§ 8. ТЭОРЫЯ ДЭМАГРАФІЧНАГА ПЕРАХОДУ

Дынаміка колькасці насельніцтва свету. Дынаміка колькасці насельніцтва — гэта змена колькасці насельніцтва на пэўнай тэрыторыі за пэўны прамежак часу, якая адбываецца пад уплывам двух дэмаграфічных фактараў — натуральнага руху і міграцыі насельніцтва.

У гісторыі развіцця чалавецтва для рэгіёнаў свету было характэрна рознае ўздзеянне гэтых фактараў. Так, сёння дамінуючым фактарам у краінах Еўропы выступае міграцыя, у Азіі і Акіяніі — натуральны прырост і міграцыя, у Афрыцы — натуральны прырост, у Амерыцы і Аўстраліі — міграцыя.

Паразважаем. Першая спроба ацаніць дынаміку колькасці насельніцтва і адказаць на пытанне: «Ці можа Зямля пракарміць усіх, хто на ёй жыве?» звязана з імем Томаса Мальтуса. Ён сцвярджаў, што колькасць насельніцтва ўзрастае ў геаметрычнай прагрэсіі, у той час як харчовыя рэсурсы — у арыфметычнай. Такім чынам, лінія росту насельніцтва перасячэцца з прамой росту харчовых рэсурсаў (мал. 53). Аўтар пісаў, што затармазіць рост насельніцтва могуць толькі войны, галеча і хваробы і папераджальныя сацыяльныя фактары, напрыклад больш позняе ўступленне ў шлюб. Ці магчыма прымяненне тэорыі Т. Мальтуса ў цяперашні час? Адказ аргументуйце.

Колькасць насельніцтва змяняецца таксама пад уплывам знешніх фактараў. У выніку войнаў, эпідэмій і голаду ва ўсіх рэгіёнах свету адбывалася доўгатэрміновае скарачэнне колькасці насельніцтва. Пры гэтым Азія гістарычна заўсёды была рэгіёнам з самай вялікай колькасцю насельніцтва. Астатнія рэгіёны мянялі сваю пазіцыю ў сусветным насельніцтве (табл. 1).

У свеце цікавага. 35–40 тыс. гадоў таму на Зямлі налічвалася ўсяго каля 1 млн прадстаўнікоў Homo sapiens (чалавек разумны). З тых часоў колькасць чалавецтва вырасла ў тысячы разоў. Пад 1650 г. яна складала прыкладна 0,5 млрд і павялічвалася прыблізна на 0,3 % у год, што прыкладна адпавядала часу падваення, роўнаму 250 гадам. Да 1900 г. колькасць насельніцтва дасягнула 1,6 млрд пры гадавых тэмпах прыросту 0,5 % і часу падваення 140 гадоў. У 1970 г. яна ўжо была роўная 3,6 млрд, а тэмпы прыросту павялічыліся да 2,1 % у год.

Па даных за 2019 г., колькасць насельніцтва свету склала 7536 млн чалавек. 60 % яго пражывае ў Азіі, 13 — у Амерыцы, 17 % — у Афрыцы. Доля Еўропы ў сусветным насельніцтве скарачаецца і складае 10 %.

Для дынамікі колькасці насельніцтва свету характэрны рост. Аднак тэмпы росту пастаянна скарачаюцца як у развітых краінах, так і ў краінах, якія развіваюцца. У сярэдзіне ХХ ст. насельніцтва свету павялічвалася на 2,0 % у год, у ХХІ ст. — на 1,1 %. У цэлым у другой палове ХХ – пачатку ХXI ст. у свеце назіраецца павелічэнне разрыву ў колькасці насельніцтва паміж развітымі дзяржавамі, і дзяржавамі, якія развіваюцца (мал. 54).

Многія развітыя краіны характарызуюцца адмоўнай штогадовай дынамікай (напр., Японія, Германія, Італія), у той час як большасць краін, якія развіваюцца, — станоўчай (напр., Нігерыя, Егіпет, Малайзія).

Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце краіны з прагрэсіўнай, стацыянарнай і рэгрэсіўнай узроставай структурай насельніцтва. Растлумачце ўзаемасувязь узроставай структуры і характару дынамікі колькасці насельніцтва.

Доля насельніцтва краін, якія развіваюцца, у колькасці насельніцтва свету расце і складае 83 %, доля насельніцтва развітых краін скарачаецца — 17 %.

У сусветнай колькасці насельніцтва за больш чым паўвекавы перыяд гістарычнага развіцця сфарміравалася група дзяржаў, якія лідзіруюць па колькасці насельніцтва. Сярод іх вылучаецца стабільная дэмаграфічная тройка (Кітай, Індыя і ЗША), доля якіх у сусветным насельніцтве складае 40 %. У ХХI ст. у першай дзясятцы па колькасці насельніцтва пераважаюць краіны, якія развіваюцца (мал. 55).

Па даных за 2019 г., у першую дзясятку па колькасці насельніцтва ўваходзяць Кітай (1398 млн чал.), Індыя (1392), ЗША (329), Інданезія (268), Пакістан (217), Бразілія (209), Нігерыя (201), Бангладэш (164), Расія (147) і Мексіка (127 млн чал.).

Папрацуем з атласам. Знайдзіце на палітычнай карце свету дзясятку краін з найбольшай колькасцю насельніцтва.