§ 3. РЭГІЯНАЛЬНЫЯ І ЛАКАЛЬНЫЯ КАНФЛІКТЫ Ў СВЕЦЕ

Прычыны, класіфікацыя і наступствы канфліктаў у свеце. Сучасны свет характарызуецца праявай розных канфліктаў паміж дзяржавамі і рэгіёнамі.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. У аснове канфліктаў ляжаць тры групы фактараў: лакальныя, рэгіянальныя і глабальныя. Лакальныя дзейнічаюць на канкрэтнай тэрыторыі і ў пэўнай краіне. Яны могуць быць звязаны, напрыклад, з асаблівасцямі нацыянальнага складу і гісторыка-культурнага развіцця. Рэгіянальныя фактары дзейнічаюць у пэўным рэгіёне ў выніку рознагалоссяў інтарэсаў палітычных, эканамічных аб’яднанняў дзяржаў (напр., НАТА і СНД). Глабальныя фактары ўключаюць буйныя палітычныя працэсы ў развіцці сусветнай супольнасці. Напрыклад, крушэнне каланіяльнай сістэмы, сацыялістычнай сістэмы гаспадарання, глабалізацыя.

Асноўнымі прычынамі павелічэння колькасці канфліктаў у свеце з’яўляюцца нацыянальна-этнічныя, міжканфесійныя, тэрытарыяльныя, дэмаграфічныя супярэчнасці, але часцей за ўсё іх спалучэнне. Найбольш часта рознагалоссі адбываюцца на этнічнай і міжканфесійнай глебе з імкненнем стварэння новай дзяржавы.

Сепаратызм — рух за аддзяленне часткі дзяржавы і стварэнне новага дзяржаўнага ўтварэння або за прадастаўленне частцы краіны аўтаноміі па нацыянальных, моўных або рэлігійным прынцыпах.

Разнастайнасць прычын, маштабаў, форм праяўлення і іншых прыкмет сучасных канфліктаў выклікала неабходнасць іх класіфікацыі. У абагульненай форме віды існуючых у свеце канфліктаў прадстаўлены на малюнку 15.

Канфлікты ў краінах і рэгіёнах свету прыводзяць да негатыўных наступстваў. Сярод іх адрозніваюць верагодныя бліжэйшыя і аддаленыя наступствы.

Найбольш верагоднымі бліжэйшымі наступствамі ваенных канфліктаў з’яўляюцца: гібель, траўмы, хваробы; забруджванне навакольнага асяроддзя; псіхалагічнае і інфармацыйнае ўздзеянне; парушэнне кіравання; разбурэнне эканомікі і сістэм жыццезабеспячэння насельніцтва. Аддаленымі наступствамі канфліктаў з’яўляюцца: экалагічныя, эканамічныя, медыцынскія, сацыяльныя і дэмаграфічныя.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Экалагічныя наступствы праяўляюцца ў выглядзе забруджвання навакольнага асяроддзя, знішчэння відавой біялагічнай разнастайнасці, крызісу ў сельскай гаспадарцы і інш. Эканамічныя наступствы — у беднасці і голадзе. Сацыяльныя наступствы — у выглядзе нацыянальнай варожасці, дэфармацыі культуры сям’і і інш. Дэмаграфічныя наступствы — у рэзкім зніжэнні долі мужчынскага насельніцтва і наступных хвалях спаду нараджальнасці.