§ 4. ПАЛІТЫЧНАЯ ГЕАГРАФІЯ

Дзяржаўныя межы і формы іх змены. Дзяржаўныя межы — гэта асаблівы тып геаграфічных меж, які вывучае палітычная геаграфія. Дзяржаўная мяжа ўяўляе з сябе лінію на паверхні зямлі (сушы або воднай прасторы) і ўяўную вертыкальную паверхню з паветранай прасторай і нетрамі, якія вызначаюць рубяжы тэрыторыі краіны і аддзяляюць яе ад іншых дзяржаў і адкрытых мораў.

У палітычнай геаграфіі вылучаюць некалькі відаў меж (мал. 25).

У гісторыі развіцця чалавецтва дзяржаўныя межы змяняюцца. Гэта можа адбывацца ў наступных мірных формах (мал. 26).

Папрацуем з атласам. Прывядзіце прыклады змен дзяржаўных меж на палітычнай карце свету з 1990 г. і да цяперашняга часу.

Напрыклад, у выніку продажу Аляскі змяніліся дзяржаўныя межы Паўночна-Амерыканскіх Злучаных Штатаў і Расійскай імперыі ў 1867 г. У 1944 г. Тувінская Народная Рэспубліка добраахвотна ўвайшла ў склад СССР. У выніку штучнага прырашчэння сухапутнай тэрыторыі павялічылася плошча Нідэрландаў і змяніліся межы гэтай дзяржавы. Выхад Вялікага Княства Фінляндскага са складу СССР у 1917 г. i Сінгапура са складу Малайзіі ў 1965 г. змяніў іх дзяржаўныя межы. Пасля аб’яднання Федэратыўнай Рэспублікі Германіі (ФРГ) і Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі (ГДР) у 1990 г. змянілася дзяржаўная мяжа ФРГ (мал. 27). Прыкладам змены дзяржаўнай мяжы ў выніку міжнароднага рашэння з’яўляецца змена меж Індыі і Пакістана ў выніку падзелу штата Кашмір у 1949 г.

Паразважаем. Чым могуць быць выкліканы тэрытарыяльныя спрэчкі паміж дзяржавамі?