§ 3. РЭГІЯНАЛЬНЫЯ І ЛАКАЛЬНЫЯ КАНФЛІКТЫ Ў СВЕЦЕ

Рэгіянальныя і лакальныя канфлікты. Рэгіянальныя і лакальныя канфлікты характарызуюць маштаб уздзеяння супярэчнасцей. Рэгіянальны канфлікт прадугледжвае ўдзел дзвюх і больш дзяржаў аднаго рэгіёна. Лакальны канфлікт адбываецца, як правіла, паміж дзвюма дзяржавамі і закранае пераважна іх інтарэсы (тэрытарыяльныя, эканамічныя, палітычныя і інш.).

Для кожнага рэгіёна характэрныя як рэгіянальныя, так і лакальныя канфлікты. Частка іх адбываецца ў мірнай/няўзброенай форме, а некаторыя — у форме ўзброенага канфлікту (мал. 16).

У выніку пашырэння інтэграцыі ў Еўропе, якая выступае адносна стабільным рэгіёнам свету, тут застаецца шэраг рэгіянальных канфліктаў. У іх аснове ляжаць сепаратызм, эканамічныя, культурна-рэлігійныя і іншыя прычыны. Прыкладамі лакальных канфліктаў у Еўропе па этнаканфесійных і сацыяльна-эканамічных прычынах з’яўляюцца Каталонія, Краіна Баскаў. Прыкладамі канфліктаў на глебе сепаратызму выступаюць Косава, Чачня, Прыднястроўе, Абхазія, Нагорны Карабах.

Свет і Беларусь. Назавіце тэрыторыі, бліжэй за ўсё размешчаныя да меж Рэспублікі Беларусь, дзе сёння працягваюцца рэгіянальныя або лакальныя канфлікты.

Азія з другой паловы ХХ ст. характарызуецца шматлікімі канфліктамі па палітычных і эканамічных прычынах. Асаблівае месца ў рэгіёне займаюць узброеныя канфлікты. Асноўнымі краінамі, дзе яны адбываюцца, з’яўляюцца Ізраіль, Емен, Сірыя (мал. 17), Іран, Ірак, краіны Персідскага заліва і інш. У Азіі адбываюцца канфлікты і на глебе сепаратызму (напр., Курдыстан, Кашмір).

Афрыка ў апошнія дзесяцігоддзі стала самым канфліктанебяспечным рэгіёнам свету. На працягу многіх гадоў балючымі кропкамі рэгіёна з’яўляюцца Самалі, Судан, ДР Конга, Нігерыя, Эфіопія і іншыя краіны. Большасць канфліктаў адбываецца па этнічных і рэлігійных прычынах, на глебе сепаратызму і вырашаецца ўзброеным шляхам.

На канфлікты ў Амерыцы найбольшы ўплыў аказалі этнаканфесійны і сацыяльна-эканамічны фактары, часам — сепаратызм. Прыкладамі з’яўляюцца Квебек у Канадзе, Ч’япас у Мексіцы і інш. Нягледзячы на невялікую колькасць лакальных канфліктаў, у Амерыцы захоўваюцца спрэчныя тэрыторыі і межы. Напрыклад, Калумбія і Венесуэла вядуць даўнюю спрэчку аб падзеле тэрытарыяльных вод у Венесуэльскім заліве. У цэлым у параўнанні з іншымі рэгіёнамі канфлікты ў Амерыцы адносна ўрэгуляваныя.