§ 15. МІЖНАРОДНЫ ГЕАГРАФІЧНЫ ПАДЗЕЛ ПРАЦЫ

Гістарычныя тыпы МГПП. Міжнародны геаграфічны падзел працы складваўся гістарычна. У старажытнасці і Сярэдневякоўі абмен адбываўся паміж краінамі ў межах Старога Свету, у асноўным за кошт Еўропы і Паўночнай Афрыкі. Пасля Вялікіх геаграфічных адкрыццяў у МГПП былі ўцягнуты тэрыторыі, прылеглыя да ўзбярэжжаў Атлантычнага і Індыйскага акіянаў. У XVI–XVII стст. ахоп тэрыторый падзелам працы значна павялічыўся. Гэта было звязана з нарастаючымі патрэбамі асобных краін у абмене таварамі, якія не маглі вырабляцца паўсюдна.

Мал. 105. А. Сміт
(1723–1790)

У свеце ўсё ўзаемазвязана. У 1776 г. Адам Сміт, вядомы эканаміст XVIII ст., прыйшоў да вываду аб тым, што падзел працы носіць універсальны характар. Ён звярнуў увагу на тое, што абмен магчымы толькі тады, калі людзі занятыя неаднолькавымі справамі. Так, у яго з’яўляецца паняцце «каштоўнасць». Вось як пісаў у рамане «Яўген Анегін» А. С. Пушкін пра тэорыю падзелу працы А. Сміта (мал. 105):

Зато читал Адама Смита
И был глубокий эконом,
То есть умел судить о том,
Как государство богатеет
И чем живёт, и почему
Не нужно золота ему,
Когда простой продукт имеет…

У XIX ст. індустрыяльная стадыя прывяла да шырокага распаўсюджвання міжнароднага падзелу працы і яшчэ большай уцягнутасці краін. Экспарт гатовай прадукцыі стаў прыярытэтам развітых краін, сыравіны — краін, якія развіваюцца.

На постындустрыяльнай стадыі ў канцы ХХ – пачатку XXI ст., калі ў міжнародным абмене сталі прысутнічаць разам з таварамі і паслугі, у сусветнай гаспадарцы практычна не засталося дзяржаў, якія не ўдзельнічаюць у МГПП. Для развітых краін стаў характэрным пераважна экспарт паслуг і гатовай навукаёмістай прадукцыі апрацоўчай прамысловасці (машынабудавання, хімічнай прамысловасці і інш.). Краіны, якія развіваюцца, застаюцца экспарцёрамі рэсурсаў, сельскагаспадарчай прадукцыі. Аднак з развіццём індустрыялізацыі яны таксама ўдзельнічаюць у падзеле працы ў якасці пастаўшчыкоў прадукцыі апрацоўчай прамысловасці.

Паразважаем. Як геаграфічнае і геапалітычнае становішча краіны ўплывае на яе ступень удзелу ў міжнародным геаграфічным падзеле працы? Чым адрозніваецца міжнародны геаграфічны падзел працы індустрыяльнай і постындустрыяльнай стадый развіцця сусветнай гаспадаркі? М. М. Баранскі назваў міжнародны геаграфічны падзел працы «душой сусветнай гаспадаркі». Як вы разумееце гэта выказванне?

У залежнасці ад тэрытарыяльнага ахопу існуе пяць прасторавых узроўняў МГПП (мал. 106).

У сацыяльна-эканамічнай геаграфіі вылучаюць тры гістарычна паслядоўныя тыпы МГПП — агульны, прыватны і адзінкавы (мал. 107). Напрыклад, у агульным падзеле працы Кенія і Шры-Ланка з’яўляюцца аграрнымі краінамі (экспарцёры чаю); Чылі (экспарцёр меднай руды), Катар, Іран (экспарцёры прыроднага газу) — сыравіннымі краінамі; Кітай (экспарцёр чыгуну, сталі), Рэспубліка Карэя (экспарцёр аўтамабіляў, бытавой тэхнікі і электронікі) — індустрыяльнымі. У прыватным падзеле працы Японія, напрыклад, спецыялізуецца на суднабудаванні, аўтамабілебудаванні, робататэхніцы; Германія — на вытворчасці аўтамабіляў і ўсіх відаў прадукцыі хімічнай прамысловасці; Францыя — на аэракасмічнай галіне і парфумернай індустрыі; Індыя — на вытворчасці чыгуну, сталі і фармацэўтыкі; Швейцарыя — на банкаўскіх паслугах. У адзінкавым падзеле працы ЗША, напрыклад, спецыялізуюцца на распрацоўцы праграмнага забеспячэння; Германія, Швейцарыя — на навуковых распрацоўках у галіне фармацэўтыкі; Малайзія, Інданезія — на зборцы мікраэлектронікі і бытавой тэхнікі.