§ 21-1. Навука і культура эпохі Рэнесансу

3. Італьянскі Рэнесанс

Палітычныя і эканамічныя ўмовы, што склаліся ў Паўночнай Італіі, забяспечылі спрыяльную глебу для ўзнікнення там Рэнесансу. Асаблівую ролю ў італьянскім Адраджэнні адыграў знатны род Медычы, які правіў Фларэнцыяй з XV ст. Джавані Медычы заснаваў там гандлёва-банкаўскую кампанію, якая стала адной з найбуйнейшых у Еўропе. Але асаблівага росквіту дасягнула Фларэнцыя падчас праўлення Ларэнца Медычы, празванага Цудоўным.

Правіцель Фларэнцыі лічыўся адным з самых адукаваных людзей свайго часу. Гуманіст, філосаф і паэт, ён зрабіў Фларэнцыю культурным цэнтрам Італіі. Тут тварылі славутыя мастакі, скульптары і архітэктары. Славіліся выдатнымі майстрамі таксама Рым, Венецыя і Мілан.

Прадстаўнікі багатага купецтва, у адрозненне ад феадалаў, імкнуліся да атрымання шырокіх ведаў, якія былі неабходныя ім для паспяховага вядзення гандлю, ажыццяўлення грашовых аперацый і развіцця прамысловасці. Таму ў асаблівай пашане былі настаўнікі і прафесары, навукоўцы і інжынеры, юрысты і лекары. Акрамя таго, багатыя гараджане станавіліся заступнікамі мастацтваў, якія ў эпоху Рэнесансу квітнелі.

Італьянскі паэт Франчэска Петрарка ствараў дзівосныя і чароўныя вершы. Ён ўдасканаліў паэтычную форму санета. Яго творчасць аказала вялікі ўплыў на пісьменнікаў эпохі Адраджэння.

Абжорства, ленасць думкі, дух бяздзейны
Пачатак добры ў людзях зменяць на ліхí:
На свеце цнотаў стала ўсё меней,
І да прыроды чалавек глухі.

Франчэска Петрарка. Санет VII

Джавані Бакача, другі італьянскі пісьменнік, здабыў сусветную вядомасць дзякуючы свайму твору «Дэкамерон» — зборніку, які складаецца са ста навел. У «Дэкамероне» апавядаецца пра тое, як дзесяць юнакоў і дзяўчат, ратуючыся ад чумы ў Фларэнцыі, схваліся на загараднай віле і на працягу дзесяці дзён распавядалі кожны па адной навеле ў дзень (адсюль і назва: «Дэкамерон» па-грэчаску азначае «Дзесяцідзён»). Зборнік прасякнуты адчуваннем радасці жыцця, якое перамагае над крывадушнымі прадпісаннямі царквы і сярэднявечнай маралі.

Падобна да літаратуры, жывапіс, скульптура і архітэктура таксама былі прасякнутыя духам Рэнесансу. Самымі знакамітымі італьянскімі мастакамі канца XV — пачатку XVI ст. былі Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэль Санці. Мікеланджэла апеў прыгажосць чалавечага цела, яго творы сталі эталонам для наступных эпох. Рафаэль, які дасягнуў найвышэйшага майстэрства ў адлюстраванні мадоннаў, быў таксама вядучым архітэктарам пры ўзвядзенні сабора святога Пятра ў Рыме. Акрамя таго, ён займаўся перапісам старажытнарымскіх помнікаў і адказваў за іх захаванне. Сімвалам італьянскага Адраджэння можна назваць Леанарда да Вінчы, які быў не толькі таленавітым мастаком, але таксама геніяльным навукоўцам і вынаходнікам. Свае назіранні ён выказаў у дзясятках дзённікаў. З іх мы можам даведацца пра адкрыцці да Вінчы ў галіне анатоміі, оптыкі, механікі, геалогіі і фізікі. Леанарда быў таленавітым вынаходнікам — ён прыдумаў мноства розных машын, у тым ліку спраектаваў лятальны апарат, цяжэйшы за паветра.

За сваё доўгае творчае жыццё вялікі майстар Адраджэння скульптар Данатэла стварыў мноства выдатных твораў. Асаблівую вядомасць набыла бронзавая скульптура біблейскага старажытнаяўрэйскага цара Давіда. Майстар паказаў яго ў выглядзе юнака з народа. Давід вельмі прыгожы, яго аголенае цела дзівіць тым, з якой анатамічнай дакладнасцю яно створана, але ў той жа час яно вытанчанае, пазбаўленае натуралістычнага падкрэслівання дэталяў.