§ 21. Гуманізм і Адраджэнне

1. Гістарычныя перадумовы развіцця культуры Адраджэння

Перыяд ідэйнага і культурнага развіцця краін Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, які ахоплівае XIV–XVI стст., увайшоў у гісторыю пад назвай Рэнесанс (фр. Renaissance — ​Адраджэнне). Адмова ад сярэднявечнай рэлігійнасці і аскетызму, росквіт гуманізму, навуковыя адкрыцці і новыя вынаходствы сталі характэрнымі рысамі новай эпохі.

У чым жа былі прычыны станаўлення ў Еўропе новай культуры? У пашырэнні гандлёвых сувязяў і знаёмстве з іншымі народамі? Ва ўрбанізацыі, развіцці рамёстваў і фінансавай сістэмы? У падзенні аўтарытэту каталіцкай царквы і станаўленні нацыянальных дзяржаў? Ці вырашальным фактарам стала абуджэнне цікавасці еўрапейцаў да Антычнасці?

Рэнесанс пачаўся з Італіі — ​самага ўрбанізаванага рэгіёна Еўропы, дзе найраней пачалі складвацца капіталістычныя адносіны. У італьянскіх гарадах-дзяржавах феадальная знаць была цесна звязана з купецкімі вярхамі, а саслоўная структура была моцна размытая. Менавіта ў гарадскім асяроддзі найбольш выразна стала праяўляцца дынаміка ў светаўспрыманні розных слаёў грамадства. Для вядзення новай камерцыйнай дзейнасці патрабаваўся новы светапогляд, які засяроджваўся б не на Богу, а на дзейсным, актыўным, паспяховым чалавеку. Не дзіва, што менавіта італьянскія гарады сталі цэнтрамі навукі і мастацтва, вольнымі ад царкоўных канонаў і прадпісанняў.

Важнай рысай станаўлення культуры Адраджэння стала аслабленне ўплыву царквы на грамадства. Маральная разбэшчанасць і духоўны застой настроілі супраць каталіцкага духавенства вальнадумных людзей. Свецкія правіцелі таксама былі незадаволеныя ўплывам царквы, яны аддавалі перавагу правядзенню незалежнай палітыкі, накіраванай на стварэнне цэнтралізаваных дзяржаў з абсалютнай уладай правіцеля.

Крыжовыя паходы на Усход, падзенне Візантыі ў 1453 г., а таксама знаёмства з араба-мусульманскім светам узбагацілі еўрапейскую культуру, прывялі да пераймання новых, не характэрных для яе прывычак і звычаяў. Аднак не варта забывацца пра тое, што мусульманская культура ўвабрала ў сябе многае з антычнай спадчыны. На арабскую мову былі перакладзены практычна ўсе знакамітыя працы грэчаскіх аўтараў. З арабскага Усходу ў Еўропу трапілі творы Платона, Арыстоцеля, Піфагора, Эўкліда і інш. Яшчэ ў большай ступені, чым арабская культура, Антычнасцю была прасякнутая культура візантыйцаў. Яны, уцякаючы ў Еўропу пасля падзення Канстанцінопаля, перавозілі свае бібліятэкі з працамі грэчаскіх і рымскіх аўтараў.

Адкрыццё новых зямель і кантынентаў прывяло еўрапейцаў да разумення памылковасці хрысціянскага апісання свету з уяўленнямі плоскай Зямлі і руху Сонца вакол яе. Дасягненні ў галіне астраноміі, далёкія плаванні і кругасветныя падарожжы паказалі людзям рэальны свет. Пашырэнне прасторавых гарызонтаў патрабавала новай інтэрпрэтацыі рэчаіснасці і месца чалавека ў ёй. Ідэал сярэднявечнага манаха-аскета больш не задавольваў актыўную, прадпрымальную частку еўрапейскага грамадства.