§ 5. ГЕАПАЛІТЫКА, МЕСЦА Ў СІСТЭМЕ ГЕАГРАФІЧНЫХ НАВУК

Геапалітыка, месца ў сістэме навук. Адным з асноўных напрамкаў палітычнай геаграфіі з’яўляецца геапалітыка. З’явілася яна ў выніку аналізу міжнародных адносін з выкарыстаннем геаграфічных ведаў на рубяжы XIX–XX стст.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Заснавальнікам геапалітыкі лічыцца Арыстоцель, які паказваў на геапалітычную ролю астравоў і пісаў, што в. Крыт па сваім становішчы прызначаны для пануючага ўплыву на Грэцыю. Ці згодны вы са сцвярджэннем Арыстоцеля? Прывядзіце аргументы «за» і «супраць» гэтага выказвання.

Адно з першых азначэнняў, дадзеных у перакладзе з грэчаскай мовы, характарызавала геапалітыку як навуку аб геаграфічнай абумоўленасці розных палітычных працэсаў.

Шведскі географ Р. Чэлен (1864–1922) быў першым, хто ўвёў паняцце «геапалітыка» (мал. 29).

Геапалітыка — раздзел палітычнай геаграфіі, які вывучае геаграфічныя адносіны паміж цэнтрамі палітычнай сілы ў свеце і залежнасць знешняй і ўнутранай палітыкі дзяржаў і міжнародных адносін ад сістэмы палітычных, ваенна-стратэгічных, эканамічных, экалагічных фактараў і палітыка-геаграфічнага становішча краіны.

Аб’ектам геапалітыкі як навукі з’яўляюцца планетарная прастора з дзяржавамі, іх межамі і рэсурсамі, а таксама геапалітычныя працэсы і з’явы ў сусветнай супольнасці і ў часе. Прадметам геапалітыкі выступаюць узаемаадносіны паміж геапалітычнымі суб’ектамі (мал. 30) пры вырашэнні сусветных і рэгіянальных праблем.

Асноўнымі паняццямі ў геапалітыцы выступаюць: прастора, баланс сіл, інтарэс і экспансія. Кожнае паняцце дазваляе ацаніць дзяржаву па розных прыкметах (мал. 31).