§ 2. АБ’ЕКТЫ ПАЛІТЫЧНАЙ КАРТЫ СВЕТУ

Роля ААН у фарміраванні палітычнай карты свету. З моманту стварэння ў 1945 г. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый (ААН) садзейнічае ўмацаванню міру і спрыяе аднаўленню міру пры ўзнікненні ўзброеных канфліктаў. Аперацыі ААН па падтрыманні міру з’яўляюцца адным з найбольш эфектыўных інструментаў для забеспячэння міру і бяспекі.

Свет і Беларусь. З якога года Рэспубліка Беларусь з’яўляецца членам ААН?

Міратворчая дзейнасць ААН знаходзіць шырокае прымяненне ў сітуацыях, звязаных з унутрыдзяржаўнымі канфліктамі і грамадзянскімі войнамі. З моманту заснавання ААН ажыццявіла 71 аперацыю па падтрыманні міру (мал. 9).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. У канцы 1990-х гг. міратворчыя аперацыі былі праведзены ў ДР Конга, ЦАР, Сьера-Леонэ і Косава. У пачатку ХХІ ст. міратворцы ААН выконвалі свае задачы ў Ліберыі, Кот-д’Івуары, Паўднёвым Судане, Гаіці і Малі. У цяперашні час ажыццяўляецца 14 міратворчых аперацый (мал. 10).

ААН непасрэдна не ўплывае на фарміраванне палітычнай карты свету. Аднак членства ў ААН у сучаснай сістэме міжнародных адносін стала найважнейшым сімвалам усеагульнага прызнання дзяржаўнасці, свайго роду «залатым стандартам» міжнароднай законнасці.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Цікава, што асноўным і адзіным міжнародным дакументам, у якім пералічваюцца прыкметы дзяржаўнасці з пазіцыі міжнароднага права, з’яўляецца Канвенцыя Монтавідэа, падпісаная ў 1933 г. У ёй замацаваны чатыры асноўныя прыкметы дзяржавы: пастаяннае насельніцтва, пэўная тэрыторыя, уласны ўрад, здольнасць да ўступлення ў адносіны з іншымі дзяржавамі.