§ 6. ДЭМАГРАФІЧНЫЯ ПРАЦЭСЫ І ІХ ГЕАГРАФІЯ

СНІД (сіндром набытага імуннага дэфіцыту) з'яўляецца пандэміяй XXI стагоддзя і адной з найважнейшых прычын смяротнасці ў свеце. Эпідэміёлагі сыходзяцца ў меркаванні, што вірус імунадэфіцыту чалавека бярэ свой пачатак у Цэнтральнай Афрыцы.

У 2017 г. з ВІЧ у свеце жылі 36,9 млн чалавек. З іх каля 22 млн, у тым ліку 1,8 млн дзяцей, не маюць доступу да лячэння ад ВІЧ. Пры гэтым колькасць людзей, якія памерлі ад СНІДу, склала 940 тыс. чалавек. Каля 70 % ВІЧ-інфіцыраваных пражываюць у краінах Афрыкі, размешчаных на поўдзень ад Сахары. У 2017 г. смяротнасць інфіцыраванага насельніцтва гэтага рэгіёна склала 660 тыс. чал. Другое месца ў свеце па колькасці памерлых ад СНІДу займае Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён — 170 тыс. чал., трэцяе — з прыкладна роўнымі паказчыкамі — каля 35 тыс. чал. — Лацінская Амерыка і Усходняя Еўропа з Цэнтральнай Азіяй. Найменшай колькасцю памерлых ад СНІДу характарызуюцца краіны Блізкага Усходу, Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, Паўночнай Амерыкі. Найбольшая доля ВІЧ-інфіцыраваных ад колькасці дарослага насельніцтва (15–49 гадоў), якая перавышае 20 %, засяроджана ў Свазілендзе, Лесота і Батсване (мал. 39-1).

Мал. 39-1. Доля насельніцтва з ВІЧ / СНІД
ад колькасці насельніцтва ва ўзросце 15–49 гадоў, ‰