§ 11. Культура заходнееўрапейскага Сярэднявечча

5. Ранняе Адраджэнне і ранні гуманізм

Культурныя дасягненні Сярэднявечча зрабілі магчымым далейшае развіццё еўрапейскага духоўнага жыцця.

У Познім сярэднявеччы на поўначы Італіі, дзе было шмат незалежных гарадоў і феадальныя сувязі ў грамадстве сталі разбурацца раней, пачаў фарміравацца прынцыпова новы тып культуры. Ён быў заснаваны на пошуку і адлюстраванні новых адносін у грамадстве замест феадальных, якія адыходзілі. Прыклад такіх адносін быў знойдзены ў полісах Старажытнай Грэцыі і Рымскай рэспубліцы.

Для культурных працэсаў гэтага часу характэрнае адраджэнне цікавасці да мастацтва Антычнасці. Таму згаданая эпоха была названа Адраджэннем. Дзеячы культуры, захопленыя прыкладамі антычнага мастацтва, лічылі, што ў цэнтры творчасці павінен быць чалавек. Таму іх называюць «гуманістамі» (ад лац. humanus — ​чалавечны). Сусветна вядомымі дзеячамі культуры перыяду Ранняга Адраджэння і гуманізму былі паэты Дантэ Аліг’еры і Франчэска Петрарка, пісьменнік Джавані Бакача, жывапісец Сандра Батычэлі, скульптар Данатэла.

У Раннім сярэднявеччы пісьменнасць была пашырана амаль выключна ў асяроддзі духавенства, таму што існавала неабходнасць правядзення царкоўнай службы і вядзення календара хрысціянскіх свят. Адраджэнне адукацыі пачалося ў Высокім сярэднявеччы і суправаджалася з’яўленнем універсітэтаў. Грамадства, якое развівалася, адчувала моцную патрэбу ў адукаваных людзях (найперш у галіне юрыспрудэнцыі, медыцыны, багаслоўя). Апрача багаслоўскай літаратуры з’явілася вялікая колькасць свецкіх рукапісных кніг. Галоўным складнікам культуры Сярэднявечча была архітэктура. Масіўны раманскі стыль саступіў месца велічнай готыцы, што стала сімвалам інжынерных дасягненняў еўрапейцаў. У канцы Сярэднявечча менавіта ў мастацтве выявілася цікавасць да ўнутранага свету чалавека. Гэта азнаменавала адыход ад замкнёнасці рэлігійнай свядомасці і стала пачаткам гуманізму.