АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ ХІХ СТАГОДДЗЯ
1. Якія падзеі на тэрыторыі Беларусі канца ХVIII стагоддзя адбіліся на літаратурным жыцці краіны? |
Site: | Профильное обучение |
Course: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Book: | АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ ХІХ СТАГОДДЗЯ |
Printed by: | Guest user |
Date: | Wednesday, 16 October 2024, 11:40 AM |
*Уводзіны
У гісторыі беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя новы перыяд развіцця пачынаецца з 1795 года, з апошняга падзелу Рэчы Паспалітай, калі гэта магутная краіна знікла з карты Еўропы.
З сярэдзіны XVIII стагоддзя і да пачатку 1820-х гадоў у Еўропе панавала ідэалогія Асветніцтва. На тэрыторыі Беларусі ў XVIII стагоддзі буйнымі цэнтрамі культуры і літаратуры былі каралеўскі двор Станіслава Аўгуста Панятоўскага і маёнтак Пулавы Адама Казіміра Чартарыйскага. У літаратуры «станіславаўскага перыяду» (да пачатку ХІХ стагоддзя) пераважаў класіцызм, які найбольш поўна праявіўся ў творчасці Адама Нарушэвіча, у пачатку ХІХ стагоддзя — у творчасці Юльяна Нямцэвіча. Для беларускага класіцызму характэрна наследаванне ўзораў французскай літаратуры, вера ў ідэальнае мінулае, у магчымасць існавання добрага манарха, дыдактызм, які праявіўся ў імкненні выправіць норавы грамадства, і інш.
У 1810-я гады культурны і адукацыйны цэнтр тагачаснай Беларусі — гэта Віленскі ўніверсітэт, дзе панаваў дух Асветніцтва. Ва ўніверсітэце ўтварылася асаблівае інтэлектуальнае асяроддзе. Выкладчыкі і студэнты прымалі ўдзел у выданні газет і часопісаў. З 1816 да 1822 года ва ўстанове самаарганізоўваліся нелегальныя студэнцкія таварыствы шубраўцаў, філаматаў, філарэтаў і прамяністых. Бунтоўны дэмакратычны дух універсітэта спрыяў развіццю рамантызму (самы яркі прадстаўнік — Адам Міцкевіч), які стаў галоўным мастацкім метадам у літаратуры 1830-х — пачатку 1860-х гадоў і вызначыўся беларускім зместам.
Навукоўцы гавораць. Калі маладыя людзі — такія, як Адам Міцкевіч, Ян Чачот або Тамаш Зан, — запісваліся ва ўніверсітэт, то ведалі, што яны бедныя і мусяць займець прафесію, каб яна забяспечыла іх саміх і іх сем’і. Таму гады вучобы студэнты хацелі правесці з максімальнай карысцю. Ва ўніверсітэце іх атачыла пакаленне ўдзельнікаў вайны 1812 года. У 1815 годзе, калі будучым філаматам было па сямнаццаць, нават некалькі гадоў розніцы ва ўзросце давалі значную розніцу ў светапоглядзе. Гэты фактар паўплываў на тое, што маладыя людзі адчулі сябе асобным пакаленнем. І першым пакаленнем у беларускай літаратуры (Паводле Аліны Віткоўскай). |
* Дзейнасць студэнцкіх таварыстваў
Шубраўцы (з пол. — ‘гарэза’, ‘свавольнік’, ‘штукар’) — напаўлегальнае навуковае таварыства, адным з заснавальнікаў якога быў загадчык бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта Казімір Кантрым. Таварыства дзейнічала ў 1816—1822 гадах, выдавала газету «Вулічныя навіны» (Wiadomos´ci Вrukowe), сярод яе рубрык — «Бесклапотнафіласофскія падарожжы» і «Вулічныя навіны з таго свету». Мэтай дзейнасці шубраўцаў было абвешчана выкрыццё грамадскіх заган, паляпшэнне маралі, распаўсюджванне асветы. Праўда, сродкі яе дасягнення былі спрэчныя: літаратурнае свавольства, выкарыстанне любой нагоды дзеля прыцягнення ўвагі да той або іншай праблемы. Вядомыя ўдзельнікі таварыства — Тамаш Зан, Ігнат Ходзька, Антон Гарэцкі.
З успамінаў. Пра тагачасных студэнтаў і выпускнікоў у мемуарах згадвалі так: «З Віленскага ўніверсітэта выходзілі ў свет вучоныя бэйбусы, нязграбныя недарэкі, якія не ведалі, як стаць, як сесці, як адказаць даме, куды падзець няшчасныя і гэтым разам абсалютна непатрэбныя рукі.
Але затое гэтыя недарэкі маглі адразу ж развязаць (рашыць. — Аўт.) любое матэматычнае заданне, вытлумачыць пастулаты рымскага права, адкаментаваць Арыстоцеля, паспрачацца са Спінозам, Лейбніцам ці Локам на тэалагічныя ці маральна-філасофскія тэмы» (Станіслаў Мараўскі). |
Філаматы (з грэч. — ‘аматары ведаў’) — віленскае тайнае навуковаасветніцкае таварыства. Першае пасяджэнне адбылося ў 1817 годзе, а праіснавала таварыства да 1823 года. Заснавальнікамі і ўдзельнікамі сталі сакратар суполкі Тамаш Зан, яе прэзідэнт Юзаф Яжоўскі, а таксама Адам Міцкевіч і Ян Чачот. Мэты таварыства былі блізкія шубраўцам: папулярызацыя навукі сярод моладзі, паляпшэнне звычаяў, выхаванне патрыятычных пачуццяў на падставе славянскай культуры (праз вывучэнне беларускага фальклору, міфалогіі, гісторыі). Мовай штодзённых зносін студэнтаў была польская, а мовай тайнага таварыства — беларуская.
Гісторыя аб’яднання скончылася трагічна: у жніўні 1824 года некаторых удзельнікаў асудзілі да турэмнага зняволення, а іншых — да высылкі.
У 1820 годзе арганізавалася падобнае па духу да філаматаў таварыства філарэтаў — прыхільнікаў маральнай чысціні. Да яго літаратурнага аддзялення — Блакітнага саюза пад кіраўніцтвам Яна Чачота — прымкнуў паэт, сябар Адама Міцкевіча, Эдвард Адынец.
Прамяністыя
У тым самым годзе на чале з Тамашом Занам утварыўся Саюз прамяністых, у які ўвайшлі каля 130 чалавек. Прамяністыя выпрацавалі «15 правілаў для моладзі», зацверджаных рэктарам універсітэта Сымонам Малеўскім. Удзельнікі суполкі планавалі не толькі пашыраць асвету, адукацыю, але і прыцягваць настаўнікаў, таленавітых маладых людзей да Саюза прамяністых.
Выдатныя прадстаўнікі гэтага перыяду — філаматы Адам Міцкевіч, творчасць якога вывучалася ў ІХ класе, а таксама Тамаш Зан і Ігнат Дамейка.
Тамаш Зан (1796—1855) — беларускапольскі паэт, фалькларыст. Паводле паходжання — радавіты беларускі шляхціц з Мясаты, што на Маладзечаншчыне. Вучыўся ў Мінскай гімназіі, а затым — на
фізікаматэматычным факультэце Віленскага ўніверсітэта. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, юнак быў душой студэнцкай кампаніі. Як ужо было згадана, Тамаш Зан заснаваў таварыства філаматаў і Саюз прамяністых. Па справе філаматаў ён як кіраўнік суполкі, узяўшы на сябе віну Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Ігната Дамейкі і іншых, быў накіраваны ў высылку ў Арэнбург, дзе заняўся геалогіяй і нават заснаваў Арэнбургскі музей мінералогіі.
У 1837 годзе Тамаш Зан вярнуўся да звычайнага жыцця: спачатку ў Пецярбургу (пісаў кнігу пра адкрытыя ім на Урале радовішчы золата, нафты, меднай руды), праз чатыры гады ў Вільні, дзе быў
прыняты як нацыянальны герой. У 50гадовым узросце ўзяў шлюб з аматаркай рамантычнай паэзіі Брыгідай Свентажэцкай і жыў у маёнтку Кахачын на Аршаншчыне.
Менавіта Тамаш Зан першым сярод філаматаўлітаратараў звярнуўся да новага напрамку — рамантызму, а таксама адным з першых пачаў складаць творы на аснове беларускага фальклору і міфалогіі.
У паэзіі вядомы як аўтар паэм «Табакерка» і «Твардоўскі», балад «Свіцязьвозера» і «Цыганка».
Ігнат Дамейка (1802—1889). Славуты геолаг з Навагрудчыны, складальнік карт Рэчы Паспалітай, ён, як і Тамаш Зан, вучыўся на фізікаматэматычным факультэце Віленскага ўніверсітэта. Чатырнаццацігадовы юнак быў адным з самых маладых студэнтаў. Гэты філамат стаў сусветна вядомым у літаратуры праз паэму Адама Міцкевіча «Дзяды» (там ён выступае пад сваёй студэнцкай мянушкай Жэгота).
У выніку рэпрэсій супраць таварыства апынуўся пад наглядам паліцыі і жыў як селянін у в. Жыбуртоўшчына (Дзятлаўшчына). Удзельнічаў у паўстанні 1830—1831 гадоў, пасля паражэння якога эміграваў у Францыю, вучыўся ў Сарбоне. З цягам часу пераехаў у Чылі, дзе адкрыў новы мінерал, займаўся навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю, узначальваў універсітэт у Сант’яга. Разнастайная навуковая, культурная, асветніцкая дзейнасць Дона Ігнаціа ўшанавана ў Чылі, Польшчы, Літве і, вядома, у Беларусі.
Мова твораў ХІХ стагоддзя
Польская мова — асноўная літаратурная мова на тэрыторыі Беларусі ў першай палове ХІХ стагоддзя.
Яна перайначвала развіццё нацыянальнай літаратуры і культуры. Пры гэтым польскамоўная творчасць многіх пісьменнікаў беларусаў засноўвалася на падзеях і фактах з беларускай гісторыі, на беларускай міфалогіі і фальклоры.
На дзвюх мовах — польскай і беларускай — пісалі Ян Чачот, Уладзіслаў Сыракомля, Вінцэсь Каратынскі. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў літаратурным працэсе з’явіліся аўтары, у творчасці якіх беларуская мова пераважала (Вінцэнт Дунін Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч).
Не ўсе беларускамоўныя творы таго часу дайшлі да нашых дзён, бо найлепш захоўваліся менавіта надрукаваныя тэксты. Уладзіслаў Сыракомля і яго сакратар Вінцэсь Каратынскі планавалі выпусціць уласныя творы на беларускай мове, але з прычыны канфлікту з выдаўцом Адамам Кіркорам кніга не выйшла — і творы згубіліся. |
Надзеі шляхты на аднаўленне Рэчы Паспалітай прывялі да зацікаўленасці гісторыяй краіны (Ян Чачот «Спевы пра даўніх ліцвінаў», Адам Міцкевіч «Пан Тадэвуш», Юльян Нямцэвіч «Гістарычныя песні») і цікавасці да фальклору. Але калі ў палякаў фальклор быў польскі, то ў філаматаў — беларускі. Так паступова родная мова стала вяртацца ў літаратурны працэс. Аднак «аматары ведаў» выразна ўсведамлялі сваё нацыянальнае адрозненне ад палякаў, і гэты факт можна лічыць першым крокам да беларускага нацыянальнага адраджэння.
Асаблівасці беларускамоўнай літаратуры
Гутарка — вершаваны маналог або дыялог, у якім у форме няспешнай гаворкі раскрываюцца вострыя сацыяльнапалітычныя (зямля, воля, адмена прыгоннага права) і маральныя (праўда і крыўда, п’янства) праблемы. Напрыклад, ананімныя «Гутарка Кузьмы з Апанасам», «Гутарка пана з хлопам». |
У беларускамоўнай літаратуры ХІХ стагоддзя прысутнічалі наступныя тэндэнцыі: паэзія і драматургія колькасна пераважалі над прозай, дамінавалі ананімныя творы.
Распрацоўваліся новыя жанры травесційнай («Энеіда навыварат» Вікенція Равінскага) і парадыйнай («Тарас на Парнасе», як мяркуе большасць даследчыкаў, Канстанціна Вераніцына) літаратуры. Шырока распаўсюджваліся паэмы, гутаркі, быліцы («Купала», «Халімон на каранацыі» Вінцэнта Дуніна Марцінкевіча).
Быліца — разнавіднасць вершаванага апавядання, у аснову якога пакладзены аповед пра цікавы жыццёвы выпадак. |
Пытанні
1. Чаму ў першай палове ХІХ стагоддзя пісьменнікі і паэты Беларусі пісалі пераважна на польскай мове? | |
2. Як паўплывала на беларускую літаратуру дзейнасць філаматаў і філарэтаў? | |
3. Назавіце асноўныя асаблівасці новай беларускай літаратуры. | |
4. Што аб’ядноўвае паэмы «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат»? | |
5. Якія рэаліі ў паэме «Энеіда навыварат» адносяцца да старажытнарымскіх, а якія — да беларускіх? | |
6. Імёны якіх асоб расійскай культуры сустракаюцца ў паэме «Тарас на Парнасе»? Дзеля чаго яны ўведзены ў твор? |
|
7. Чаму, на вашу думку, многія тагачасныя беларускія творы бытавалі як ананімныя? | |
8. Падрыхтуйце анатаваны спіс анлайн-публікацый пра знакавага беларускага пісьменніка ХІХ стагоддзя (на выбар) па наступным плане: |
* Бурлескна-травесційныя творы ў паэзіі ХІХ стагоддзя
Паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» — яркія прыклады бурлескнатравесційных твораў.
«Энеіда навыварат» — парадыйнасатырычная паэма, напісаная не пазней за пачатак 1830х гадоў.
Найбольш верагодны аўтар — ураджэнец Смаленшчыны Вікенцій Равінскі.
Сюжэт твора заснаваны на змесце паэмы «Энеіда» рымскага паэта Вергілія Марона. Вергілій расказаў гісторыю пра героя Траянскай вайны Энея, які пасля захопу грэкамі Троі, зведаўшы шматлікія прыгоды, патрапіў у Італію, дзе нібыта заснаваў магутную дзяржаву.
Да нашых дзён дайшоў толькі ўрывак «Энеіды навыварат» (палова першай песні), які вызначаецца грубаватым народным гумарам, іроніяй, багатай фразеалогіяй, гратэскным паказам персанажаў і, галоўнае, травесці — «пераапрананнем» так званых «высокіх» антычных вобразаў багоў і герояў у «нізкія» — хабарнікаў, зладзеяў, какетак, выпівох, лайдакоў, якіх тагачасны чытач мог убачыць у беларускіх сёлах і мястэчках. Траянцы ж, наадварот, паказаны аўтарам хоць і ў сатырычным ключы, але з сімпатыяй.
У сюжэце паэмы пераплецены рэаліі і персанажы антычнай і сучаснай аўтару гісторыі. Вельмі сакавітая мова твора. Напрыклад, вось якімі словамі гаворыць багіня Юнона:
«Ці ведаеш маё ты гора?
Эней з траянцамі плыве:
Спіхні яго ты, сват, у мора, —
Няхай, паганец, воду п’е!»
«Тарас на Парнасе» — гумарыстычнасатырычная паэма, створаная ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Твор спалучае ў сабе два планы — рэальнапобытавы і ўмоўнафантастычны.
У цэнтры сюжэта знаходзіцца палясоўшчык Тарас, які накіраваўся аднойчы ў пушчу, але дзіўным чынам патрапіў на Парнас — гару багоў і паэтаў. Вось як расказвае пра гэта галоўны герой:
Ляцеў, ляцеў — як разануўся, —
Аж стала зелена ўваччу!
Ляцеў ці доўга я, ці мала,
Таго ніяк не ўцямлю,
Але ўжо ладно рассвітала,
Як я зваліўся на зямлю.
Як і ў «Энеідзе навыварат», персанажы антычнай міфалогіі падаюцца Канстанцінам Вераніцыным у гумарыстычным, набліжаным да сялянскага светабачання выглядзе.
Таксама ў паэме сустракаюцца рэальныя імёны пісьменнікаў, паказваюцца праблемы ХІХ стагоддзя, што робіць твор актуальным для сучаснікаў паэта.
Вялікі ўплыў на літаратуру Беларусі другой паловы ХІХ стагоддзя аказала паўстанне 1863—1864 гадоў. Сярод яго правадыроў быў Кастусь Каліноўскі. Менавіта ён адным з першых зразумеў карысць роднага слова як самага кароткага шляху да душы селяніна. Каб абудзіць нацыянальную самасвядомасць беларусаў, Каліноўскі выдаваў газету «Мужыцкая праўда». Гэта палымяная публіцыстыка, дзе ўпершыню з «мужыком» вялася размова як з роўным, вольным чалавекам: «Дзецюкі! <...> Пыталі і пытаюць усе, што чуваці па свеце, хто нам, бедным мужыкам, дасць вольнасць. Но, праўду сказаўшы, мало хто хочэ сказаці так, як сумленне кажа — па справядлівасці. Мы мужыкі, браты вашыя, мы вам будзем гаварыць цэлую праўду, толька слухайце нас!» Асуджаны на смерць, паўстанец напісаў вядомыя «Лісты зпад шыбеніцы» — своеасаблівы запавет беларускаму народу.
Паўстанне ўскалыхнула адраджэнскі нацыянальны рух. Нягледзячы на рэпрэсіі пасля яго і фактычны тэрор царскіх улад у адносінах да «нядобранадзейных» грамадзян, літаратура працягвала развівацца. У яе прыйшлі польскія пісьменнікі, якія пісалі пра беларусаў, Юзаф Крашэўскі — аўтар больш за сотню раманаў, Эліза Ажэшка — двойчы намінантка на Нобелеўскую прэмію, а таксама выдатны беларускі паэт Янка Лучына («Паляўнічыя акварэлькі з Палесся»), які пісаў на трох мовах.
Што аб’ядноўвала гэтых пісьменнікаў? Пазітывізм як ідэалогія малых спраў, няўхільнай эвалюцыі і развіцця. Рэвалюцыя не ўдаецца — значыць, патрэбна эвалюцыя, маленькія крокі наперад, добрыя, няхай і нябачныя справы. Пазітывізм выявіўся ў рэалізме, але своеасаблівым — пазітывісцкім. Побач з ім існаваў і крытычны рэалізм, прадстаўлены творчасцю Францішка Багушэвіча.
У 2018—2020 гадах рэдакцыя часопіса «Маладосць» сумесна з філалагічным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пры інфармацыйнай падтрымцы Нацыянальнага інстытута адукацыі праводзіла конкурс біяграфічных твораў, прысвечаных беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя, — «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя». |