Печатать книгуПечатать книгу

§ 15. МІЖНАРОДНЫ ГЕАГРАФІЧНЫ ПАДЗЕЛ ПРАЦЫ

Успамінаем. Пры вывучэнні якога вучэбнага прадмета вы даведаліся аб падзеле працы паміж людзьмі? Калі ён з’явіўся? Якія краіны валодаюць значнымі запасамі прыродных рэсурсаў? Якія рэгіёны і краіны характарызуюцца высокім узроўнем развіцця індустрыяльнага сектара сусветнай гаспадаркі? У якіх краінах адбываецца хуткае развіццё сферы паслуг?

Для чаго мы гэта вывучаем? Для чаго краіне неабходны ўдзел у сусветным гандлі? Якія фактары з’яўляюцца асноўнымі пры міжнародным геаграфічным падзеле працы (МГПП)? Чаму спецыялізацыя і каапераванне дапаўняюць адно аднаго?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 10 клас
Книга: § 15. МІЖНАРОДНЫ ГЕАГРАФІЧНЫ ПАДЗЕЛ ПРАЦЫ
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 5 Май 2024, 10:09

Фактары міжнароднага геаграфічнага падзелу працы. Падзел працы мае глыбокія карані. Гістарычна ён быў звязаны з прыроднымі ўмовамі, відамі гаспадарчай дзейнасці і інтарэсамі чалавека абмяняць лішкі вынікаў сваёй працы на тавары ці паслугі, якія ён не рабіў.

Міжнародны геаграфічны падзел працы — гэта прасторавая форма грамадскага падзелу працы, якая выяўляецца ў спецыялізацыі асобных цэнтраў, раёнаў і краін на вытворчасці пэўных відаў прадукцыі і паслуг, прызначаных для рэалізацыі за іх межамі.

У свеце цікавага. Падзел працы на ранніх стадыях адбываўся па біялагічных прыкметах — паводле полу (паміж мужчынамі і жанчынамі), узросту людзей. Пазней з-за адрозненняў у прыродных умовах паявіўся падзел працы паміж асобнымі плямёнамі. Напрыклад, паміж качэўнікамі-жывёлагадоўцамі, земляробамі, паляўнічымі і г. д. Наступным этапам стаў падзел працы паміж гарадскім і сельскім насельніцтвам. Пасля падзел разумовай і фізічнай працы прывёў да замацавання за пэўнымі краінамі самастойных відаў дзейнасці.

Геаграфічны падзел працы развіваецца пад уплывам пэўных фактараў. Першую групу ўтвараюць прыродна-геаграфічныя фактары. Да іх адносяцца адрозненні прыродных умоў і нераўнамернасць у забеспячэнні краін прыроднымі рэсурсамі. Другая група — гэта эканоміка-геаграфічныя фактары. Да іх адносяцца адрозненні ў геаграфічным становішчы краіны, памерах тэрыторыі і яе канфігурацыі.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Так, вялікія па плошчы краіны (напр., Кітай, Індыя, Бразілія і інш.) валодаюць больш разнастайнымі прыроднымі рэсурсамі і могуць быць больш актыўна ўцягнутыя ў падзел працы. Аднак вялікія па плошчы краіны патрабуюць вялікіх выдаткаў на стварэнне транспартнай інфраструктуры. У сваю чаргу, малыя па плошчы краіны ў значнай ступені залежаць ад міжнароднага гандлю і вымушаны шукаць іншыя фактары ўдзелу ў падзеле працы (напр., Японія, Сінгапур).

Па меры развіцця чалавечага грамадства роля названых дзвюх груп фактараў слабее. Да трэцяй групы адносяцца вынікі навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Краіны могуць адрознівацца колькасцю навуковых адкрыццяў, узроўнем развіцця тэхналогій і інш. Чацвёртая група ўключае сацыяльна-эканамічныя і сацыяльна-палітычныя фактары. Яны заключаюцца ў адрозненнях гістарычнага развіцця, вытворчых традыцый і традыцый знешнеэканамічных сувязей, эканамічнага развіцця, структуры гаспадаркі, колькасці насельніцтва і складу працоўных рэсурсаў і інш.

Гістарычныя тыпы МГПП. Міжнародны геаграфічны падзел працы складваўся гістарычна. У старажытнасці і Сярэдневякоўі абмен адбываўся паміж краінамі ў межах Старога Свету, у асноўным за кошт Еўропы і Паўночнай Афрыкі. Пасля Вялікіх геаграфічных адкрыццяў у МГПП былі ўцягнуты тэрыторыі, прылеглыя да ўзбярэжжаў Атлантычнага і Індыйскага акіянаў. У XVI–XVII стст. ахоп тэрыторый падзелам працы значна павялічыўся. Гэта было звязана з нарастаючымі патрэбамі асобных краін у абмене таварамі, якія не маглі вырабляцца паўсюдна.

Мал. 105. А. Сміт
(1723–1790)

У свеце ўсё ўзаемазвязана. У 1776 г. Адам Сміт, вядомы эканаміст XVIII ст., прыйшоў да вываду аб тым, што падзел працы носіць універсальны характар. Ён звярнуў увагу на тое, што абмен магчымы толькі тады, калі людзі занятыя неаднолькавымі справамі. Так, у яго з’яўляецца паняцце «каштоўнасць». Вось як пісаў у рамане «Яўген Анегін» А. С. Пушкін пра тэорыю падзелу працы А. Сміта (мал. 105):

Зато читал Адама Смита
И был глубокий эконом,
То есть умел судить о том,
Как государство богатеет
И чем живёт, и почему
Не нужно золота ему,
Когда простой продукт имеет…

У XIX ст. індустрыяльная стадыя прывяла да шырокага распаўсюджвання міжнароднага падзелу працы і яшчэ большай уцягнутасці краін. Экспарт гатовай прадукцыі стаў прыярытэтам развітых краін, сыравіны — краін, якія развіваюцца.

На постындустрыяльнай стадыі ў канцы ХХ – пачатку XXI ст., калі ў міжнародным абмене сталі прысутнічаць разам з таварамі і паслугі, у сусветнай гаспадарцы практычна не засталося дзяржаў, якія не ўдзельнічаюць у МГПП. Для развітых краін стаў характэрным пераважна экспарт паслуг і гатовай навукаёмістай прадукцыі апрацоўчай прамысловасці (машынабудавання, хімічнай прамысловасці і інш.). Краіны, якія развіваюцца, застаюцца экспарцёрамі рэсурсаў, сельскагаспадарчай прадукцыі. Аднак з развіццём індустрыялізацыі яны таксама ўдзельнічаюць у падзеле працы ў якасці пастаўшчыкоў прадукцыі апрацоўчай прамысловасці.

Паразважаем. Як геаграфічнае і геапалітычнае становішча краіны ўплывае на яе ступень удзелу ў міжнародным геаграфічным падзеле працы? Чым адрозніваецца міжнародны геаграфічны падзел працы індустрыяльнай і постындустрыяльнай стадый развіцця сусветнай гаспадаркі? М. М. Баранскі назваў міжнародны геаграфічны падзел працы «душой сусветнай гаспадаркі». Як вы разумееце гэта выказванне?

У залежнасці ад тэрытарыяльнага ахопу існуе пяць прасторавых узроўняў МГПП (мал. 106).

У сацыяльна-эканамічнай геаграфіі вылучаюць тры гістарычна паслядоўныя тыпы МГПП — агульны, прыватны і адзінкавы (мал. 107). Напрыклад, у агульным падзеле працы Кенія і Шры-Ланка з’яўляюцца аграрнымі краінамі (экспарцёры чаю); Чылі (экспарцёр меднай руды), Катар, Іран (экспарцёры прыроднага газу) — сыравіннымі краінамі; Кітай (экспарцёр чыгуну, сталі), Рэспубліка Карэя (экспарцёр аўтамабіляў, бытавой тэхнікі і электронікі) — індустрыяльнымі. У прыватным падзеле працы Японія, напрыклад, спецыялізуецца на суднабудаванні, аўтамабілебудаванні, робататэхніцы; Германія — на вытворчасці аўтамабіляў і ўсіх відаў прадукцыі хімічнай прамысловасці; Францыя — на аэракасмічнай галіне і парфумернай індустрыі; Індыя — на вытворчасці чыгуну, сталі і фармацэўтыкі; Швейцарыя — на банкаўскіх паслугах. У адзінкавым падзеле працы ЗША, напрыклад, спецыялізуюцца на распрацоўцы праграмнага забеспячэння; Германія, Швейцарыя — на навуковых распрацоўках у галіне фармацэўтыкі; Малайзія, Інданезія — на зборцы мікраэлектронікі і бытавой тэхнікі.

Міжнародная спецыялізацыя і каапераванне. МГПП суправаджаецца двума ўзаемадапаўняльнымі працэсамі — міжнароднай спецыялізацыяй вытворчасці і міжнародным каапераваннем вытворчасці. Спецыялізацыя ўяўляе з сябе засяроджванне вытворчасці адной прадукцыі (тавараў і паслуг) з асобым тэхналагічным працэсам, спецыяльным абсталяваннем і кадрамі звыш унутраных патрэб краіны і наступным міжнародным абменам прадукцыяй паміж краінамі (мал. 108).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Для міжнароднай спецыялізацыі краіны неабходна выкананне трох умоў. Першая ўмова — краіна павінна валодаць перавагамі перад іншымі краінамі для развіцця гэтай вытворчасці. Напрыклад, мець большыя ў параўнанні з іншымі краінамі запасы мінеральных рэсурсаў, танную працоўную сілу ці больш высокакваліфікаваныя працоўныя рэсурсы, больш выгаднае транспартна-геаграфічнае становішча, размяшчаць капітал і інш. Другая ўмова — за межамі той краіны, якая можа вырабляць лішкі пэўных тавараў, павінны існаваць краіны, дзе гэтых тавараў не хапае і існуе попыт на іх па больш высокай цане. Трэцяя ўмова — выдаткі на дастаўку тавараў на рынак не павінны паглынаць усю розніцу паміж цаной продажу на месцы вытворчасці і на тым рынку, куды тавар пастаўляецца.

Спецыялізацыя на вытворчасці і экспарце сельскагаспадарчай прадукцыі і прадукцыі здабыўной прамысловасці характэрная для краін, якія развіваюцца. Сярод іх найбуйнейшымі экспарцёрам рэсурсаў у свеце з’яўляюцца Саудаўская Аравія, Кувейт, Алжыр, Нігерыя (нафта), Іран (нафта і прыродны газ), Марока (фасфарыты). Краіны Лацінскай Амерыкі, якія развіваюцца, з’яўляюцца найважнейшымі пастаўшчыкамі кавы, бананаў (Калумбія, Бразілія, Эквадор), цукровага трыснягу (Бразілія). Краіны Афрыкі спецыялізуюцца на вырошчванні цытрусавых (Егіпет, Марока), какава-бабоў (Кот-д’Івуар), краіны Азіі — рысу (Бангладэш).

Высокаразвітыя краіны спецыялізуюцца на вытворчасці навукаёмістай прадукцыі апрацоўчых галін, на навукова-даследчых распрацоўках ва ўсіх сектарах сусветнай гаспадаркі, на вытворчасці і экспарце паслуг. Напрыклад, ЗША спецыялізуюцца на транспартных, інфармацыйных, тэлекамунікацыйных паслугах, з’яўляюцца экспарцёрам транспартных паслуг; Вялікабрытанія, Швейцарыя — на банкаўскіх і страхавых паслугах; Італія, Францыя — на турысцкіх паслугах.

Свет і Беларусь. У чым заключаюцца асаблівасці спецыялізацыі Рэспублікі Беларусь у міжнародным геаграфічным падзеле працы?

Каапераванне — гэта форма падзелу працы, пры якой праца работнікаў розных краін непасрэдна злучаецца ў штодзённым узаемадзеянні ў адным і тым жа або ў розных, але звязаных паміж сабой працэсах вытворчасці. Галіной сусветнай гаспадаркі, у якой каапераванне праяўляецца найбольш ярка, з’яўляецца аўтамабілебудаванне. Напрыклад, распрацоўка дызайну аўтамабіля ажыццяўляецца італьянскімі дызайнерамі; распрацоўка рухавікоў і вытворчасць камплектуючых дэталей — нямецкімі інжынерамі; зборка — рабочымі краін, якія развіваюцца (Бразілія, Турцыя, Мексіка, В’етнам) і з пераходнай эканомікай (Польшча, Венгрыя).

Найноўшыя змены ў МГПП. На постындустрыяльнай стадыі ў МГПП адбываюцца істотныя змены.

Мал. 109. Зборачнае прадпрыемства Boeing
у Рэнтане (ЗША)

Эпіцэнтр масавай прамысловай вытворчасці перамяшчаецца з развітых краін у краіны, якія развіваюцца. Развітыя краіны спецыялізуюцца ў асноўным на навукаёмістых і высокатэхналагічных вытворчасцях (мал. 109) і паслугах. З буйных гарадоў сыходзіць індустрыяльная спецыялізацыя, яе змяняе спецыялізацыя на розных відах паслуг (адукацыйных, фінансавых, дзелавых, культурных і інш.). Сельская мясцовасць пачынае спецыялізавацца не толькі на сельскагаспадарчай вытворчасці, але і на рэкрэацыйных паслугах.

Падвядзём вынікі. Міжнародны геаграфічны падзел працы — гэта ... . МГПП узнік у выніку ... .

Геаграфічны падзел працы адбываецца пад уплывам пэўных груп фактараў: прыродна-геаграфічных, ..., ..., ... і сацыяльна-палітычных.

Кожная стадыя развіцця сусветнай гаспадаркі дзяржавы адрозніваецца яе міжнароднай спецыялізацыяй.

Праверым свае веды. 1. Для чаго краіне неабходны ўдзел у міжнародным геаграфічным падзеле працы? 2. Якія краіны характарызуюцца сыравіннай і аграрнай спецыялізацыяй? 3. Якія краіны спецыялізуюцца на вытворчасці і экспарце паслуг? Прывядзіце прыклады. 4. Чым адрозніваецца міжнародны геаграфічны падзел працы індустрыяльнай і постындустрыяльнай стадый развіцця сусветнай гаспадаркі?

Ад простага да складанага. 1. Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, складзіце ментальную карту па вытворчасці аўтамабіля. 2. Падрыхтуйце кароткае паведамленне пра А. Сміта і яго кнігу «Даследаванне аб прыродзе і прычынах багацця народаў».

Ад тэорыі да практыкі. Запоўніце табліцу ў сшытку.

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Найбольш папулярная ў свеце кніга пра МГПП вядомага брытанскага сацыёлага і географа Дорын Мэсі «Геаграфічны падзел працы: сацыяльная структура і геаграфія вытворчасцей».

Ад тэорыі да практыкі. Выканайце практычную работу 15* «Вызначэнне фактараў міжнароднага геаграфічнага падзелу працы краін свету» (на прыкладзе аднаго рэгіёну свету).