§ 14. Прасторавая ізамерыя алкенаў

Прасторавая ізамерыя алкенаў

У папярэднім параграфе мы разгледзелі разнавіднасці структурнай ізамерыі алкенаў — ізамерыю становішча двайной сувязі і ізамерыю вугляроднага шкілета. Акрамя структурнай ізамерыі, для алкенаў магчыма прасторавая ізамерыя. Гэта звязана з тым, што малекулы алкенаў, нават маючы аднолькавую паслядоўнасць злучэння атамаў і аднолькавае становішча двайной сувязі, могуць адрознівацца размяшчэннем атамаў у прасторы.

Як мы ўжо ведаем, у малекулах алканаў лёгка адбываецца вярчэнне вакол адзінарных сувязей вуглярод-вуглярод (лаб. дослед 1). Дзякуючы гэтаму вугляродны ланцуг можа прымаць розныя прасторавыя формы. Напрыклад, для малекулы н-бутану:

img

У адным з падручнікаў па арганічнай хіміі сукупнасць малекул алканаў параўналі са скопішчам чарвячкоў, якія бесперапынна звіваюцца.

Інакш ідзе справа ў выпадку алкенаў. Разгледзім будову малекулы бутэну-2:

img

Атамы вугляроду, злучаныя двайной сувяззю, знаходзяцца ў стане sp2-гібрыдызацыі (§ 12), таму для малекулы бутэну-2 магчымы дзве плоскія структуры:

img

У структуры 1 метыльныя групы размешчаны па адзін бок адносна двайной сувязі, у структуры 2 — па розныя бакі. З-за немагчымасці вярчэння вакол двайной сувязі структуры 1 і 2 не могуць ператварацца адна ў адну пры звычайных умовах і таму абазначаюць розныя рэчывы, гэта значыць ізамеры.

Калі замяшчальнікі (у дадзеным выпадку метыльныя групы) знаходзяцца па адзін бок двайной сувязі:

img

адпаведны ізамер называецца — цыс-ізамерам.

У выпадку размяшчэння замяшчальнікаў па розныя бакі двайной сувязі:

img

адпаведны ізамер называецца — транс-ізамерам.

Такім чынам, бутэн-2 існуе ў выглядзе двух ізамераў, у малекулах якіх паслядоўнасць злучэння атамаў і становішча двайной сувязі цалкам аднолькавыя, але прасторавае размяшчэнне атамаў адрозніваецца.

img

Паколькі цыс-бутэн-2 і транс-бутэн-2 з’яўляюцца рознымі рэчывамі (ізамерамі), яны маюць розныя ўласцівасці. Тэмпература плаўлення цыс-бутэну-2 складае –138,9 °С, у транс-бутэну-2 яна больш чым на 33 °С вышэй (–105,5 °С).

Прасторавая ізамерыя магчыма толькі тады, калі кожны з атамаў вугляроду, злучаных двайной сувяззю, мае замяшчальнік або два розныя замяшчальнікі. Калі хаця б адзін атам вугляроду, злучаны двайной сувяззю, не мае замяшчальнікаў або мае аднолькавыя замяшчальнікі, то прасторавая ізамерыя немагчыма:

img

Структурнымі ізамерамі бутэну-2 з’яўляюцца бутэн-1 і 2-метылпрапен. Разгледзім будову іх малекул на прадмет магчымасці існавання прасторавых ізамераў:

img

Відавочна, што перастаноўка месцамi двух атамаў вадароду групы СН2 img не змяняе малекулы ні бутэну-1, ні 2-метылпрапену. Адсюль вынікае, што сярод ізамерных бутэнаў толькі бутэн-2 можа існаваць у выглядзе прасторавых ізамераў.

Такім чынам, існуе чатыры ізамерныя бутэны:

img

Цыс-бутэн-2 і транс-бутэн-2 з’яўляюцца прасторавымі ізамерамі.

Для алкенаў магчыма структурная і прасторавая ізамерыя. Прасторавыя ізамеры маюць аднолькавую паслядоўнасць злучэння атамаў і аднолькавае становішча двайной сувязі, але адрозніваюцца прасторавым размяшчэннем атамаў у малекуле.

Узнікненне прасторавай ізамерыі ў алкенаў абумоўлена немагчымасцю вярчэння вакол двайной сувязі.

Алкены, якія маюць замяшчальнікі ў атамаў вугляроду, звязаных двайной сувяззю, могуць існаваць у выглядзе прасторавых цыс- і транс-ізамераў.