§ 14. СУСВЕТНАЯ ГАСПАДАРКА, ФАРМІРАВАННЕ І РАЗВІЦЦЁ

*Асноўныя тэндэнцыі развіцця сусветнай гаспадаркі ў XXI стагоддзі. У канцы ХХ – пачатку ХХІ ст. сусветная гаспадарка ўступіла ў якасна новы этап свайго развіцця. Ён адрозніваецца ўзмацненнем эканамічнага ўзаемадзеяння і ўзаемазалежнасці, інтэрнацыяналізацыяй гаспадарчага жыцця паміж краінамі, дынамічным развіццём інтэграцыі, узрастаннем ролі ТНК.

Адбываецца павелічэнне разрыву ва ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця паміж дзяржавамі і фарміраванне некалькіх цэнтраў сусветнай гаспадаркі. У выніку сусветная гаспадарка з монацэнтрычнай структурай (з адным альбо двума лідзіруючымі цэнтрамі развіцця) ператвараецца ў поліцэнтрычную з адсутнасцю адзінага цэнтра і глыбокім спляценнем рынкаў розных рэгіёнаў і краін.

У галіновай структуры адбываецца скарачэнне долі сельскай гаспадаркі і інтэнсіўнае павелічэнне долі сферы паслуг, рост колькасці дзяржаў індустрыяльнага і постындустрыяльнага тыпаў.

Асноўнымі тэндэнцыямі ХХІ стагоддзя ў прасторавай структуры сусветнай гаспадаркі выступаюць:

1) нарастаючая роля краін Поўдня пры захаванні моцных пазіцый Поўначы;

2) узмацненне адрозненняў сацыяльна-эканамічнага развіцця ў краінах Поўдня;

3) пашырэнне краін Паўперыферыі за кошт паскоранага сацыяльна-эканамічнага развіцця шэрагу дзяржаў Азіі і Лацінскай Амерыкі пры звужэнні перыферыі і захаванні пазіцый Цэнтра.