§ 15. МІЖНАРОДНЫ ГЕАГРАФІЧНЫ ПАДЗЕЛ ПРАЦЫ

Фактары міжнароднага геаграфічнага падзелу працы. Падзел працы мае глыбокія карані. Гістарычна ён быў звязаны з прыроднымі ўмовамі, відамі гаспадарчай дзейнасці і інтарэсамі чалавека абмяняць лішкі вынікаў сваёй працы на тавары ці паслугі, якія ён не рабіў.

Міжнародны геаграфічны падзел працы — гэта прасторавая форма грамадскага падзелу працы, якая выяўляецца ў спецыялізацыі асобных цэнтраў, раёнаў і краін на вытворчасці пэўных відаў прадукцыі і паслуг, прызначаных для рэалізацыі за іх межамі.

У свеце цікавага. Падзел працы на ранніх стадыях адбываўся па біялагічных прыкметах — паводле полу (паміж мужчынамі і жанчынамі), узросту людзей. Пазней з-за адрозненняў у прыродных умовах паявіўся падзел працы паміж асобнымі плямёнамі. Напрыклад, паміж качэўнікамі-жывёлагадоўцамі, земляробамі, паляўнічымі і г. д. Наступным этапам стаў падзел працы паміж гарадскім і сельскім насельніцтвам. Пасля падзел разумовай і фізічнай працы прывёў да замацавання за пэўнымі краінамі самастойных відаў дзейнасці.

Геаграфічны падзел працы развіваецца пад уплывам пэўных фактараў. Першую групу ўтвараюць прыродна-геаграфічныя фактары. Да іх адносяцца адрозненні прыродных умоў і нераўнамернасць у забеспячэнні краін прыроднымі рэсурсамі. Другая група — гэта эканоміка-геаграфічныя фактары. Да іх адносяцца адрозненні ў геаграфічным становішчы краіны, памерах тэрыторыі і яе канфігурацыі.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Так, вялікія па плошчы краіны (напр., Кітай, Індыя, Бразілія і інш.) валодаюць больш разнастайнымі прыроднымі рэсурсамі і могуць быць больш актыўна ўцягнутыя ў падзел працы. Аднак вялікія па плошчы краіны патрабуюць вялікіх выдаткаў на стварэнне транспартнай інфраструктуры. У сваю чаргу, малыя па плошчы краіны ў значнай ступені залежаць ад міжнароднага гандлю і вымушаны шукаць іншыя фактары ўдзелу ў падзеле працы (напр., Японія, Сінгапур).

Па меры развіцця чалавечага грамадства роля названых дзвюх груп фактараў слабее. Да трэцяй групы адносяцца вынікі навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Краіны могуць адрознівацца колькасцю навуковых адкрыццяў, узроўнем развіцця тэхналогій і інш. Чацвёртая група ўключае сацыяльна-эканамічныя і сацыяльна-палітычныя фактары. Яны заключаюцца ў адрозненнях гістарычнага развіцця, вытворчых традыцый і традыцый знешнеэканамічных сувязей, эканамічнага развіцця, структуры гаспадаркі, колькасці насельніцтва і складу працоўных рэсурсаў і інш.