ПЫТАННІ І ЗАДАННІ ДЛЯ ПАЎТАРЭННЯ І ПАДАГУЛЬНЕННЯ

1. Якія тэмы найбольш цікавілі аўтараў перыяду Сярэдневякоўя?
2. Чаму Кірыла Тураўскага называюць «тураўскім Залатавустам»?
3. Назавіце асаблівасці літаратурнай эпохі Адраджэння ў Беларусі.

4. Паглядзіце гісторыка-біяграфічны фільм «Я, Францыск Скарына» (1969, рэжысёр Барыс Сцяпанаў, «Беларусьфільм»).
Напішыце рэцэнзію на гэты твор, у якой адкажыце на пытанні:
   1) Што, чаму і навошта рэцэнзуецца?
   2) Чым вам запомнілася ігра акцёраў?
   3) Як можна ацаніць твор і чаму?
   4) Якія недахопы заўважаюцца?
   5) Да якіх высноў вы прыйшлі?

5. У чым заключаўся перадавы падыход Францыска Скарыны да кнігадруку, літаратуры?
*5–1. Паразважайце, якія філасофскія або эстэтычныя погляды Францыска Скарыны апярэдзілі свой час.
6. З улікам вопыту пісьменнікаў Адраджэння напішыце прадмову (або пасляслоўе) да вашай любімай кнігі на беларускай мове.
Чым яна адрозніваецца ад аналагічных твораў мінулага?
*6–1. Самастойна запішыце па дзесяць слоў-асацыяцый, якія ўзнікаюць у сувязі з асобамі Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага.
Выберыце з іх тры найбольш удалыя, абгрунтуйце выбар. Абагульніце ўсе асацыяцыі ў класе і пакіньце толькі тры, з якімі пагодзяцца большасць вучняў.
7. Ці падобныя, на вашу думку, архітэктура і літаратура барока?
8. Праслухайце музычныя кампазіцыі з «Полацкага сшытка» для блокфлейты. 
Для якіх літаратурных твораў эпохі барока будзе прыдатны такі музычны фон (батлейка, школьная драма, інтэрмедыя, п’еса прыдворнага тэатра, палітычная сатыра, барочная паэзія)?
Растлумачце свой выбар.
9. Параўнайце мову паэтычных твораў Францыска Скарыны і Сімяона Полацкага. Якія тэксты вам больш зразумелыя? Як вы думаеце чаму?
10. Арганізуйце дыскусію «Ці можна сцвярджаць, што сучасныя гумарыстычныя шоу працягваюць традыцыі даўніх інтэрмедый і камедый?».
11. Параўнайце школьны тэатр і батлейку паводле наступных крытэрыяў: аўтары, удзельнікі, мова, змест пастановак, героі спектакляў.
*11–1. Якія сярэдневяковыя творы сталі падмуркам для фарміравання эпічных, лірычных, драматычных жанраў, публіцыстыкі?
12. Зрабіце 6-8 картак з цытатамі вывучаных твораў.
Назву твора і аўтара напішыце на адваротным баку.
Прапануйце сябрам адгадаць тэкст, з якога вамі ўзята цытата, і яго аўтара.

13. Складзіце табліцу (да 10 радкоў, па стагоддзях) найбольш значных, на вашу думку, падзей у гісторыі літаратуры ХІ—XVIII стагоддзяў.

Стагоддзе  Падзея  Значэнне для гісторыі літаратуры

Last modified: Tuesday, 13 April 2021, 5:32 PM