§ 6. ДЭМАГРАФІЧНЫЯ ПРАЦЭСЫ І ІХ ГЕАГРАФІЯ

Геаграфія нараджальнасці і смяротнасці насельніцтва свету. Нараджальнасць уплывае на рост насельніцтва і змяняе яго ўзроставую структуру. У сваю чаргу на нараджальнасць аказваюць уплыў многія фактары (мал. 37). Галоўным з’яўляецца здароўе жанчыны і мужчыны.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Яшчэ ў Старажытным Рыме было заўважана, што ў забяспечаных сем’ях нараджальнасць ніжэйшая, чым у бедных. Яна можа змяняцца таксама пад уплывам таго, якое значэнне дзіцяці ў сям’і; становішча жанчыны ў грамадстве, яе адукацыі і даходаў; дэмаграфічных традыцый; тыпу рассялення; рэлігіі; палітычнага становішча; дэмаграфічнай палітыкі і інш.

Для вывучэння нараджальнасці, параўнання і ўстанаўлення адрозненняў паміж краінамі выкарыстоўваюць агульны каэфіцыент нараджальнасці (АКН). Ён разлічваецца як адносіны абсалютнай колькасці нараджэнняў за год да сярэднегадавой колькасці насельніцтва ў разліку на 1000 чалавек, вымяраецца ў праміле (‰).

У свеце цікавага. Цікавыя факты аб хуткасці нараджэнняў насельніцтва ў свеце. Па даных Бюро перапісаў ЗША, штогод у свеце абсалютная колькасць нараджэнняў складае: у год — 133 940 516 чал., у месяц — 10 995 043 чал., у дзень — 361 481 чал., у гадзіну — 15 062 чал., у мінуту — 251 чал., у секунду — 4,2 чал.

Агульны каэфіцыент нараджальнасці насельніцтва свету па даных за 2019 г. склаў 19 ‰.

Геаграфія нараджальнасці насельніцтва ў свеце разнастайная і характарызуецца адрозненнямі паміж рэгіёнамі і групамі краін па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця. У развітых краінах нараджальнасць ніжэйшая за сусветны ўзровень і складае 11 ‰. Гэта тлумачыцца перш за ўсё больш высокім узроўнем сацыяльна-эканамічнага развіцця, становішчам жанчыны ў грамадстве — больш высокім узроўнем яе адукацыі, даходаў і інш. У краінах, якія развіваюцца, нараджальнасць насельніцтва перавышае сусветнае значэнне. У гэтай групе краін на кожную 1000 жыхароў нараджаецца 21 чалавек (мал. 38).

Максімальныя значэнні нараджальнасці характэрныя для краін, якія развіваюцца (пераважна Афрыкі), мінімальныя — для развітых з перавагай краін Еўропы. У 2019 г. максімум нараджальнасці насельніцтва свету знаходзіўся ў Нігеры — 48 ‰, мінімум — у Рэспубліцы Карэя, Манака — 6 ‰.

Свет і Беларусь. Нараджальнасць насельніцтва Беларусі складае 9,9 ‰, што супастаўляльна з сярэднім паказчыкам па Еўропе — 10 ‰. Вялікіх адрозненняў паміж гарадскімі і сельскімі жыхарамі няма. Пачынаючы з 2003 г. нараджальнасць у краіне павялічваецца. Аднак у 2017 г. за-за скарачэння колькасці насельніцтва рэпрадуктыўнага ўзросту нараджальнасць некалькі скарацілася. Смяротнасць насельніцтва ў нашай краіне блізкая да паказчыкаў, напрыклад, Францыі, Вялікабрытаніі, Швецыі.

Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа і матэрыялы вучэбнага дапаможніка, прывядзіце прыклады, якія пацвярджаюць залежнасць працэсаў нараджальнасці і смяротнасці ад палітычнага становішча ў дзяржаве.