§ 8. ТЭОРЫЯ ДЭМАГРАФІЧНАГА ПЕРАХОДУ

Першы, Другі і Трэці дэмаграфічныя пераходы. Нараджальнасць, смяротнасць, характар натуральнага руху насельніцтва свету змяняюцца ў гісторыі чалавецтва пад уплывам сацыяльна-эканамічных і шэрага іншых фактараў. У выніку адбываецца змена тыпаў узнаўлення насельніцтва, якая ў рэгіёнах і краінах свету праходзіць у розны час. Тлумачэнне дынамікі дэмаграфічных працэсаў і паслядоўнасці змены тыпаў узнаўлення дае тэорыя дэмаграфічнага пераходу.

Дэмаграфічны пераход — гэта карэнныя дэмаграфічныя перамены ў гісторыі чалавецтва, якія характарызуюцца пераходам ад высокага ўзроўню нараджальнасці і смяротнасці насельніцтва да нізкага і прыводзяць да змены тыпаў узнаўлення насельніцтва.

Упершыню аб гістарычнай змене тыпаў узнаўлення пад уплывам як біялагічных законаў, так і сацыяльна-эканамічных умоў напісаў у 1909 г. французскі дэмограф А. Ландры (мал. 49).

Пазней, у 1945 г., амерыканскім дэмографам Ф. Наутстайнам (мал. 50) быў прапанаваны тэрмін «дэмаграфічны пераход» і яго тлумачэнне.

Тэорыя дэмаграфічнага пераходу (ДП) тлумачыць асаблівасці дэмаграфічнай сітуацыі ў свеце, рэгіёнах і краінах з эканамічным ростам і сацыяльным прагрэсам. Пасля ён быў названы Першым дэмаграфічным пераходам. Вылучаюць чатыры стадыі дэмаграфічнага пераходу (мал. 51). Для першай стадыі характэрныя высокі ўзровень нараджальнасці і смяротнасці, ваганні колькасці насельніцтва, нізкі натуральны прырост, якія стрымліваюць рост колькасці насельніцтва. Такая сітуацыя была ўласцівая ўсім грамадствам у першабытную эпоху. У цяперашні час краін на гэтай стадыі няма.

На другой стадыі захоўваецца высокая нараджальнасць, пачынае зніжацца смяротнасць, расце працягласць жыцця. За кошт гэтага павялічваецца натуральны прырост, які да моманту заканчэння стадыі дасягае найвышэйшых у гісторыі значэнняў. Адбываецца пачатковы рост колькасці насельніцтва. Сёння гэта стадыя характэрная для большасці краін Афрыкі і найменш эканамічна развітых краін Азіі.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Зніжэнне смяротнасці было звязана з пераходам ад палявання і збіральніцтва да земляробства і жывёлагадоўлі, калі з’явіліся запасы харчавання на выпадкі засухі, голаду і паводак. Паляпшэнне харчовага забеспячэння стварыла ўмовы для прыросту насельніцтва.

Трэцяя стадыя звязана з пачаткам развіцця капіталізму. Яна характарызуецца працягам зніжэння смяротнасці, але яшчэ больш хуткім зніжэннем нараджальнасці. Натуральны прырост пачынае змяншацца, але рост колькасці насельніцтва захоўваецца. У ХХI ст. на гэтай стадыі знаходзіцца большасць краін Лацінскай Амерыкі і асобныя краіны Азіі.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Зніжэнне нараджальнасці тлумачыцца індустрыялізацыяй і ўрбанізацыяй. Павышаецца якасць жыцця, растуць выдаткі на выхаванне дзяцей, жанчыны ўцягваюцца ў вытворчасць. Пачынаюць шырока распаўсюджвацца медыцынскія сродкі рэгулявання нараджальнасці.

На чацвёртай стадыі, якая адпавядае пераходу ад індустрыяльнага да постындустрыяльнага грамадства, адбываецца далейшае зніжэнне і стабілізацыя нараджальнасці і колькасці насельніцтва. Смяротнасць пад уплывам старэння насельніцтва пачынае павольна ўзрастаць. Першым рэгіёнам, які ўступіў у гэту стадыю, была Еўропа. У канцы ХХ ст. да яе далучыліся краіны Паўночнай (ЗША і Канада) і Паўднёвай (Уругвай, Аргенціна) Амерыкі, а таксама Японія, Аўстралія, Новая Зеландыя. У ХХI ст. большасць эканамічна развітых краін свету знаходзіцца на гэтай стадыі.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Па меры паляпшэння якасці харчавання і аховы здароўя смяротнасць памяншаецца. Але як толькі людзі ўцягваюцца ў лад жыцця высокаразвітога індустрыяльнага і постындустрыяльнага грамадства, нараджальнасць зніжаецца і тэмпы росту колькасці насельніцтва памяншаюцца.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як па меры развіцця чалавечага грамадства змянялася ўзнаўленне насельніцтва планеты? Перад вамі, як будучымі кіраўнікамі, стаіць задача палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў вашым рэгіёне. Якую стратэгію вы выбераце, вырашаючы дадзенае пытанне?

У канцы ХХ ст. у шэрагу эканамічна развітых краін пачынаюць ізноў адбывацца карэнныя дэмаграфічныя перамены, што лягло ў аснову тэорыі Другога дэмаграфічнага пераходу, або пятай стадыі Першага дэмаграфічнага пераходу (мал. 52). Галоўнай яго асаблівасцю з’яўляецца зніжэнне нараджальнасці ніжэй за ўзровень, які забяспечвае простае ўзнаўленне насельніцтва, з-за адсутнасці матывацыі мець дзяцей. Геаграфія Другога дэмаграфічнага пераходу прадстаўлена ў асноўным эканамічна высокаразвітымі краінамі і шэрагам краін з пераходнай эканомікай.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Другі дэмаграфічны пераход праяўляецца ў выглядзе росту сярэдняга ўзросту заключэння шлюбу і нараджэння першага дзіцяці, павелічэння інтэрвалаў паміж родамі, павышэння ролі нараджальнасці па-за афіцыйнага шлюбу, павелічэння долі людзей, якія ніколі не ўступалі ў зарэгістраваны шлюб і не мелі ніводнага дзіцяці.

Тэорыі Першага і Другога дэмаграфічных пераходаў не прымаюць пад увагу міграцыю. Аднак у апошні час яна ўносіць значны ўклад у фарміраванне насельніцтва Еўропы, Паўночнай Амерыкі і Аўстраліі. Да пачатку XXI ст. міграцыйны прырост стаў галоўным працэсам у дынаміцы колькасці насельніцтва большасці еўрапейскіх краін, дзе смяротнасць перавышае нараджальнасць. У сувязі з гэтым узнікла тэорыя Трэцяга дэмаграфічнага пераходу — асобай фазы развіцця насельніцтва краіны, на працягу якой на дынаміку колькасці, склад насельніцтва і ў цэлым сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны вызначальны ўплыў аказвае міграцыя.

Паразважаем. Ці згодныя вы са сцвярджэннем С. П. Капіцы, вядомага вучонага-фізіка, які займаўся і праблемамі дэмаграфіі, аб тым, што «дэмаграфічны пераход — фундаментальная з’ява ў развіцці чалавецтва, якая закранае ўсе бакі нашага быцця»?

Свет і Беларусь. Прааналізуйце змену дэмаграфічнай сітуацыі ў канцы XX – пачатку XXI ст. у Рэспубліцы Беларусь. Як вы думаеце, які дэмаграфічны пераход характэрны для нашай краіны? Абгрунтуйце свой адказ.