§ 3. РЭГІЯНАЛЬНЫЯ І ЛАКАЛЬНЫЯ КАНФЛІКТЫ Ў СВЕЦЕ

Узброеныя канфлікты. Перад светам у ХХІ ст. стаяць пагрозы міжнароднай бяспекі: 1) распаўсюджванне зброі масавага паражэння; 2) міжнародны тэрарызм, этнічныя і рэлігійныя праблемы; 3) гандаль людзьмі, гвалт і інш. Некаторыя канфлікты не могуць быць вырашаны мірным шляхам і адбываюцца з ваенным умяшаннем. У гэтым выпадку гаворка ідзе пра ўзброеныя канфлікты. Яны ўяўляюць з сябе адну з форм вырашэння палітычных, нацыянальна-этнічных, рэлігійных, тэрытарыяльных і іншых супярэчнасцей з прымяненнем сродкаў узброенай барацьбы.

Узброены канфлікт мае міжнародны (з удзелам дзвюх і больш дзяржаў) або ўнутраны характар (у межах тэрыторыі адной дзяржавы). Вылучаюць тры асноўныя прычыны ўзброеных канфліктаў у свеце (мал. 18).

Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы палітычную карту свету, прывядзіце прыклады дзяржаў, дзе маюцца ўзброеныя канфлікты, якія адбываюцца па рэлігійных прычынах, расавай і этнічнай нецярпімасці, а таксама канфлікты, узніклыя на глебе былых каланіяльных меж.

З пачатку 1990-х гг. у свеце адбывалася кароткатэрміновае павелічэнне колькасці ўзброеных канфліктаў.

У 2016 г. іх налічвалася 49: 2 — міждзяржаўныя (паміж Індыяй і Пакістанам і паміж Эрытрэяй і Эфіопіяй), 47 — унутраных (мал. 19). Сярод унутраных канфліктаў каля 40 % адбываецца па палітычных і ідэалагічных прычынах, у тым ліку звязаных з утварэннем самастойных дзяржаў. Кожны трэці ўзброены канфлікт адбываецца на этнічнай або міжканфесійнай глебе.

Афрыка — рэгіён з найбольшай колькасцю канфліктаў (19). Зафіксавана 15 канфліктаў у Азіі, 10 — на Блізкім Усходзе, 3 — у Еўропе і 2 — у Амерыцы. Нягледзячы на тое што ў Азіі і Афрыцы многія канфлікты па-ранейшаму захоўваюцца, у Амерыцы (у прыватнасці ў Калумбіі) атрымліваецца нармалізаваць сітуацыю (мал. 20).

Паразважаем. У многіх раёнах рэгіянальных канфліктаў, дзе ваенныя дзеянні спыніліся, стварылася становішча хутчэй перамір’я, чым трывалага міру. Проста з вострай стадыі яны перайшлі ў стадыю напружаных або патэнцыяльных канфліктаў, іншымі словамі, канфліктаў, якія тлеюць. Чым небяспечная такая стадыя? Адказ патлумачце.

Большасць узброеных канфліктаў накіраваны на барацьбу з ісламісцкімі арганізацыямі. 30 % ісламісцкіх канфліктаў адбываецца на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, 30 % — у Афрыцы на поўдзень ад Сахары, астатнія — у Азіі (мал. 21).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Па даных Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследавання праблем свету, у 2017 г. асноўнымі краінамі, дзе адбываліся ўзброеныя канфлікты, былі: у Азіі — Афганістан, Індыя, М’янма, Пакістан, Філіпіны; на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы — Егіпет, Ірак, Ізраіль і Палестына, Лівія, Сірыя, Турцыя і Емен; у Афрыцы — Малі, Нігерыя, ЦАР, ДР Конга, Эфіопія, Самалі і Паўднёвы Судан; у Еўропе — Нагорны Карабах (канфлікт Арменіі і Азербайджана), Украіна, Грузія (Абхазія і Паўднёвая Асеція), Малдова (Прыднястроўе), Кіпр, Косава; у Амерыцы — Калумбія, Сальвадор, Мексіка, Парагвай.