§ 21-1. Навука і культура эпохі Рэнесансу

2. Развіццё палітычных ідэй, свецкай адукацыі і кнігадрукавання

Гуманісты былі веруючымі людзьмі. Аднак яны па-новаму глядзелі на ролю царквы ў грамадстве. Яны адмовіліся ад тлумачэння чалавечых учынкаў Божай воляй, а царква перастала быць для іх бясспрэчным аўтарытэтам.

У палітычным плане як альтэрнатыва ідэі пра аб'яднаўчую ролю, якая ўскладзена на папства ва ўмовах феадальнай раздробленасці, пачало афармляцца ўяўленне пра нацыянальную дзяржаву з абсалютнай уладай правіцеля — абсалютызмам. Гуманісты лічылі, што толькі моцная дзяржава здольна згуртаваць грамадства, супрацьстаяць дыктату рымскай каталіцкай царквы і знешняй пагрозе.


Адным з самых вядомых прыхільнікаў тэорыі абсалютызму стаў італьянскі мысліцель Нікола Макіявелі. Ён выступаў за цэнтралізаваную дзяржаву на чале з правіцелем, які мае абсалютную ўладу. Макіявелі лічыў, што толькі стварэнне такой дзяржавы было здольна знішчыць раздробленасць Італіі, знямоглай на рубяжы XV—XVI стст. ад пастаянных міжусобных войнаў.

Н. Макіявелі паходзіў з арыстакратычнай італьянскай сям'і. Ён вывучаў працы старажытнагрэчаскіх і старажытнарымскіх аўтараў. Яшчэ ў юныя гады ён зацікавіўся палітыкай, пазней займаў дзяржаўныя пасады ў Фларэнцыі. Асабісты палітычны вопыт дапамог Н. Макіявелі напісаць знакамітую працу пад назвай «Гасудар», у якой былі выкладзены прынцыпы цэнтралізаванага дзяржаўнага кіравання. На думку Н. Макіявелі, правіцель павінен кіравацца неабходнасцю, адмаўляючыся ад маральных прадпісанняў. Ён лічыў, што ў інтарэсах сваёй дзяржавы палітык можа хлусіць, парушаць клятвы і выкарыстоўваць гвалт. Такія метады вядзення палітыкі пазней былі названыя макіявелізмам.

У эпоху Адраджэння таксама пачала афармляцца ідэя суверэннай улады. Яе распрацоўкай заняўся французскі філосаф і гісторык Жан Бадэн. Галоўная яго праца — «Шэсць кніг пра дзяржаву» — пасля перакладу на лацінскую мову ў 1580 г. стала адной з самых папулярных у Еўропе работ па прынцыпах дзяржаўнага кіравання. У ёй Ж. Бадэн даў азначэнне дзяржаве, пад якой разумеў «ажыццяўленне суверэннай уладай справядлівага кіравання шматлікімі сем'ямі і тым, што знаходзіцца ў іх агульным валоданні». Філосаф лічыў, што стварыць паўнавартасную дзяржаву без суверэннай улады немагчыма. Ён таксама назваў асноўныя рысы такой улады: неабмежаванасць, непадзельнасць, пастаяннасць, а таксама падпарадкаванне толькі боскім законам. Ж. Бадэн асабліва падкрэсліваў, што царква не мае права ўмешвацца ў справы суверэна, у руках якога сканцэнтравана гэта ўлада. Характэрна, што ў якасці суверэна, на думку Ж. Бадэна, можа выступаць не толькі адзін чалавек, але таксама група асоб або нават усе людзі дзяржавы. Філосаф лічыў, што ў залежнасці ад таго, каму належыць суверэнітэт, можна вылучыць некалькі форм праўлення: манархію, арыстакратыю і дэмакратыю. Ідэі Ж. Бадэна адыгралі значную ролю ў далейшым развіцці прынцыпаў уладкавання суверэнных нацыянальных дзяржаў.

Асаблівую ўвагу гуманісты надавалі адукацыі. Яны выступалі супраць царкоўнага кантролю над гэтай сферай, даказвалі неабходнасць свецкай адукацыі, свабоднай ад рэлігійных догмаў. Знакамітыя мысляры Рэнесансу Томас Мор і Тамаза Кампанела меркавалі, што вучыцца павінны ўсе дзеці, незалежна ад сацыяльнага статусу іх сем'яў. Яны таксама лічылі, што навучанне павінна арыентавацца на практыку. Вядомы французскі філосаф-гуманіст Мішэль Мантэнь таксама выказваўся за тое, што адукацыя павінна рыхтаваць дзяцей да жыцця ў рэальным свеце, але галоўнае, яна павінна быць суцэльнай і гарманічнай. Прыярытэтным М. Мантэнь лічыў вывучэнне роднай мовы, а не грэчаскай і лацінскай Цялесныя метады пакарання, якія шырока прымяняліся ў царкоўнай адукацыі, ён асуджаў.

Ідэю пра неабходнасць пошуку новых падыходаў да навучання падзялялі ўсе гуманісты. Аднак распаўсюджвалася свецкая адукацыя павольна, таму што прыходзілася пераадольваць супраціў каталіцкай царквы. Адукацыя станавілася ўсё больш запатрабаванай. Павялічвалася колькасць свецкіх пачатковых школ. Ідэі гуманізму паступова пранікалі ва ўніверсітэты, якія сталі цэнтрамі распаўсюджвання новых ведаў. У эпоху Рэнесансу ў Еўропе з'явілася шмат новых ВНУ: калі ў XIV ст. функцыянавала 29 універсітэтаў, то да 1625 г. іх колькасць дасягнула 73. ВНУ Італіі спецыялізаваліся на юрыдычных навуках і медыцыне. Ва ўніверсітэтах Англіі і Германіі вывучаліся пераважна гуманітарныя навукі і тэалогія.

Але ўсё ж адукацыя заставалася элітарнай, даступнай толькі заможным людзям — прадстаўнікам знаці і буржуазіі, якая зараджалася. Гарадская і сельская бяднота была пазбаўленая магчымасці вучыцца і знаёміцца з гуманістычнымі ідэаламі эпохі. Нядзіўна, што рэлігійны фанатызм і забабоны яшчэ доўга былі шырока распаўсюджаны сярод самых бедных слаёў насельніцтва.

Рэвалюцыйную ролю ў распаўсюджванні гуманістычных ідэй у Еўропе адыграла кнігадрукаванне. Поспехі еўрапейцаў у стварэнні друкаваных кніг былі перадвызначаныя ўкараненнем дзвюх навінак. Першым крокам на шляху да шырокага распаўсюджвання кнігадрукавання стала запазычанне еўрапейцамі ў арабаў спосабу вытворчасці таннай паперы з бавоўны. Гэта дазволіла выпускаць матэрыял для пісьма ў прамысловых маштабах. Другім крокам было канструяванне друкарскага станка. Выкарыстанне наборнага шрыфта, які складаецца з асобных літар, было вядома ў Кітаі яшчэ з XI ст. Аднак з-за таго, што ў мовах Усходу выкарыстоўваецца шмат розных іерогліфаў, друк кніг там працягваў заставацца доўгім і працаёмкім працэсам. Прымяненне ж такога метаду для друкавання кніг, напісаных на еўрапейскіх мовах, якія карыстаюцца алфавітамі з параўнальна невялікай колькасцю літар, стала сапраўдным прарывам для Еўропы. У 1440-х гг. немец Іаган Гутэнберг вынайшаў друкарскі станок для друкавання кніг з дапамогай асобных наборных літар, з якіх складалі тэкст. Вельмі дакладна падкрэсліў важнасць укаранення кнігадрукавання ў Еўропе нямецкі філосаф і навуковец XVIII ст. Георг Крыстоф Ліхтэнберг: «Больш, чым золата, змяніў свет свінец, і больш той, што ў тыпаграфскіх літарах, чым той, што ў кулях».

Кнігавыданне стала папулярным хобі сярод арыстакратыі. Кнігі нярэдка ўпрыгожваліся гравюрамі. Дзякуючы кнігадрукаванняю перадавыя палітычныя ідэі, навуковыя адкрыцці і вынаходніцтвы, літаратурныя трактаты сталі хутка распаўсюджвацца па еўрапейскіх краінах.