Печатать книгуПечатать книгу

§ 8. ТЭОРЫЯ ДЭМАГРАФІЧНАГА ПЕРАХОДУ

Успамінаем. Якія фактары ўплываюць на дэмаграфічную сітуацыю ў краіне? Што такое дэмаграфічны выбух? З якімі фактарамі сацыяльна-эканамічнага развіцця звязаны дэмаграфічны выбух?

Для чаго мы гэта вывучаем? Для чаго дзяржаве неабходна рэгуляваць рост колькасці насельніцтва краіны? Якія праблемы цягне за сабой рэзкая змена колькасці насельніцтва? Да якіх наступстваў можа прывесці ўстойлівае зніжэнне нараджальнасці насельніцтва і павелічэнне яго смяротнасці ў выніку старэння?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 10 клас
Книга: § 8. ТЭОРЫЯ ДЭМАГРАФІЧНАГА ПЕРАХОДУ
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 4 Май 2024, 21:52

Першы, Другі і Трэці дэмаграфічныя пераходы. Нараджальнасць, смяротнасць, характар натуральнага руху насельніцтва свету змяняюцца ў гісторыі чалавецтва пад уплывам сацыяльна-эканамічных і шэрага іншых фактараў. У выніку адбываецца змена тыпаў узнаўлення насельніцтва, якая ў рэгіёнах і краінах свету праходзіць у розны час. Тлумачэнне дынамікі дэмаграфічных працэсаў і паслядоўнасці змены тыпаў узнаўлення дае тэорыя дэмаграфічнага пераходу.

Дэмаграфічны пераход — гэта карэнныя дэмаграфічныя перамены ў гісторыі чалавецтва, якія характарызуюцца пераходам ад высокага ўзроўню нараджальнасці і смяротнасці насельніцтва да нізкага і прыводзяць да змены тыпаў узнаўлення насельніцтва.

Упершыню аб гістарычнай змене тыпаў узнаўлення пад уплывам як біялагічных законаў, так і сацыяльна-эканамічных умоў напісаў у 1909 г. французскі дэмограф А. Ландры (мал. 49).

Пазней, у 1945 г., амерыканскім дэмографам Ф. Наутстайнам (мал. 50) быў прапанаваны тэрмін «дэмаграфічны пераход» і яго тлумачэнне.

Тэорыя дэмаграфічнага пераходу (ДП) тлумачыць асаблівасці дэмаграфічнай сітуацыі ў свеце, рэгіёнах і краінах з эканамічным ростам і сацыяльным прагрэсам. Пасля ён быў названы Першым дэмаграфічным пераходам. Вылучаюць чатыры стадыі дэмаграфічнага пераходу (мал. 51). Для першай стадыі характэрныя высокі ўзровень нараджальнасці і смяротнасці, ваганні колькасці насельніцтва, нізкі натуральны прырост, якія стрымліваюць рост колькасці насельніцтва. Такая сітуацыя была ўласцівая ўсім грамадствам у першабытную эпоху. У цяперашні час краін на гэтай стадыі няма.

На другой стадыі захоўваецца высокая нараджальнасць, пачынае зніжацца смяротнасць, расце працягласць жыцця. За кошт гэтага павялічваецца натуральны прырост, які да моманту заканчэння стадыі дасягае найвышэйшых у гісторыі значэнняў. Адбываецца пачатковы рост колькасці насельніцтва. Сёння гэта стадыя характэрная для большасці краін Афрыкі і найменш эканамічна развітых краін Азіі.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Зніжэнне смяротнасці было звязана з пераходам ад палявання і збіральніцтва да земляробства і жывёлагадоўлі, калі з’явіліся запасы харчавання на выпадкі засухі, голаду і паводак. Паляпшэнне харчовага забеспячэння стварыла ўмовы для прыросту насельніцтва.

Трэцяя стадыя звязана з пачаткам развіцця капіталізму. Яна характарызуецца працягам зніжэння смяротнасці, але яшчэ больш хуткім зніжэннем нараджальнасці. Натуральны прырост пачынае змяншацца, але рост колькасці насельніцтва захоўваецца. У ХХI ст. на гэтай стадыі знаходзіцца большасць краін Лацінскай Амерыкі і асобныя краіны Азіі.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Зніжэнне нараджальнасці тлумачыцца індустрыялізацыяй і ўрбанізацыяй. Павышаецца якасць жыцця, растуць выдаткі на выхаванне дзяцей, жанчыны ўцягваюцца ў вытворчасць. Пачынаюць шырока распаўсюджвацца медыцынскія сродкі рэгулявання нараджальнасці.

На чацвёртай стадыі, якая адпавядае пераходу ад індустрыяльнага да постындустрыяльнага грамадства, адбываецца далейшае зніжэнне і стабілізацыя нараджальнасці і колькасці насельніцтва. Смяротнасць пад уплывам старэння насельніцтва пачынае павольна ўзрастаць. Першым рэгіёнам, які ўступіў у гэту стадыю, была Еўропа. У канцы ХХ ст. да яе далучыліся краіны Паўночнай (ЗША і Канада) і Паўднёвай (Уругвай, Аргенціна) Амерыкі, а таксама Японія, Аўстралія, Новая Зеландыя. У ХХI ст. большасць эканамічна развітых краін свету знаходзіцца на гэтай стадыі.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Па меры паляпшэння якасці харчавання і аховы здароўя смяротнасць памяншаецца. Але як толькі людзі ўцягваюцца ў лад жыцця высокаразвітога індустрыяльнага і постындустрыяльнага грамадства, нараджальнасць зніжаецца і тэмпы росту колькасці насельніцтва памяншаюцца.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як па меры развіцця чалавечага грамадства змянялася ўзнаўленне насельніцтва планеты? Перад вамі, як будучымі кіраўнікамі, стаіць задача палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў вашым рэгіёне. Якую стратэгію вы выбераце, вырашаючы дадзенае пытанне?

У канцы ХХ ст. у шэрагу эканамічна развітых краін пачынаюць ізноў адбывацца карэнныя дэмаграфічныя перамены, што лягло ў аснову тэорыі Другога дэмаграфічнага пераходу, або пятай стадыі Першага дэмаграфічнага пераходу (мал. 52). Галоўнай яго асаблівасцю з’яўляецца зніжэнне нараджальнасці ніжэй за ўзровень, які забяспечвае простае ўзнаўленне насельніцтва, з-за адсутнасці матывацыі мець дзяцей. Геаграфія Другога дэмаграфічнага пераходу прадстаўлена ў асноўным эканамічна высокаразвітымі краінамі і шэрагам краін з пераходнай эканомікай.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Другі дэмаграфічны пераход праяўляецца ў выглядзе росту сярэдняга ўзросту заключэння шлюбу і нараджэння першага дзіцяці, павелічэння інтэрвалаў паміж родамі, павышэння ролі нараджальнасці па-за афіцыйнага шлюбу, павелічэння долі людзей, якія ніколі не ўступалі ў зарэгістраваны шлюб і не мелі ніводнага дзіцяці.

Тэорыі Першага і Другога дэмаграфічных пераходаў не прымаюць пад увагу міграцыю. Аднак у апошні час яна ўносіць значны ўклад у фарміраванне насельніцтва Еўропы, Паўночнай Амерыкі і Аўстраліі. Да пачатку XXI ст. міграцыйны прырост стаў галоўным працэсам у дынаміцы колькасці насельніцтва большасці еўрапейскіх краін, дзе смяротнасць перавышае нараджальнасць. У сувязі з гэтым узнікла тэорыя Трэцяга дэмаграфічнага пераходу — асобай фазы развіцця насельніцтва краіны, на працягу якой на дынаміку колькасці, склад насельніцтва і ў цэлым сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны вызначальны ўплыў аказвае міграцыя.

Паразважаем. Ці згодныя вы са сцвярджэннем С. П. Капіцы, вядомага вучонага-фізіка, які займаўся і праблемамі дэмаграфіі, аб тым, што «дэмаграфічны пераход — фундаментальная з’ява ў развіцці чалавецтва, якая закранае ўсе бакі нашага быцця»?

Свет і Беларусь. Прааналізуйце змену дэмаграфічнай сітуацыі ў канцы XX – пачатку XXI ст. у Рэспубліцы Беларусь. Як вы думаеце, які дэмаграфічны пераход характэрны для нашай краіны? Абгрунтуйце свой адказ.

Дынаміка колькасці насельніцтва свету. Дынаміка колькасці насельніцтва — гэта змена колькасці насельніцтва на пэўнай тэрыторыі за пэўны прамежак часу, якая адбываецца пад уплывам двух дэмаграфічных фактараў — натуральнага руху і міграцыі насельніцтва.

У гісторыі развіцця чалавецтва для рэгіёнаў свету было характэрна рознае ўздзеянне гэтых фактараў. Так, сёння дамінуючым фактарам у краінах Еўропы выступае міграцыя, у Азіі і Акіяніі — натуральны прырост і міграцыя, у Афрыцы — натуральны прырост, у Амерыцы і Аўстраліі — міграцыя.

Паразважаем. Першая спроба ацаніць дынаміку колькасці насельніцтва і адказаць на пытанне: «Ці можа Зямля пракарміць усіх, хто на ёй жыве?» звязана з імем Томаса Мальтуса. Ён сцвярджаў, што колькасць насельніцтва ўзрастае ў геаметрычнай прагрэсіі, у той час як харчовыя рэсурсы — у арыфметычнай. Такім чынам, лінія росту насельніцтва перасячэцца з прамой росту харчовых рэсурсаў (мал. 53). Аўтар пісаў, што затармазіць рост насельніцтва могуць толькі войны, галеча і хваробы і папераджальныя сацыяльныя фактары, напрыклад больш позняе ўступленне ў шлюб. Ці магчыма прымяненне тэорыі Т. Мальтуса ў цяперашні час? Адказ аргументуйце.

Колькасць насельніцтва змяняецца таксама пад уплывам знешніх фактараў. У выніку войнаў, эпідэмій і голаду ва ўсіх рэгіёнах свету адбывалася доўгатэрміновае скарачэнне колькасці насельніцтва. Пры гэтым Азія гістарычна заўсёды была рэгіёнам з самай вялікай колькасцю насельніцтва. Астатнія рэгіёны мянялі сваю пазіцыю ў сусветным насельніцтве (табл. 1).

У свеце цікавага. 35–40 тыс. гадоў таму на Зямлі налічвалася ўсяго каля 1 млн прадстаўнікоў Homo sapiens (чалавек разумны). З тых часоў колькасць чалавецтва вырасла ў тысячы разоў. Пад 1650 г. яна складала прыкладна 0,5 млрд і павялічвалася прыблізна на 0,3 % у год, што прыкладна адпавядала часу падваення, роўнаму 250 гадам. Да 1900 г. колькасць насельніцтва дасягнула 1,6 млрд пры гадавых тэмпах прыросту 0,5 % і часу падваення 140 гадоў. У 1970 г. яна ўжо была роўная 3,6 млрд, а тэмпы прыросту павялічыліся да 2,1 % у год.

Па даных за 2019 г., колькасць насельніцтва свету склала 7536 млн чалавек. 60 % яго пражывае ў Азіі, 13 — у Амерыцы, 17 % — у Афрыцы. Доля Еўропы ў сусветным насельніцтве скарачаецца і складае 10 %.

Для дынамікі колькасці насельніцтва свету характэрны рост. Аднак тэмпы росту пастаянна скарачаюцца як у развітых краінах, так і ў краінах, якія развіваюцца. У сярэдзіне ХХ ст. насельніцтва свету павялічвалася на 2,0 % у год, у ХХІ ст. — на 1,1 %. У цэлым у другой палове ХХ – пачатку ХXI ст. у свеце назіраецца павелічэнне разрыву ў колькасці насельніцтва паміж развітымі дзяржавамі, і дзяржавамі, якія развіваюцца (мал. 54).

Многія развітыя краіны характарызуюцца адмоўнай штогадовай дынамікай (напр., Японія, Германія, Італія), у той час як большасць краін, якія развіваюцца, — станоўчай (напр., Нігерыя, Егіпет, Малайзія).

Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце краіны з прагрэсіўнай, стацыянарнай і рэгрэсіўнай узроставай структурай насельніцтва. Растлумачце ўзаемасувязь узроставай структуры і характару дынамікі колькасці насельніцтва.

Доля насельніцтва краін, якія развіваюцца, у колькасці насельніцтва свету расце і складае 83 %, доля насельніцтва развітых краін скарачаецца — 17 %.

У сусветнай колькасці насельніцтва за больш чым паўвекавы перыяд гістарычнага развіцця сфарміравалася група дзяржаў, якія лідзіруюць па колькасці насельніцтва. Сярод іх вылучаецца стабільная дэмаграфічная тройка (Кітай, Індыя і ЗША), доля якіх у сусветным насельніцтве складае 40 %. У ХХI ст. у першай дзясятцы па колькасці насельніцтва пераважаюць краіны, якія развіваюцца (мал. 55).

Па даных за 2019 г., у першую дзясятку па колькасці насельніцтва ўваходзяць Кітай (1398 млн чал.), Індыя (1392), ЗША (329), Інданезія (268), Пакістан (217), Бразілія (209), Нігерыя (201), Бангладэш (164), Расія (147) і Мексіка (127 млн чал.).

Папрацуем з атласам. Знайдзіце на палітычнай карце свету дзясятку краін з найбольшай колькасцю насельніцтва.

Прагноз колькасці насельніцтва свету. Па прагнозах ААН, колькасць насельніцтва свету будзе паступова павялічвацца і да 2020 г. дасягне 7,8 млрд чалавек, а да 2050 г. — 9,7 млрд чалавек. Сярод развітых рэгіёнаў Еўропа будзе характарызавацца скарачэннем колькасці насельніцтва да 2050 г. да 716 млн чал., у той час як у Паўночнай Амерыцы прагназуецца далейшы рост да 434 млн чалавек. Ва ўсіх рэгіёнах, якія развіваюцца, прагназуецца рост колькасці насельніцтва да 2050 г.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Далейшы рост колькасці насельніцтва свету будзе адбывацца пры запавольванні штогадовых тэмпаў, якія ў параўнанні з 2010 г. паменшацца больш чым на 30 %. Найбуйнейшымі краінамі па колькасці насельніцтва прагназуюцца Індыя (1659 млн чал.), Кітай (1364), Нігерыя (410), ЗША (389), Інданезія (321 млн чал.).

Падвядзём вынікі. Тэорыя дэмаграфічнага пераходу распрацавана ... у 1945 г. Тэорыя звязвае асаблівасці дэмаграфічнай сітуацыі з эканамічным ростам. У ім вылучаюць ... стадыі дэмаграфічнага развіцця, якія краіны і рэгіёны праходзяць у розны час.

Першы дэмаграфічны пераход праявіўся ў ..., Другі ... — у арганізацыі жыцця сям’і і яе форм, Трэці пераход разглядае ў якасці асноўнага фактару змены колькасці насельніцтва ... .

Праверым свае веды. 1. У чым заключаецца тэорыя дэмаграфічнага пераходу? 2. Ахарактарызуйце чатыры стадыі дэмаграфічнага пераходу. 3. Як зменіцца колькасць насельніцтва па рэгіёнах свету да 2050 г.?

Ад простага да складанага. 1. Ці маюць развітыя краіны свету прамыя адносіны да глабальнай дэмаграфічнай праблемы? Чаму адны краіны могуць вырашыць дэмаграфічную праблему, а іншыя — не? 2. Прывядзіце станоўчыя і адмоўныя прыклады вырашэння дэмаграфічнай праблемы. Сёння дэмографы звязваюць Трэці дэмаграфічны пераход з іміграцыяй ў краінах з нізкай нараджальнасцю, перш за ўсё еўрапейскіх. Чаму іміграцыя стала асноўнай прычынай Трэцяга дэмаграфічнага пераходу? Да якіх наступстваў гэта можа прывесці?

Ад тэорыі да практыкі. Выканайце практычную работу «Складанне дэмаграфічнага профілю развітых дзяржаў і дзяржаў, якія развіваюцца» (на прыкладзе дзвюх дзяржаў на выбар), па тыпавым плане (гл. дадатак 1).

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт Інстытута дэмаграфіі Нацыянальнага даследчага ўніверсітэта «Вышэйшая школа эканомікі» (Расія, г. Масква).
Сайт дэмаграфічнага штотыднёвіка «Насельніцтва і грамадства».