялізацыя ўяўляе з сябе засяроджванне вытворчасці адной прадукцыі (тавараў і паслуг) з асобым тэхналагічным працэсам, спецыяльным абсталяваннем і кадрамі звыш унутраных патрэб краіны і наступным міжнародным абменам прадукцыяй паміж краінамі (мал. 108).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Для міжнароднай спецыялізацыі краіны неабходна выкананне трох умоў. Першая ўмова — краіна павінна валодаць перавагамі перад іншымі краінамі для развіцця гэтай вытворчасці. Напрыклад, мець большыя ў параўнанні з іншымі краінамі запасы мінеральных рэсурсаў, танную працоўную сілу ці больш высокакваліфікаваныя працоўныя рэсурсы, больш выгаднае транспартна-геаграфічнае становішча, размяшчаць капітал і інш. Другая ўмова — за межамі той краіны, якая можа вырабляць лішкі пэўных тавараў, павінны існаваць краіны, дзе гэтых тавараў не хапае і існуе попыт на іх па больш высокай цане. Трэцяя ўмова — выдаткі на дастаўку тавараў на рынак не павінны паглынаць усю розніцу паміж цаной продажу на месцы вытворчасці і на тым рынку, куды тавар пастаўляецца.

Спецыялізацыя на вытворчасці і экспарце сельскагаспадарчай прадукцыі і прадукцыі здабыўной прамысловасці характэрная для краін, якія развіваюцца. Сярод іх найбуйнейшымі экспарцёрам рэсурсаў у свеце з’яўляюцца Саудаўская Аравія, Кувейт, Алжыр, Нігерыя (нафта), Іран (нафта і прыродны газ), Марока (фасфарыты). Краіны Лацінскай Амерыкі, якія развіваюцца, з’яўляюцца найважнейшымі пастаўшчыкамі кавы, бананаў (Калумбія, Бразілія, Эквадор), цукровага трыснягу (Бразілія). Краіны Афрыкі спецыялізуюцца на вырошчванні цытрусавых (Егіпет, Марока), какава-бабоў (Кот-д’Івуар), краіны Азіі — рысу (Бангладэш).

Высокаразвітыя краіны спецыялізуюцца на вытворчасці навукаёмістай прадукцыі апрацоўчых галін, на навукова-даследчых распрацоўках ва ўсіх сектарах сусветнай гаспадаркі, на вытворчасці і экспарце паслуг. Напрыклад, ЗША спецыялізуюцца на транспартных, інфармацыйных, тэлекамунікацыйных паслугах, з’яўляюцца экспарцёрам транспартных паслуг; Вялікабрытанія, Швейцарыя — на банкаўскіх і страхавых паслугах; Італія, Францыя — на турысцкіх паслугах.

Свет і Беларусь. У чым заключаюцца асаблівасці спецыялізацыі Рэспублікі Беларусь у міжнародным геаграфічным падзеле працы?

Каапераванне — гэта форма падзелу працы, пры якой праца работнікаў розных краін непасрэдна злучаецца ў штодзённым узаемадзеянні ў адным і тым жа або ў розных, але звязаных паміж сабой працэсах вытворчасці. Галіной сусветнай гаспадаркі, у якой каапераванне праяўляецца найбольш ярка, з’яўляецца аўтамабілебудаванне. Напрыклад, распрацоўка дызайну аўтамабіля ажыццяўляецца італьянскімі дызайнерамі; распрацоўка рухавікоў і вытворчасць камплектуючых дэталей — нямецкімі інжынерамі; зборка — рабочымі краін, якія развіваюцца (Бразілія, Турцыя, Мексіка, В’етнам) і з пераходнай эканомікай (Польшча, Венгрыя).