Печатать книгуПечатать книгу

§ 3. РЭГІЯНАЛЬНЫЯ І ЛАКАЛЬНЫЯ КАНФЛІКТЫ Ў СВЕЦЕ

Успамінаем. Чаму ўзнікаюць канфлікты паміж людзьмі? Прывядзіце прыклады вядомых вам канфліктаў, якія адбываюцца на планеце. Якая арганізацыя адыгрывае важную ролю ў вырашэнні рэгіянальных і лакальных канфліктаў?

Для чаго мы гэта вывучаем? Чаму ў цяперашні час выклікаюць трывогу ўзнікаючыя канфлікты? Падумайце, чаму з’явіўся новы напрамак у геаграфіі — геаканфлікталогія. Сферай дзейнасці якіх спецыялістаў з’яўляецца вырашэнне рэгіянальных і лакальных канфліктаў?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 10 клас
Книга: § 3. РЭГІЯНАЛЬНЫЯ І ЛАКАЛЬНЫЯ КАНФЛІКТЫ Ў СВЕЦЕ
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 3 Май 2024, 00:11

Прычыны, класіфікацыя і наступствы канфліктаў у свеце. Сучасны свет характарызуецца праявай розных канфліктаў паміж дзяржавамі і рэгіёнамі.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. У аснове канфліктаў ляжаць тры групы фактараў: лакальныя, рэгіянальныя і глабальныя. Лакальныя дзейнічаюць на канкрэтнай тэрыторыі і ў пэўнай краіне. Яны могуць быць звязаны, напрыклад, з асаблівасцямі нацыянальнага складу і гісторыка-культурнага развіцця. Рэгіянальныя фактары дзейнічаюць у пэўным рэгіёне ў выніку рознагалоссяў інтарэсаў палітычных, эканамічных аб’яднанняў дзяржаў (напр., НАТА і СНД). Глабальныя фактары ўключаюць буйныя палітычныя працэсы ў развіцці сусветнай супольнасці. Напрыклад, крушэнне каланіяльнай сістэмы, сацыялістычнай сістэмы гаспадарання, глабалізацыя.

Асноўнымі прычынамі павелічэння колькасці канфліктаў у свеце з’яўляюцца нацыянальна-этнічныя, міжканфесійныя, тэрытарыяльныя, дэмаграфічныя супярэчнасці, але часцей за ўсё іх спалучэнне. Найбольш часта рознагалоссі адбываюцца на этнічнай і міжканфесійнай глебе з імкненнем стварэння новай дзяржавы.

Сепаратызм — рух за аддзяленне часткі дзяржавы і стварэнне новага дзяржаўнага ўтварэння або за прадастаўленне частцы краіны аўтаноміі па нацыянальных, моўных або рэлігійным прынцыпах.

Разнастайнасць прычын, маштабаў, форм праяўлення і іншых прыкмет сучасных канфліктаў выклікала неабходнасць іх класіфікацыі. У абагульненай форме віды існуючых у свеце канфліктаў прадстаўлены на малюнку 15.

Канфлікты ў краінах і рэгіёнах свету прыводзяць да негатыўных наступстваў. Сярод іх адрозніваюць верагодныя бліжэйшыя і аддаленыя наступствы.

Найбольш верагоднымі бліжэйшымі наступствамі ваенных канфліктаў з’яўляюцца: гібель, траўмы, хваробы; забруджванне навакольнага асяроддзя; псіхалагічнае і інфармацыйнае ўздзеянне; парушэнне кіравання; разбурэнне эканомікі і сістэм жыццезабеспячэння насельніцтва. Аддаленымі наступствамі канфліктаў з’яўляюцца: экалагічныя, эканамічныя, медыцынскія, сацыяльныя і дэмаграфічныя.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Экалагічныя наступствы праяўляюцца ў выглядзе забруджвання навакольнага асяроддзя, знішчэння відавой біялагічнай разнастайнасці, крызісу ў сельскай гаспадарцы і інш. Эканамічныя наступствы — у беднасці і голадзе. Сацыяльныя наступствы — у выглядзе нацыянальнай варожасці, дэфармацыі культуры сям’і і інш. Дэмаграфічныя наступствы — у рэзкім зніжэнні долі мужчынскага насельніцтва і наступных хвалях спаду нараджальнасці.

Рэгіянальныя і лакальныя канфлікты. Рэгіянальныя і лакальныя канфлікты характарызуюць маштаб уздзеяння супярэчнасцей. Рэгіянальны канфлікт прадугледжвае ўдзел дзвюх і больш дзяржаў аднаго рэгіёна. Лакальны канфлікт адбываецца, як правіла, паміж дзвюма дзяржавамі і закранае пераважна іх інтарэсы (тэрытарыяльныя, эканамічныя, палітычныя і інш.).

Для кожнага рэгіёна характэрныя як рэгіянальныя, так і лакальныя канфлікты. Частка іх адбываецца ў мірнай/няўзброенай форме, а некаторыя — у форме ўзброенага канфлікту (мал. 16).

У выніку пашырэння інтэграцыі ў Еўропе, якая выступае адносна стабільным рэгіёнам свету, тут застаецца шэраг рэгіянальных канфліктаў. У іх аснове ляжаць сепаратызм, эканамічныя, культурна-рэлігійныя і іншыя прычыны. Прыкладамі лакальных канфліктаў у Еўропе па этнаканфесійных і сацыяльна-эканамічных прычынах з’яўляюцца Каталонія, Краіна Баскаў. Прыкладамі канфліктаў на глебе сепаратызму выступаюць Косава, Чачня, Прыднястроўе, Абхазія, Нагорны Карабах.

Свет і Беларусь. Назавіце тэрыторыі, бліжэй за ўсё размешчаныя да меж Рэспублікі Беларусь, дзе сёння працягваюцца рэгіянальныя або лакальныя канфлікты.

Азія з другой паловы ХХ ст. характарызуецца шматлікімі канфліктамі па палітычных і эканамічных прычынах. Асаблівае месца ў рэгіёне займаюць узброеныя канфлікты. Асноўнымі краінамі, дзе яны адбываюцца, з’яўляюцца Ізраіль, Емен, Сірыя (мал. 17), Іран, Ірак, краіны Персідскага заліва і інш. У Азіі адбываюцца канфлікты і на глебе сепаратызму (напр., Курдыстан, Кашмір).

Афрыка ў апошнія дзесяцігоддзі стала самым канфліктанебяспечным рэгіёнам свету. На працягу многіх гадоў балючымі кропкамі рэгіёна з’яўляюцца Самалі, Судан, ДР Конга, Нігерыя, Эфіопія і іншыя краіны. Большасць канфліктаў адбываецца па этнічных і рэлігійных прычынах, на глебе сепаратызму і вырашаецца ўзброеным шляхам.

На канфлікты ў Амерыцы найбольшы ўплыў аказалі этнаканфесійны і сацыяльна-эканамічны фактары, часам — сепаратызм. Прыкладамі з’яўляюцца Квебек у Канадзе, Ч’япас у Мексіцы і інш. Нягледзячы на невялікую колькасць лакальных канфліктаў, у Амерыцы захоўваюцца спрэчныя тэрыторыі і межы. Напрыклад, Калумбія і Венесуэла вядуць даўнюю спрэчку аб падзеле тэрытарыяльных вод у Венесуэльскім заліве. У цэлым у параўнанні з іншымі рэгіёнамі канфлікты ў Амерыцы адносна ўрэгуляваныя.

Узброеныя канфлікты. Перад светам у ХХІ ст. стаяць пагрозы міжнароднай бяспекі: 1) распаўсюджванне зброі масавага паражэння; 2) міжнародны тэрарызм, этнічныя і рэлігійныя праблемы; 3) гандаль людзьмі, гвалт і інш. Некаторыя канфлікты не могуць быць вырашаны мірным шляхам і адбываюцца з ваенным умяшаннем. У гэтым выпадку гаворка ідзе пра ўзброеныя канфлікты. Яны ўяўляюць з сябе адну з форм вырашэння палітычных, нацыянальна-этнічных, рэлігійных, тэрытарыяльных і іншых супярэчнасцей з прымяненнем сродкаў узброенай барацьбы.

Узброены канфлікт мае міжнародны (з удзелам дзвюх і больш дзяржаў) або ўнутраны характар (у межах тэрыторыі адной дзяржавы). Вылучаюць тры асноўныя прычыны ўзброеных канфліктаў у свеце (мал. 18).

Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы палітычную карту свету, прывядзіце прыклады дзяржаў, дзе маюцца ўзброеныя канфлікты, якія адбываюцца па рэлігійных прычынах, расавай і этнічнай нецярпімасці, а таксама канфлікты, узніклыя на глебе былых каланіяльных меж.

З пачатку 1990-х гг. у свеце адбывалася кароткатэрміновае павелічэнне колькасці ўзброеных канфліктаў.

У 2016 г. іх налічвалася 49: 2 — міждзяржаўныя (паміж Індыяй і Пакістанам і паміж Эрытрэяй і Эфіопіяй), 47 — унутраных (мал. 19). Сярод унутраных канфліктаў каля 40 % адбываецца па палітычных і ідэалагічных прычынах, у тым ліку звязаных з утварэннем самастойных дзяржаў. Кожны трэці ўзброены канфлікт адбываецца на этнічнай або міжканфесійнай глебе.

Афрыка — рэгіён з найбольшай колькасцю канфліктаў (19). Зафіксавана 15 канфліктаў у Азіі, 10 — на Блізкім Усходзе, 3 — у Еўропе і 2 — у Амерыцы. Нягледзячы на тое што ў Азіі і Афрыцы многія канфлікты па-ранейшаму захоўваюцца, у Амерыцы (у прыватнасці ў Калумбіі) атрымліваецца нармалізаваць сітуацыю (мал. 20).

Паразважаем. У многіх раёнах рэгіянальных канфліктаў, дзе ваенныя дзеянні спыніліся, стварылася становішча хутчэй перамір’я, чым трывалага міру. Проста з вострай стадыі яны перайшлі ў стадыю напружаных або патэнцыяльных канфліктаў, іншымі словамі, канфліктаў, якія тлеюць. Чым небяспечная такая стадыя? Адказ патлумачце.

Большасць узброеных канфліктаў накіраваны на барацьбу з ісламісцкімі арганізацыямі. 30 % ісламісцкіх канфліктаў адбываецца на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, 30 % — у Афрыцы на поўдзень ад Сахары, астатнія — у Азіі (мал. 21).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Па даных Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследавання праблем свету, у 2017 г. асноўнымі краінамі, дзе адбываліся ўзброеныя канфлікты, былі: у Азіі — Афганістан, Індыя, М’янма, Пакістан, Філіпіны; на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы — Егіпет, Ірак, Ізраіль і Палестына, Лівія, Сірыя, Турцыя і Емен; у Афрыцы — Малі, Нігерыя, ЦАР, ДР Конга, Эфіопія, Самалі і Паўднёвы Судан; у Еўропе — Нагорны Карабах (канфлікт Арменіі і Азербайджана), Украіна, Грузія (Абхазія і Паўднёвая Асеція), Малдова (Прыднястроўе), Кіпр, Косава; у Амерыцы — Калумбія, Сальвадор, Мексіка, Парагвай.

Геаканфлікталогія. Праблема канфліктаў у свеце прыцягнула ўвагу шматлікіх навуковых дысцыплін. Узаемасувязь паміж канфліктам і яго характарам, з аднаго боку, і геаграфічнай зонай канфлікту, з другога, фарміруе новы напрамак сацыяльна-эканамічнай геаграфіі — геаканфлікталогію.

Геаканфлікталогія — гэта навука, якая вывучае ў адзінстве геаграфічныя, палітычныя і іншыя фактары, што аказваюць уплыў на ўзнікненне, развіццё і зыход палітычных, у тым ліку ўзброеных канфліктаў.

Найбольш актыўна развіваецца гэты навуковы напрамак у краінах Еўропы.

Падвядзём вынікі. На палітычнай карце свету вылучаюць ... і ... канфлікты. Існуе шэраг прычын узнікнення канфліктаў: ... .

Прыкладам непрызнаных дзяржаў з’яўляецца ... . Квазідзяржава — гэта ... .

Геаканфлікталогія — новы напрамак у сацыяльна-эканамічнай геаграфіі. Асноўная роля ў вырашэнні міжнародных канфліктаў належыць ААН.

Праверым свае веды. 1. Якія асноўныя прычыны і віды канфліктаў у свеце? 2. Што такое сепаратызм? 3. Чым адрозніваецца рэгіянальны канфлікт ад лакальнага? 4. Прывядзіце прыклады канфліктаў у Еўропе і Азіі. 5. Якія асноўныя прычыны ўзброеных канфліктаў? Якая іх геаграфія?

Ад простага да складанага. 1. Пра якія ўзброеныя канфлікты вы чулі з інфармацыйных крыніц на працягу апошняга месяца? 2. Выкарыстоўваючы матэрыялы сайта Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследавання праблем свету, зрабіце кароткае паведамленне аб прычынах і асаблівасцях узброеных канфліктаў у Азіі.

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследавання праблем свету.