§ 2. АБ’ЕКТЫ ПАЛІТЫЧНАЙ КАРТЫ СВЕТУ

Прасторавыя формы дзяржаў. Дзяржаўная тэрыторыя ў межах дзяржаўных рубяжоў ахоплівае: 1) частку паверхні зямной сушы; 2) унутраныя і тэрытарыяльныя воды; 3) паветраную прастору, якая распасціраецца над сушай і водамі. Важным параметрам дзяржаўнай тэрыторыі з’яўляецца канфігурацыя і форма тэрыторыі краіны.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Напрыклад, кампактная форма будзе спрыяць роўнааддаленай даступнасці асобных рэгіёнаў і меншай расцягнутасці камунікацый. У дзяржавах выцягнутай або няправільнай формы або тэрытарыяльна раз’яднаных (размешчаных на архіпелагах) цяжэй забяспечыць раўнамернае эканамічнае развіццё, арганізаваць ахову дзяржаўнай мяжы; у аддаленых раёнах з этнічнымі меншасцямі можа развівацца сепаратызм.

На аснове канфігурацыі дзяржаўнай тэрыторыі вылучаюць некалькі прасторавых форм дзяржаў:

1) Дзяржавы выцягнутай або няправільнай формы (напр., Чылі, Нарвегія, В’етнам, Італія, Гамбія). Тэрыторыя гэтых краін працягнулася ўздоўж марскога ўзбярэжжа або даліны буйных рэк на многія сотні кіламетраў (мал. 11).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Напрыклад, размешчаная ў цэнтры сталіца Чылі — Сант’яга — мае слабыя эканамічныя сувязі з пустыннымі раёнамі паўночных меж з Перу і Балівіяй, а таксама палярнымі марскімі раёнамі Вогненнай Зямлі. Вялікая працягласць Італіі з поўначы на поўдзень з’яўляецца адной з прычын эканамічных адрозненняў краіны.

2) Дзяржавы з кампактнай тэрыторыяй, якія маюць форму, блізкую да квадрата або круга (напр., Францыя, Іспанія, Польшча, Венгрыя і інш.) (мал. 12). Пры такой форме назіраецца роўная аддаленасць усіх прыгранічных раёнаў ад цэнтра краіны.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Аднак пры адносна спрыяльнай знешняй форме на тэрыторыі краіны могуць знаходзіцца буйныя прыродныя бар’еры і цяжкадаступныя раёны. Гэтыя натуральныя перашкоды робяць цяжкім функцыянаванне дзяржавы. Напрыклад, Перу падзелена на дзве часткі высокімі хрыбтамі Анд, а пустынныя раёны Егіпта слаба заселены і часткова ізаляваны ад галоўнай паласы рассялення па даліне і дэльце Ніла.

3) Фрагментаваныя дзяржавы, якія складаюцца з некалькіх частак, падзеленых тэрыторыяй іншых краін або міжнароднымі водамі (напр., дзяржавы-архіпелагі — Інданезія і Філіпіны, «падвоеная» Малайзія (мал. 13), размешчаная на паўвостраве Малака і востраве Калімантан).

4) Дзяржавы, якія маюць у сваім складзе анклавы/эксклавы — невялікія раёны, адрэзаныя ад асноўнай тэрыторыі дзяржавы землямі іншых краін або размешчаныя ўнутры тэрыторыі іншых дзяржаў (напр., анклаўнае становішча займаюць Калінінградская вобласць Расіі, Нахічавань у Азербайджане, аддзеленая ад яго тэрыторыяй Арменіі (мал. 14)).

Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, прапануйце свае варыянты канфігурацыі дзяржаў на аснове іх прасторавай формы.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Паняцці «анклаў» і «эксклаў» шырока прымяняюцца ў геаграфіі і геапалітыцы для характарыстыкі своеасаблівага становішча адасобленых частак асобных дзяржаў свету. Згодна з вызначэннем Э. Б. Алаева, паняцце «анклаў» выкарыстоўваецца, калі гавораць аб тэрыторыі чужой дзяржавы. Тая ж тэрыторыя, але ў адносінах да сваёй дзяржавы будзе называцца «эксклавам». Таму розніца паняццяў ляжыць толькі ў прававой плоскасці. З пункту гледжання геаграфіі, гэта адзін і той жа ўчастак.

Падвядзём вынікі. Аб’ектамі палітычнай карты свету з’яўляюцца ... . На палітычнай карце налічваецца ... незалежных дзяржаў і ... залежных тэрыторый.

Колькасць залежных тэрыторый пастаянна скарачаецца.

Асноўная роля ААН у фарміраванні сучаснай палітычнай карты свету заключаецца ў забеспячэнні калектыўнай бяспекі краін-удзельніц, прадухіленні развіцця палітычных канфліктаў.

Праверым свае веды. 1. Назавіце асноўныя аб’екты палітычнай карты свету. 2. Назавіце асноўныя прасторавыя формы дзяржаў. 3. Якія тэндэнцыі характэрныя для сучаснай палітычнай карты свету?

Ад простага да складанага. 1. Пра якія бягучыя аперацыі ААН вы чулі з інфармацыйных крыніц на працягу апошняга месяца? 2. Падрыхтуйце паведамленне пра служачых міратворчай місіі ААН.

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Афіцыйны сайт ААН.
Афіцыйны сайт ААН у Беларусі.