§ 5. ГЕАПАЛІТЫКА, МЕСЦА Ў СІСТЭМЕ ГЕАГРАФІЧНЫХ НАВУК

Прастора ў геапалітыцы. Асноўным у геапалітыцы з’яўляецца паняцце «прастора». Упершыню яно з’явілася ў працах нямецкага вучонага Ф. Ратцэля ў канцы XIX ст. і нясе больш шырокі сэнс, чым тэрыторыя.

У геапалітыцы галоўнае значэнне мае кантроль над прасторай.

Прастору, якая кантралюецца дзяржавай або аб’яднаннем дзяржаў, называюць геапалітычным полем.

Вылучаюць чатыры асноўныя віды геапалітычных палёў (мал. 32). Напрыклад, эндэмічным полем для Францыі з’яўляюцца арэалы рассялення старажытных плямёнаў продкаў сучасных французаў — галаў. Прыкладам пагранічнага поля выступаюць аддаленыя раёны Расіі — Усходняя Сібір і Далёкі Усход. Тэрыторыя былога СССР з’яўляецца перакрыжаваным полем для Садружнасці незалежных дзяржаў, народы якіх пражывалі ў некалькіх рэспубліках (напр., рускія ў БССР, рускія ў Казахстане, беларусы ў Расіі). Прыкладам метапалёў могуць лічыцца Еўропа (якая асвойваецца ЕС і НАТА) і Паўднёва-Усходняя Азія.

Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа і матэрыялы вучэбнага дапаможніка, назавіце пяць дзяржаў свету з найбольш «моцнай» пазіцыяй у свеце з улікам актуальных геапалітычных крытэрыяў.