§ 21-1. Навука і культура эпохі Рэнесансу

1. Зараджэнне сучаснай навукі

Эпоха Адраджэння стала адпраўной кропкай фарміравання навуковых ведаў новага тыпу. Менавіта ў гэты перыяд былі закладзены асновы гуманітарных навук і прыродазнаўства. Першым важным крокам гуманістаў стала вывучэнне культурнай спадчыны Старажытнай Грэцыі і Старажытнага Рыма.

Вялікі ўнёсак у адраджэнне антычных ведаў, страчаных у часы Сярэднявечча, зрабіў знакаміты італьянскі гуманіст Франчэска Петрарка. Ён шмат падарожнічаў, збіраў старажытнарымскія і старажытнагрэчаскія рукапісы па ўсёй Еўропе. Ф. Петрарка асабліва цаніў працы рымскага палітычнага дзеяча Цыцэрона і хрысціянскага тэолага і філосафа Аўгусціна Блажэннага. Менавіта ў антычнай культуры ён знайшоў вытокі светапогляду, арыентаванага не на Бога, а на чалавека.

Услед за Петраркам пошукам антычных рукапісаў заняліся многія гуманісты. Часта яны літаральна ратавалі старажытныя манускрыпты, знаходзячы іх у манастырскіх бібліятэках.

Збіральнікі рукапісаў імкнуліся аднавіць знойдзеныя тэксты ў іх першапачатковай форме. Таму даводзілася параўноўваць па некалькі копій адной і той жа працы, каб убачыць, дзе пры перапісванні былі зроблены памылкі. Навукоўцы таксама спрабавалі вызначыць, калі быў напісаны той ці іншы манускрыпт. Для гэтага яны стварылі спецыяльную тэхніку аналізу гістарычных дакументаў, заснаваную на крытычным падыходзе. Вялікі ўнёсак у яе распрацоўку зрабіў італьянскі гуманіст XV ст. Ларэнца Вала. Ён старанна вывучыў і прааналізаваў дакумент пад назвай «Канстанцінаў дар», які адносіўся да Ранняга сярэднявечча і якім, як лічылася, рымскі імператар Канстанцін Вялікі зацвердзіў правы рымскага папы як кіраўніка хрысціянскай царквы і даў яму вярхоўную ўладу над Рымам, Італіяй і заходнімі правінцыямі імперыі. Вучоны ўстанавіў, што ў тэксце змяшчаецца тэрмін «феод», які не быў вядомы ў часы праўлення Канстанціна. Тым самым Л. Вала неабвержна даказаў, што «Канстанцінаў дар» быў сфабрыкаваны ў папскай канцылярыі ў VIII ст.

Калі ў гуманітарнай сферы распрацоўваўся крытычны метад аналізу крыніц, то ў прыродазнаўстве на пярэдні план быў вылучаны вопыт. Тэарэтычныя веды патрабавалі эксперыментальнага пацверджання. Знакаміты польскі астраном Мікалай Капернік прапанаваў геліяцэнтрычную тэорыю, аспрэчыўшы сярэднявечнае вучэнне пра Зямлю як цэнтр Сусвету. Эксперыментальным шляхам правільнасць гэтай тэорыі крыху пазней даказаў італьянскі астраном Галілеа Галілей. Для назірання за нябеснымі целамі ён вынайшаў тэлескоп, дзякуючы якому змог выявіць спадарожнікі Юпітэра, апісаць горны рэльеф Месяца і скапленне зорак Млечнага Шляху. Многія механізмы па чарцяжах інжынерных праектаў італьянскага мастака, навукоўца і вынаходніка Леанарда да Вінчы эксперыментальна былі створаны толькі праз 500 гадоў.