§ 4. ПАЛІТЫЧНАЯ ГЕАГРАФІЯ

Аб’екты і асноўныя напрамкі палітычнай геаграфіі. Палітычная геаграфія з’яўляецца адным з важных напрамкаў сацыяльна-эканамічнай геаграфіі і знаходзіцца на стыку навук. Таму шэраг навукоўцаў адводзіць ёй самастойную ролю ў геаграфіі.

Узнікшы ў канцы XVIII ст. як прыродазнаўчая навука, палітычная геаграфія вывучала дзяленне свету на дзяржавы, іх тэрыторыю, узаемнае размяшчэнне, межы і тлумачыла палітычныя працэсы характарам прыродных умоў і ландшафтаў.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Вядомы французскі асветнік Шарль Луі Мантэск’ё лічыў форму дзяржаўнага кіравання і ладу функцыяй клімату і памераў краіны. Шырокія імперыі схільныя да дэспатычнага кіравання, таму што для стабільнасці ў вялікай па тэрыторыі дзяржаве неабходна, каб аддаленасць месца, куды рассылаюцца загады, ураўнаважвалася хуткасцю іх выканання. Маленькія дзяржавы па сваёй прыродзе павінны быць рэспублікамі, шырокія імперыі — падпарадкоўвацца манарху. Такім чынам, аптымальнай будзе форма дзяржаўнага ладу, якая спалучае перавагі і вартасці рэспубліканскага кіравання з сілай манархіі. Такой формай кіравання Мантэск’ё лічыў федэрацыю — прасторава адзіны саюз суверэнных рэспублік, здольны супраціўляцца ворагу і захоўваць свае памеры без страты дэмакратыі.

Ці мае рацыю Мантэск’ё? Аргументуйце свае меркаванні «за» і «супраць».

Дзякуючы працам нямецкага географа Ф. Ратцэля (мал. 22), у канцы ХIХ ст. асаблівасці палітычнага ладу, унутранай і знешняй палітыкі розных дзяржаў пачынаюць вывучаць з улікам геаграфічнага становішча, геаграфічных умоў і культурна-гістарычных асаблівасцей.

Пазней, калі сталі браць пад увагу прасторавыя і рэгіянальныя асаблівасці развіцця свету, уяўленні аб прадмеце палітычнай геаграфіі значна пашырыліся.

Палітычная геаграфія — асобная геаграфічная навука, якая вывучае прасторавую арганізацыю палітычнага жыцця грамадства і тэрытарыяльныя спалучэнні палітычных сіл.

З развіццём навукі пашырыўся пералік аб’ектаў палітычнай геаграфіі (мал. 23).

Асноўнай задачай палітычнай геаграфіі з’яўляецца характарыстыка агульнай прасторавай карціны палітычнага жыцця краіны і сукупнасці фактараў, якія яе абумоўліваюць.

Вялікая колькасць аб’ектаў паслужыла фарміраванню некалькіх самастойных навуковых напрамкаў. Кожны з іх дынамічна развіваецца ў цяперашні час (мал. 24).