§ 21-1. Навука і культура эпохі Рэнесансу

4. Мастацтва Паўночнага Рэнесансу

Ідэі Рэнесансу, якія зарадзіліся ў італьянскіх гарадах-дзяржавах, дзе камерсанты і багатыя прадстаўнікі сярэдняга класа падтрымлівалі навуку і мастацтва, паступова распаўсюдзіліся ў Паўночнай Еўропе і Іспаніі. Аднак тут яшчэ захоўваліся феадальныя адносіны і моцныя традыцыі сярэднявечнага рыцарства. Таму ў Паўночнай Еўропе апекунамі мастацтваў былі каралі, каралевы і знаць, а не купцы і банкіры.

Акрамя таго, навукоўцы Паўночнай Еўропы і Іспаніі больш традыцыйна падыходзілі да пытанняў рэлігіі, чым італьянскія гуманісты. Яны вывучалі перш за ўсё класічныя тэксты ранніх хрысціянскіх аўтараў, а не працы антычных грэкаў або рымлян.

У XV—XVI стст. мастацкім цэнтрам Паўночнай Еўропы была Фландрыя. Фламандскія мастакі, такія як Ян ван Эйк, імкнуліся па-наватарску адлюстраваць разнастайную прыгажосць рэальнага свету і чалавека. Па-новаму ўжываючы тэхніку пісьма алеем, Ян ван Эйк у сваіх палотнах здолеў паказаць напоўненую святлом прастору, падкрэсліваючы драбнюткія дэталі.

Яркімі прадстаўнікамі Паўночнага Адраджэння былі такія таленавітыя мастакі, як Пітэр Брэйгель Старэйшы і Іеранім Босх з Нідэрландаў, Альбрэхт Дзюрэр з Германіі.

Нягледзячы на адрозненні паміж італьянскім Адраджэннем і Рэнесансам у Паўночнай Еўропе, мастакі, пісьменнікі і навукоўцы з абодвух цэнтраў пераследавалі падобныя мэты. Яны надавалі асаблівае значэнне ўдасканаленню чалавечых цела і душы, звярталіся да вывучэння класічнай навукі, усхвалялі актыўны творчы дух, які карэнным чынам змяніў мысленне жыхароў Заходняй Еўропы. У эпоху Рэнесансу людзей больш цікавіла дасягненне поспеху пры зямным жыцці, а не праблемы замагільнага існавання, як у Сярэднявеччы, хоць пры гэтым нават самыя смелыя дзеячы Адраджэння ніколі не пераставалі верыць у Бога.

Пад уплывам гуманістычных ідэй паступова мяняліся грамадскія ідэалы, трансфармаваліся дзяржаўныя мадэлі кіравання і палітычныя прынцыпы. Паслабленне рэлігійнага і палітычнага ўплыву каталіцкай царквы адкрыла шлях для новых поглядаў і новых метадаў пазнання навакольнага свету. Страчванне латынню статусу пануючай мовы і пашырэнне кнігадрукавання на нацыянальных мовах садзейнічалі хуткаму распаўсюджванню новых ведаў. Адукаванасць перастала быць прэрагатывай вузкага кола людзей — вышэйшых царкоўных іерархаў, манаства і знаці.