Печатать книгуПечатать книгу

§ 4. ПАЛІТЫЧНАЯ ГЕАГРАФІЯ

Успамінаем. Якую інфармацыю вы можаце атрымаць з палітычнай карты свету? Якія асноўныя рысы незалежных дзяржаў? Якія формы кіравання і дзяржаўнага ладу вы можаце назваць для сучасных краін свету?

Для чаго мы гэта вывучаем? Веды якіх вучэбных прадметаў вам сёння будуць неабходныя пры вывучэнні гэтай тэмы? Сферай дзейнасці якіх спецыялістаў з’яўляецца палітычная геаграфія?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 10 клас
Книга: § 4. ПАЛІТЫЧНАЯ ГЕАГРАФІЯ
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 4 Май 2024, 19:48

Аб’екты і асноўныя напрамкі палітычнай геаграфіі. Палітычная геаграфія з’яўляецца адным з важных напрамкаў сацыяльна-эканамічнай геаграфіі і знаходзіцца на стыку навук. Таму шэраг навукоўцаў адводзіць ёй самастойную ролю ў геаграфіі.

Узнікшы ў канцы XVIII ст. як прыродазнаўчая навука, палітычная геаграфія вывучала дзяленне свету на дзяржавы, іх тэрыторыю, узаемнае размяшчэнне, межы і тлумачыла палітычныя працэсы характарам прыродных умоў і ландшафтаў.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Вядомы французскі асветнік Шарль Луі Мантэск’ё лічыў форму дзяржаўнага кіравання і ладу функцыяй клімату і памераў краіны. Шырокія імперыі схільныя да дэспатычнага кіравання, таму што для стабільнасці ў вялікай па тэрыторыі дзяржаве неабходна, каб аддаленасць месца, куды рассылаюцца загады, ураўнаважвалася хуткасцю іх выканання. Маленькія дзяржавы па сваёй прыродзе павінны быць рэспублікамі, шырокія імперыі — падпарадкоўвацца манарху. Такім чынам, аптымальнай будзе форма дзяржаўнага ладу, якая спалучае перавагі і вартасці рэспубліканскага кіравання з сілай манархіі. Такой формай кіравання Мантэск’ё лічыў федэрацыю — прасторава адзіны саюз суверэнных рэспублік, здольны супраціўляцца ворагу і захоўваць свае памеры без страты дэмакратыі.

Ці мае рацыю Мантэск’ё? Аргументуйце свае меркаванні «за» і «супраць».

Дзякуючы працам нямецкага географа Ф. Ратцэля (мал. 22), у канцы ХIХ ст. асаблівасці палітычнага ладу, унутранай і знешняй палітыкі розных дзяржаў пачынаюць вывучаць з улікам геаграфічнага становішча, геаграфічных умоў і культурна-гістарычных асаблівасцей.

Пазней, калі сталі браць пад увагу прасторавыя і рэгіянальныя асаблівасці развіцця свету, уяўленні аб прадмеце палітычнай геаграфіі значна пашырыліся.

Палітычная геаграфія — асобная геаграфічная навука, якая вывучае прасторавую арганізацыю палітычнага жыцця грамадства і тэрытарыяльныя спалучэнні палітычных сіл.

З развіццём навукі пашырыўся пералік аб’ектаў палітычнай геаграфіі (мал. 23).

Асноўнай задачай палітычнай геаграфіі з’яўляецца характарыстыка агульнай прасторавай карціны палітычнага жыцця краіны і сукупнасці фактараў, якія яе абумоўліваюць.

Вялікая колькасць аб’ектаў паслужыла фарміраванню некалькіх самастойных навуковых напрамкаў. Кожны з іх дынамічна развіваецца ў цяперашні час (мал. 24).

Палітыка-геаграфічнае становішча краіны. Вывучэнне геаграфічнага становішча мае важнае значэнне і шырока прымяняецца ў геаграфіі. Вылучаюць фізіка-геаграфічнае становішча, эканоміка-геаграфічнае становішча, транспартна-геаграфічнае становішча. У палітычнай геаграфіі на першым месцы знаходзіцца палітыка-геаграфічнае становішча (ПГС).

Эканоміка-геаграфічнае становішча і палітыка-геаграфічнае становішча маюць шмат агульнага. Гэта тлумачыцца тым, што геаграфічнае становішча краіны ў адносінах да транспартных шляхоў, патокаў сыравіны, тавараў і паслуг, інтэграцыйных аб’яднанняў і г. д. будзе аказваць уплыў не толькі на эканамічную, але і на палітычную сітуацыю ў краіне і наадварот.

Палітыка-геаграфічнае становішча — гэта становішча аб’екта (краіны, яе часткі, групы краін) у адносінах да іншых дзяржаў і іх груп як палітычных аб’ектаў.

ПГС дзяржавы ў шырокім сэнсе — гэта комплекс палітычных умоў, звязаных з геаграфічным становішчам краіны (рэгіёна), які выяўляецца ў сістэме палітычных узаемаадносін з навакольным светам.

У цэлым пра ПГС можна казаць як пра комплекс адносін дадзенай дзяржавы з іншымі краінамі і тэрыторыямі на трох узроўнях — лакальным, макрарэгіянальным і глабальным, дапоўненых эканамічнымі, гістарычнымі, этнічнымі, канфесійнымі, культурнымі сувязямі.

Свет і Беларусь. Якая форма кіравання і дзяржаўнага ладу характэрная для Рэспублікі Беларусь? Назавіце асноўныя рысы палітыка-геаграфічнага становішча Рэспублікі Беларусь. Як змянілася геапалітычнае становішча Рэспублікі Беларусь пасля распаду СССР?

Дзяржаўныя межы і формы іх змены. Дзяржаўныя межы — гэта асаблівы тып геаграфічных меж, які вывучае палітычная геаграфія. Дзяржаўная мяжа ўяўляе з сябе лінію на паверхні зямлі (сушы або воднай прасторы) і ўяўную вертыкальную паверхню з паветранай прасторай і нетрамі, якія вызначаюць рубяжы тэрыторыі краіны і аддзяляюць яе ад іншых дзяржаў і адкрытых мораў.

У палітычнай геаграфіі вылучаюць некалькі відаў меж (мал. 25).

У гісторыі развіцця чалавецтва дзяржаўныя межы змяняюцца. Гэта можа адбывацца ў наступных мірных формах (мал. 26).

Папрацуем з атласам. Прывядзіце прыклады змен дзяржаўных меж на палітычнай карце свету з 1990 г. і да цяперашняга часу.

Напрыклад, у выніку продажу Аляскі змяніліся дзяржаўныя межы Паўночна-Амерыканскіх Злучаных Штатаў і Расійскай імперыі ў 1867 г. У 1944 г. Тувінская Народная Рэспубліка добраахвотна ўвайшла ў склад СССР. У выніку штучнага прырашчэння сухапутнай тэрыторыі павялічылася плошча Нідэрландаў і змяніліся межы гэтай дзяржавы. Выхад Вялікага Княства Фінляндскага са складу СССР у 1917 г. i Сінгапура са складу Малайзіі ў 1965 г. змяніў іх дзяржаўныя межы. Пасля аб’яднання Федэратыўнай Рэспублікі Германіі (ФРГ) і Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі (ГДР) у 1990 г. змянілася дзяржаўная мяжа ФРГ (мал. 27). Прыкладам змены дзяржаўнай мяжы ў выніку міжнароднага рашэння з’яўляецца змена меж Індыі і Пакістана ў выніку падзелу штата Кашмір у 1949 г.

Паразважаем. Чым могуць быць выкліканы тэрытарыяльныя спрэчкі паміж дзяржавамі?

Памежныя спрэчкі. Адным з найбольш актуальных пытанняў палітычнай геаграфіі з’яўляецца вывучэнне тэрытарыяльных прэтэнзій, памежных спрэчак паміж дзяржавамі. Сярод іх вылучаюцца чатыры асноўныя віды (мал. 28). Найбольш часта ў свеце адбываюцца тэрытарыяльныя спрэчкі з-за кантролю над пэўнай прыцягальнай тэрыторыяй па нейкай прыкмеце.

Напрыклад, па тапаграфічнай прыкмеце да тэрытарыяльнай спрэчкі адносяць тэрыторыі Літвы і Калінінградскай вобласці Расіі. Гісторыка-культурнай тэрытарыяльнай спрэчкай з’яўляюцца прэтэнзіі Ірландыі на Паўночную Ірландыю.

Рэсурсныя памежныя спрэчкі складаюць значную частку канфліктаў пры засваенні прыродных рэсурсаў на кантынентальным шэльфе (нафта, газ), пры сумесным выкарыстанні водных рэсурсаў у засушлівых раёнах (напр., Малі і Буркіна-Фасо, Турцыя і Сірыя). Для таго каб пазбегнуць такіх спрэчак, прымаюцца рашэнні аб сумесным выкарыстанні рэсурсаў (напр., гідраэнергапатэнцыялу р. Парана паміж Бразіліяй і Парагваем) або вылучаюцца сектары з выразнымі межамі дзяржаў (напр., раздзел нафтагазавых рэсурсаў Паўночнага мора паміж прыбярэжнымі дзяржавамі).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Адрозніваюць пазіцыйныя і функцыянальныя памежныя спрэчкі. Пазіцыйныя памежныя спрэчкі ўзнікаюць у выпадку супярэчнасцей у тлумачэннi дамоваў аб правядзенні меж па прыродных рубяжах — рэках (усходні ўчастак расійска-кітайскай мяжы на Амуры), азёрах (возера Чад паміж Нігерам і Чадам). Функцыянальныя памежныя спрэчкі сустракаюцца радзей і ўзнікаюць з прычыны прэтэнзій аднаго з бакоў да рэжыму функцыянавання мяжы, строгасцей памежнага кантролю і мытнай палітыкі, якая ўсталявана суседняй дзяржавай. У дадзенай сітуацыі спрэчка вядзецца не пра змену мяжы, а пра памежную палітыку суседняй дзяржавы.

Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыялы вучэбнага дапаможніка і палітычную карту свету, знайдзіце дзяржавы, дзе існуюць памежныя канфлікты і тэрытарыяльныя спрэчкі.

Прыкладная роля палітычнай геаграфіі. Веды палітычнай геаграфіі маюць вельмі шырокі ахоп і выкарыстоўваюцца ў розных галінах. Да асноўных з іх варта аднесці змены адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання краіны, асаблівасці знешняй палітыкі, прычыны этнічных канфліктаў, геаграфію выбараў і г. д. Запатрабаванасць палітычнай геаграфіі шмат у чым залежыць ад геаграфічнай адукацыі і геаграфічнай культуры грамадства.

Падвядзём вынікі. Палітычная геаграфія — геаграфічная навука, якая вывучае ... .

Палітыка-геаграфічнае становішча краіны характарызуецца наступнымі асаблівасцямі ... . Дзяржаўныя межы (марскія і сухапутныя) аддзяляюць ... .

У адпаведнасці з міжнароднымі правіламі межы праводзяцца ў морах, залівах, пралівах, па рэках.

Асноўная частка дзяржаўных меж праходзіць па ... . Прычынамі памежных спрэчак часцей за ўсё бываюць спрэчная тэрыторыя і асваенне рэсурсаў.

Праверым свае веды. 1. Якія асноўныя напрамкі палітычнай геаграфіі? 2. Якія існуюць віды дзяржаўных меж? 3. Прывядзіце гістарычныя прыклады змены дзяржаўных меж. 4. Чым выкліканы памежныя спрэчкі паміж краінамі? Прывядзіце прыклады.

Ад простага да складанага. 1. Якую ролю адыгралі натуральныя межы (горы, рэкі, азёры) у фарміраванні палітычнай карты Еўропы (Азіі, Афрыкі, Амерыкі)? 2. Назавіце як мага больш памежных фізіка-геаграфічных аб’ектаў.

Ад тэорыі да практыкі. 1. Назавіце краіны, межы якіх праходзяць: па гарах, морах, пустынях, рэках. 2. Вызначыце пяць краін з максімальнай плошчай сухапутнай тэрыторыі і пяць найбуйнейшых краін па колькасці насельніцтва. 3. Параўнайце спіс гэтых дзвюх груп краін. Зрабіце вывады.