§ 5. ГЕАПАЛІТЫКА, МЕСЦА Ў СІСТЭМЕ ГЕАГРАФІЧНЫХ НАВУК
![]() Успамінаем. Што такое палітычная геаграфія? Што з’яўляецца аб’ектам вывучэння палітычнай геаграфіі? Якія асноўныя рысы палітыка-геаграфічнага становішча Рэспублікі Беларусь? |
![]() Для чаго мы гэта вывучаем? Для чаго сучаснай дзяржаве неабходна выпрацоўваць геастратэгіі? Якія пытанні складаюць сферу інтарэсаў палітычнай геаграфіі і геапалітыкі? Якімі ведамі павінен валодаць сучасны спецыяліст у галіне геапалітыкі? |
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Геаграфія. 10 клас |
Книга: | § 5. ГЕАПАЛІТЫКА, МЕСЦА Ў СІСТЭМЕ ГЕАГРАФІЧНЫХ НАВУК |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 9 Май 2025, 22:42 |
Геапалітыка, месца ў сістэме навук. Адным з асноўных напрамкаў палітычнай геаграфіі з’яўляецца геапалітыка. З’явілася яна ў выніку аналізу міжнародных адносін з выкарыстаннем геаграфічных ведаў на рубяжы XIX–XX стст.
![]() У свеце ўсё ўзаемазвязана. Заснавальнікам геапалітыкі лічыцца Арыстоцель, які паказваў на геапалітычную ролю астравоў і пісаў, што в. Крыт па сваім становішчы прызначаны для пануючага ўплыву на Грэцыю. Ці згодны вы са сцвярджэннем Арыстоцеля? Прывядзіце аргументы «за» і «супраць» гэтага выказвання. |
Адно з першых азначэнняў, дадзеных у перакладзе з грэчаскай мовы, характарызавала геапалітыку як навуку аб геаграфічнай абумоўленасці розных палітычных працэсаў.
Шведскі географ Р. Чэлен (1864–1922) быў першым, хто ўвёў паняцце «геапалітыка» (мал. 29).
![]() Геапалітыка — раздзел палітычнай геаграфіі, які вывучае геаграфічныя адносіны паміж цэнтрамі палітычнай сілы ў свеце і залежнасць знешняй і ўнутранай палітыкі дзяржаў і міжнародных адносін ад сістэмы палітычных, ваенна-стратэгічных, эканамічных, экалагічных фактараў і палітыка-геаграфічнага становішча краіны. |
Аб’ектам геапалітыкі як навукі з’яўляюцца планетарная прастора з дзяржавамі, іх межамі і рэсурсамі, а таксама геапалітычныя працэсы і з’явы ў сусветнай супольнасці і ў часе. Прадметам геапалітыкі выступаюць узаемаадносіны паміж геапалітычнымі суб’ектамі (мал. 30) пры вырашэнні сусветных і рэгіянальных праблем.
Асноўнымі паняццямі ў геапалітыцы выступаюць: прастора, баланс сіл, інтарэс і экспансія. Кожнае паняцце дазваляе ацаніць дзяржаву па розных прыкметах (мал. 31).
Прастора ў геапалітыцы. Асноўным у геапалітыцы з’яўляецца паняцце «прастора». Упершыню яно з’явілася ў працах нямецкага вучонага Ф. Ратцэля ў канцы XIX ст. і нясе больш шырокі сэнс, чым тэрыторыя.
У геапалітыцы галоўнае значэнне мае кантроль над прасторай.
![]() Прастору, якая кантралюецца дзяржавай або аб’яднаннем дзяржаў, называюць геапалітычным полем. |
Вылучаюць чатыры асноўныя віды геапалітычных палёў (мал. 32). Напрыклад, эндэмічным полем для Францыі з’яўляюцца арэалы рассялення старажытных плямёнаў продкаў сучасных французаў — галаў. Прыкладам пагранічнага поля выступаюць аддаленыя раёны Расіі — Усходняя Сібір і Далёкі Усход. Тэрыторыя былога СССР з’яўляецца перакрыжаваным полем для Садружнасці незалежных дзяржаў, народы якіх пражывалі ў некалькіх рэспубліках (напр., рускія ў БССР, рускія ў Казахстане, беларусы ў Расіі). Прыкладам метапалёў могуць лічыцца Еўропа (якая асвойваецца ЕС і НАТА) і Паўднёва-Усходняя Азія.
![]() Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа і матэрыялы вучэбнага дапаможніка, назавіце пяць дзяржаў свету з найбольш «моцнай» пазіцыяй у свеце з улікам актуальных геапалітычных крытэрыяў. |
Геапалітычныя фактары развіцця краіны. З цягам гістарычных падзей змяняецца месца краіны ў геапалітычнай прасторы свету. Аднак яно будзе вызначацца шэрагам пастаянна дзеючых фактараў (мал. 33).
Эканамічна развітыя краіны і шэраг краін, якія развіваюцца, імкнуцца ў цяперашні час заняць больш моцную пазіцыю ў свеце. Таму яны надаюць увагу найбольш актуальным геапалітычным крытэрыям: долі ў сусветным валавым прадукце, кантролю над стратэгічнымі сегментамі сусветнага рынку, канвертавальнасці валюты, валоданню ракетна-ядзернай зброяй, удзелу ў асваенні космасу, інавацыйнаму патэнцыялу эканомікі.
Галоўныя геапалітычныя працэсы ў свеце ў канцы ХХ – пачатку ХХІ ст. Геапалітычныя працэсы ўяўляюць з сябе гістарычныя працэсы фарміравання, развіцця, узаемадзеяння і распаду суб’ектаў геапалітыкі. Яны складаюць свайго роду аснову сусветнай гісторыі.
З канца ХХ ст. па першае дзесяцігоддзе ХХІ ст. адбыліся падзеі, якія аказалі ўплыў на глабальную геапалітычную карціну, змянілі баланс сіл, які склаўся ў свеце, і спрыяюць узнікненню новых выклікаў і пагроз. Да іх ліку адносяць сем асноўных падзей (мал. 34).
У сучасным свеце можна вылучыць сем асноўных геапалітычных цэнтраў сілы: ЗША, Расія, Еўрапейскі саюз, Кітай, мусульманскі свет, Японія, Індыя. Гэта глабальныя і рэгіянальныя геапалітычныя гульцы, уплыў якіх у сучасным свеце найбольш прыкметны.
Электаральная геаграфія. Электаральная геаграфія з’яўляецца адным з найбольш традыцыйных напрамкаў палітычнай геаграфіі, якія актыўна развіваюцца.
![]() Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Гэты напрамак узнік у Францыі на пачатку ХХ ст. працай А. Зігфрыда «Палітычны агляд захаду Францыі ў часы Трэцяй рэспублікі». У ёй аўтар упершыню ўстанавіў заканамернасці паміж прыроднымі характарыстыкамі і вынікамі выбараў у заходняй частцы Францыі. Таму гістарычна электаральная геаграфія вывучала геаграфію выбараў і тэрытарыяльную расстаноўку палітычных сіл. |
![]() Электаральная геаграфія — напрамак палітычнай геаграфіі, які вывучае тэрытарыяльныя адрозненні ў палітычных перавагах выбаршчыкаў, выніках выбараў і ўплыў грамадскіх, эканамічных, рэлігійных, этнічных фактараў на іх вынікі. |
Вывучэнне геаграфіі выбараў немагчыма без усебаковых ведаў сацыяльна-эканамічнай геаграфіі той тэрыторыі, на якой гэтыя выбары праходзяць, і палітычных працэсаў, якія прывялі да іх вынікаў. Таму для развіцця электаральнай геаграфіі патрэбна ведаць як сацыяльна-эканамічную і палітычную геаграфію, так і гісторыю, эканоміку і сацыялогію.
У электаральнай геаграфіі вылучаюць тры асноўныя раздзелы. Першы вывучае геаграфію галасавання, другі — геаграфію фактараў галасавання, трэці — геаграфію прадстаўніцтва партый у выбарных органах улады.
Геаграфія выбараў залежыць ад гісторыка-культурных асаблівасцей тэрыторыі (гісторыка-культурных расколаў паміж нацыямі, сацыяльнымі групамі і інш.). На яе таксама ўплываюць сацыяльна-эканамічныя адрозненні паміж тэрыторыямі ў межах краіны.
Каштоўны зыходны матэрыял электаральнай статыстыкі па выбарчых акругах з’яўляецца вельмі важным для палітычнай геаграфіі і надзвычай цікавым для ўсіх палітычных сіл у кантэксце свайго ўплыву ў краіне. Таму адным з важных вынікаў геаграфіі выбараў з’яўляецца іх картаграфаванне (мал. 35).
![]() Падвядзём вынікі. Геапалітыка з’яўляецца раздзелам палітычнай геаграфіі, які вывучае ... . Асноўнымі суб’ектамі геапалітыкі выступаюць дзяржава, ..., ..., ... і інтэграцыйнае аб’яднанне. Галоўнымі паняццямі ў геапалітыцы з’яўляюцца ..., ..., ... . Геапалітычнымі фактарамі развіцця краіны з’яўляюцца ... . Галоўнымі геапалітычнымі працэсамі ў свеце з’яўляюцца ... . Прастора, якая кантралюецца дзяржавай або аб’яднаннем дзяржаў, называецца ... . Электаральная геаграфія займаецца вывучэннем пераваг выбаршчыкаў і вынікаў выбараў. |
![]() Праверым свае веды. 1. Хто ўвёў у навуковы ўжытак тэрмін «геапалітыка»? 2. Якімі даследаваннямі займаецца геапалітыка? 3. Якое значэнне электаральнай геаграфіі для сучасных палітычных працэсаў? |
![]() Ад простага да складанага. Ці з’яўляюцца, на ваш погляд, геаграфічныя ўмовы галоўнымі для вызначэння шляхоў далейшага развіцця дзяржавы? |
![]() |
Падарожжа па Глабальнай сетцы. Сайт «Электаральная геаграфія». |
![]() |
![]() Ад тэорыі да практыкі. Выканайце практычныя работы. |