§ 2. АБ’ЕКТЫ ПАЛІТЫЧНАЙ КАРТЫ СВЕТУ

Сярод несамакіравальных вылучаюцца тэрыторыі асаблівага эканамічнага статусу — афшорныя зоны. Афшорную зону адрозніваюць наступныя прыкметы: падатковыя льготы (нізкія падатковыя стаўкі); ананімнасць ажыццяўлення бізнесу; адсутнасць валютнага кантролю; магчымасць вядзення аперацый у любой валюце і інш.

Па класіфікацыі міжнароднай Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), краіны, дзе рэгіструюць афшорныя кампаніі, падраздзяляюць на дзве групы (мал. 8-2).

Мал. 8-2. Групы афшорных краін

У краінах першай групы дзяржава не прад'яўляе ніякіх патрабаванняў да справаздачнасці, акрамя ўнясення штогадовага фіксаванага збору ў казну. Звычайна ў такіх краінах не вядзецца рэестр акцыянераў і дырэктараў, канфідэнцыяльнасць валодання кампаніяй вельмі высокая.

У краінах другой групы пры захаванні падатковых ільгот патрабуюць фінансавую справаздачнасць. З боку ўрада гэтых дзяржаў кантроль больш жорсткі, чым у краінах першай групы. У гэтых краінах вядзецца рэестр дырэктараў і акцыянераў, але і прэстыж кампаній значна вышэйшы.

Для невялікіх астраўных тэрыторый гэтая дзейнасць з'яўляецца сур'ёзнай крыніцай даходу.