АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ ХІХ СТАГОДДЗЯ
*Уводзіны
У гісторыі беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя новы перыяд развіцця пачынаецца з 1795 года, з апошняга падзелу Рэчы Паспалітай, калі гэта магутная краіна знікла з карты Еўропы.
З сярэдзіны XVIII стагоддзя і да пачатку 1820-х гадоў у Еўропе панавала ідэалогія Асветніцтва. На тэрыторыі Беларусі ў XVIII стагоддзі буйнымі цэнтрамі культуры і літаратуры былі каралеўскі двор Станіслава Аўгуста Панятоўскага і маёнтак Пулавы Адама Казіміра Чартарыйскага. У літаратуры «станіславаўскага перыяду» (да пачатку ХІХ стагоддзя) пераважаў класіцызм, які найбольш поўна праявіўся ў творчасці Адама Нарушэвіча, у пачатку ХІХ стагоддзя — у творчасці Юльяна Нямцэвіча. Для беларускага класіцызму характэрна наследаванне ўзораў французскай літаратуры, вера ў ідэальнае мінулае, у магчымасць існавання добрага манарха, дыдактызм, які праявіўся ў імкненні выправіць норавы грамадства, і інш.
У 1810-я гады культурны і адукацыйны цэнтр тагачаснай Беларусі — гэта Віленскі ўніверсітэт, дзе панаваў дух Асветніцтва. Ва ўніверсітэце ўтварылася асаблівае інтэлектуальнае асяроддзе. Выкладчыкі і студэнты прымалі ўдзел у выданні газет і часопісаў. З 1816 да 1822 года ва ўстанове самаарганізоўваліся нелегальныя студэнцкія таварыствы шубраўцаў, філаматаў, філарэтаў і прамяністых. Бунтоўны дэмакратычны дух універсітэта спрыяў развіццю рамантызму (самы яркі прадстаўнік — Адам Міцкевіч), які стаў галоўным мастацкім метадам у літаратуры 1830-х — пачатку 1860-х гадоў і вызначыўся беларускім зместам.
Навукоўцы гавораць. Калі маладыя людзі — такія, як Адам Міцкевіч, Ян Чачот або Тамаш Зан, — запісваліся ва ўніверсітэт, то ведалі, што яны бедныя і мусяць займець прафесію, каб яна забяспечыла іх саміх і іх сем’і. Таму гады вучобы студэнты хацелі правесці з максімальнай карысцю. Ва ўніверсітэце іх атачыла пакаленне ўдзельнікаў вайны 1812 года. У 1815 годзе, калі будучым філаматам было па сямнаццаць, нават некалькі гадоў розніцы ва ўзросце давалі значную розніцу ў светапоглядзе. Гэты фактар паўплываў на тое, што маладыя людзі адчулі сябе асобным пакаленнем. І першым пакаленнем у беларускай літаратуры (Паводле Аліны Віткоўскай). |