§ 6. ДЭМАГРАФІЧНЫЯ ПРАЦЭСЫ І ІХ ГЕАГРАФІЯ

Пры скарачэнні смяротнасці насельніцтва ў свеце адбываецца павелічэнне працягласці жыцця. Калі ў 1950-я гг. яна складала 47,7 года, то ў ХХІ ст. — 72 гады. Рост працягласці жыцця характэрны як для развітых, так і для краін, якія развіваюцца. Разрыў паміж імі скарачаецца і складае 10 гадоў. Працягласць жыцця насельніцтва ў развітых краінах роўная 79 гадам, у краінах, якія развіваюцца, — 69 гадам. Даўжэй за ўсіх у свеце — да 83 гадоў — жывуць жыхары Японіі, менш за ўсіх — у Свазілендзе — да 49 гадоў.

У мужчын і жанчын працягласць жыцця адрозніваецца. Як правіла, працягласць жыцця жанчын вышэйшая, чым у мужчын. Гэта заканамернасць выяўляецца ва ўсіх рэгіёнах свету. Таму пры аналізе сучаснай геаграфіі працягласці жыцця важна ўлічваць два паказчыкі: сярэднюю працягласць жыцця мужчын і сярэднюю працягласць жыцця жанчын. Мужчыны ў сярэднім у свеце ў цяперашні час жывуць 70 гадоў, жанчыны — 74 гады.

Больш за ўсё мужчын-доўгажыхароў пражывае ў Швейцарыі, Ісландыі і Ліхтэнштэйне (да 81 года). Пры гэтым толькі да 49 гадоў жывуць мужчыны ДР Конга і Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі (мал. 39-3). Даўжэй за ўсіх у свеце жывуць жанчыны Сан-Марына (89 гадоў) і Японіі (86 гадоў), менш за ўсіх у Свазілендзе — да 48 гадоў (мал. 39-4).

Мал. 39-3. Геаграфія сярэдняй працягласці жыцця мужчын, 2016, гадоў
Мал. 39-4. Геаграфія сярэдняй працягласці жыцця жанчын, 2016, гадоў