§ 2. АБ’ЕКТЫ ПАЛІТЫЧНАЙ КАРТЫ СВЕТУ

Развіццё дзяржавы суправаджаецца доўгім працэсам фарміравання гістарычнага ядра і паступовага прырашчэння да яго тэрыторыі, што акружае гэта ядро. Тэрыторыя дзяржавы ўяўляе з сябе частку геаграфічнай прасторы, якая знаходзіцца пад суверэнітэтам пэўнай дзяржавы. Гэта азначае міжнародна прызнаныя выключныя паўнамоцтвы дзяржавы на пэўнай тэрыторыі.

Дзяржаўная тэрыторыя (ДТ) выступае натуральным асяроддзем пражывання насельніцтва і функцыянавання дзяржавы і ўключае ў сябе шэраг элементаў (мал. 8-1).

Дзяржаўная тэрыторыя характарызуецца плошчай, асаблівасцямі геаграфічнага становішча, пэўнымі прыроднымі ландшафтамі, узроўнем гаспадарчай засвоенасці і г. д. У мінулым памеры тэрыторыі дзяржавы і яе прырашчэнне ўспрымаліся як сімвал магутнасці і залог геапалітычнай моцы.