§ 2. АБ’ЕКТЫ ПАЛІТЫЧНАЙ КАРТЫ СВЕТУ

*Роля сталіц ва ўпраўленні дзяржаўнай тэрыторыяй, віды сталіц. Палітычныя функцыі сталіц вызначаюць эфектыўнасць кіравання і кантролю над усёй дзяржаўнай тэрыторыяй.

Вылучаюць тры групы сталіц:

1) сталіца пастаянная, якую называюць таксама гістарычнай сталіцай. Яна выконвае функцыі галоўнага адміністрацыйнага, гаспадарчага і культурнага цэнтра краіны на працягу некалькіх стагоддзяў, размешчана ў гістарычным ядры дзяржавы. Гэта, напрыклад, Парыж, Рым, Афіны і інш.;

2) сталіца прызначаная, якая ўсталявана на аснове прынятых рашэнняў заканадаўчай улады ў новы час. Такі тып характэрны для некаторых краін перасяленчага капіталізму (напрыклад, у Аўстраліі на ролю сталіцы канкурыравалі Мельбурн і Сіднэй, але было прынята рашэнне: будаўніцтва новай сталіцы Канберы, роўнааддаленай ад гэтых цэнтраў);

3) сталіца падзеленая функцыянуе ў дзяржавах, дзе функцыі кіравання не сканцэнтраваны ў адным цэнтры, а падзелены паміж некалькімі гарадамі. Напрыклад, у Нідэрландах парламент размяшчаецца ў Гаазе, а каралеўская рэзідэнцыя ў афіцыйнай сталіцы — Амстэрдаме.

Свет і Беларусь. Да якой групы сталіц адносіцца сталіца Рэспублікі Беларусь г. Мінск? Свой адказ аргументуйце.