§ 6. ДЭМАГРАФІЧНЫЯ ПРАЦЭСЫ І ІХ ГЕАГРАФІЯ

Смяротнасць. Смяротнасць насельніцтва з’яўляецца другім найважнейшым дэмаграфічным працэсам, які залежыць ад вялікай колькасці фактараў. Да ліку асноўных адносяцца: прыродна-кліматычны, генетычны, дэмаграфічны, сацыяльна-эканамічны (узровень дабрабыту, род заняткаў, жыллёвыя ўмовы, санітарыя, доступ да чыстай вады і інш.), культурны, палітычны, экалагічны, характар рассялення і інш. У другой палове ХХ ст. прычынай павелічэння смяротнасці стаў СНІД, які ўяўляе з сябе сур’ёзную пагрозу для развіцця.

Для вывучэння смяротнасці насельніцтва асноўным паказчыкам выступае агульны каэфіцыент смяротнасці (АКС — адносіны абсалютнай колькасці памерлых за год да сярэднегадавой колькасці насельніцтва ў разліку на 1000 чалавек, вымяраецца ў праміле (‰)).

У свеце цікавага. Па даных Бюро перапісаў ЗША, штогод у свеце абсалютная колькасць смярцей складае: у год — 56 545 138 чал., у месяц — 4 712 095 чал., у дзень — 154 918 чал., у гадзіну — 6455 чал., у мінуту — 108 чал., у секунду — 1,8 чал.

Геаграфія смяротнасці насельніцтва ў свеце ў параўнанні з нараджальнасцю не мае значных рэгіянальных адрозненняў. Гэта тлумачыцца тым, што поспехі аховы здароўя сталі насіць глабальны характар, у выніку чаго з’явілася магчымасць іх распаўсюджвання на ўсе краіны.

Для дынамікі смяротнасці насельніцтва, як і для нараджальнасці, характэрна яе зніжэнне з другой паловы ХХ ст. Гэта абумоўлена паляпшэннем санітарных умоў (ліквідацыя прычын распаўсюджвання хвароб; кантроль за якасцю ежы, вады, паветра і інш.), развіццём аховы здароўя (адкрыццё пеніцыліну, антыбіётыкаў), паляпшэннем умоў жыцця.

Агульны каэфіцыент смяротнасці насельніцтва свету па даных за 2019 г. склаў 7 ‰. Пры гэтым у развітых краінах смяротнасць вышэйшая (10 ‰), чым у краінах, якія развіваюцца (7 ‰) (мал. 39). Гэта тлумачыцца павелічэннем колькасці насельніцтва ў старэйшых узростах — дэмаграфічным старэннем.

Максімальныя значэнні смяротнасці насельніцтва характэрныя як для краін, якія развіваюцца (з перавагай краін Афрыкі), так і для краін Еўропы. Мінімальныя — для дзяржаў Паўднёва-Заходняй Азіі, якія развіваюцца. У 2019 г. максімум смяротнасці быў у Балгарыі, Латвіі, Сербіі, Лесота — 15 ‰, мінімум — у Катары і Аб’яднаных Арабскіх Эміратах (ААЭ) — 1 ‰.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Выкарыстаўшы матэрыялы вучэбнага дапаможніка 8-га класа і ўспомніўшы спецыялізацыю краін у міжнародным падзеле працы, растлумачце, якія фактары могуць аказваць уплыў на нізкую смяротнасць насельніцтва ў краінах Паўднёва-Заходняй Азіі.

Свет і Беларусь. Смяротнасць насельніцтва Беларусі складае 12,7 ‰, што вышэй, чым у сярэднім у Еўропе. З 1980-х гг. з-за старэння ўзроставага складу насельніцтва і іншых фактараў смяротнасць у краіне ўзрастала аж да 2010 г., пасля чаго пачала зніжацца. Смяротнасць у нашай краіне блізкая да паказчыкаў, напрыклад, Расіі, Літвы і Румыніі.