*§ 8-1. ДЫНАМІКА КОЛЬКАСЦІ НАСЕЛЬНІЦТВА

Для вывучэння дынамікі колькасці насельніцтва выкарыстоўваюць шэраг паказчыкаў. Яны могуць быць дадатнымi, адмоўнымі і роўнымі нулю.

Асноўныя паказчыкі, якія вывучаюць дынаміку насельніцтва:

1) колькасць насельніцтва па гадах, чал.;

2) агульны рост альбо змяншэнне насельніцтва — гэта рознасць колькасці насельніцтва на пачатак і канец пэўнага часовага інтэрвалу;

3) сярэднегадавы тэмп росту насельніцтва (Sp):

img

дзе Рn — колькасць насельніцтва на канец перыяду; Ро — колькасць насельніцтва на пачатак перыяду; n — працягласць перыяду, %.

Існуе шкала краін па колькасці насельніцтва, якая прадстаўлена наступнымі групамі: 1) найбуйнейшыя краіны — з колькасцю насельніцтва больш за 500 млн чал.; 2) буйныя краіны — 100–500 млн; 3) паўсярэднія — 50–100 млн; 4) сярэднія — 20–50 млн; 5) малыя — 10–20 млн; 6) дробныя — 5–10 млн; 7) драбнюткія — менш за 5 млн чал.

У структуры свету дзяржавы з колькасцю менш за 5 млн чал. складаюць 40 %, а з колькасцю да 20 млн чал. — 30 %. Доля сярэдніх дзяржаў складае 17 %, паўсярэдніх — 7 %, буйных і найбуйнейшых — 6 %.

У Еўропе пераважаюць малыя, дробныя і драбнюткія дзяржавы. У рэгіёне адсутнічаюць буйныя дзяржавы па колькасці насельніцтва (без уліку Расіі). Сярод самых вялікіх па колькасці вылучаюцца, па даных за 2018 г., Германія, Вялікабрытанія, Францыя (мал. 55-1).

Мал. 55-1. Найбуйнейшыя па колькасці насельніцтва дзяржавы Еўропы, 2018 г., млн чал.

Свет і Беларусь. Да якой групы краін па колькасці насельніцтва адносіцца Рэспубліка Беларусь? Якая дынаміка характэрна для колькасці насельніцтва?

Амерыка характарызуецца перавагай у структуры дзвюх груп дзяржаў — сярэдніх (14 %) і з невялікай колькасцю насельніцтва — малых, дробных і драбнюткіх (больш за 60 %). Па даных за 2018 г., дзяржавамі з найбольшай колькасцю насельніцтва ў Амерыцы з'яўляюцца ЗША, Бразілія і Мексіка (мал. 55-2).

Мал. 55-2. Найбуйнейшыя па колькасці насельніцтва дзяржавы Амерыкі, 2018 г., млн чал.

Для Азіі характэрна наяўнасць усіх груп дзяржаў па колькасці насельніцтва. Тут размешчаны самыя буйныя дзяржавы свету па колькасці насельніцтва — Кітай і Індыя (мал. 55-3), а таксама самая вялікая колькасць дзяржаў з насельніцтвам звыш 100 млн чал. Значная доля сярэдніх і паўсярэдніх дзяржаў (у сярэднім каля 40 %), а таксама малых, дробных і драбнюткіх (у сярэднім каля 50 %). Разам з Кітаем і Індыяй самай буйной па колькасці насельніцтва дзяржавай у Азіі з'яўляецца Інданезія.

Мал. 55-3. Найбуйнейшыя па колькасці насельніцтва дзяржавы Азіі, 2018 г., млн чал.

У Афрыцы пераважаюць у структуры сярэднія і блізкія да іх па колькасці насельніцтва краіны. У рэгіёне адсутнічаюць найбуйнейшыя дзяржавы, і толькі дзве краіны — Нігерыя і Эфіопія — маюць насельніцтва звыш 100 млн чал. Па даных за 2018 г., трэцяе месца ў рэгіёне па колькасці насельніцтва займае Егіпет (мал. 55-4).

Мал. 55-4. Найбуйнейшыя па колькасці насельніцтва дзяржавы Афрыкі, 2018 г., млн чал.

Большасць дзяржаў Аўстраліі і Акіяніі (70 %) характарызуецца невялікай колькасцю насельніцтва — менш за 20 млн чалавек.

Праверым свае веды. Напішыце геаграфічную дыктоўку.
1. Колькасць насельніцтва на планеце ў пачатку XXI стагоддзя ...
2. Самы хуткарослы па колькасці насельніцтва рэгіён свету ...
3. Дэмаграфічны выбух — гэта ...
4. Адмоўны натуральны прырост характэрны для ...
5. Сістэма дзяржаўных мер, накіраваных на павелічэнне або памяншэнне нараджальнасці, называецца ...
6. «Адна сям'я — адно дзіця» — дэвіз ...
7. Высокая нараджальнасць, якая знiжае смяротнасць, высокі натуральны прырост характэрныя для ...
8. Дэмаграфічная зіма — гэта ...
9. Еўропа — рэгіён пераважна з ... тыпам узнаўлення.

Ад тэорыі да практыкі. Нанясіце на контурную карту краіны з прагрэсіўнай, стацыянарнай і рэгрэсіўнай узроставай структурай насельніцтва. Правядзіце SWOT-аналіз «Уплыў іміграцыі ў заходнееўрапейскіх краінах на дэмаграфічную сітуацыю».
Выканайце практычныя работы.
4. «Параўнальна-геаграфічная характарыстыка нараджальнасці насельніцтва свету» (на прыкладзе дзвюх краін, на выбар).
5. «Характар натуральнага руху насельніцтва ў развітых краiнах і краiнах, якія развіваюцца» (параўнанне дзвюх краiн, на выбар).
6. «Параўнальная характарыстыка полаўзроставай структуры насельніцтва развітых краiн i краiн, якія развіваюцца» (з пабудовай полаўзроставай піраміды, на прыкладзе дзвюх краін, на выбар).
7*. «Геаграфія дэмаграфічнага старэння» (праца з контурнай картай па шкале старэння).