§ 10-1. Светаўспрыманне і жыццёвыя каштоўнасці сярэднявечных еўрапейцаў

1. Уяўленні аб прасторы і часе

Светаўспрыманне — гэта вопыт калектыўнага пазнання навакольнага (знешняга) свету, наглядных уяўленняў чалавека пра свет і вызначэння свайго месца ў ім. 

Сярэднявечная Заходняя Еўропа — рэгіён, каля 70 % тэрыторыі якога ў пачатку Сярэднявечча займалі лясы. Сувязь паміж многімі населенымі пунктамі была нерэгулярнай. Большасць людзей на працягу жыцця не выязджалі за межы свайго паселішча, яшчэ радзей еўрапейцы пакідалі межы сваёй краіны. Усё гэта накладвала адбітак на ўяўленні чалавека пра навакольнае асяроддзе. Спецыфіка геаграфічных карт Ранняга сярэднявечча сведчыць аб беднасці ведаў пра свет. Межы краін, кантынентаў і мораў адлюстраваны на іх з вялікімі хібамі. Часта на картах малявалі фантастычных істот, якія нібыта жылі ў маладаследаваных еўрапейцамі рэгіёнах. Царква падтрымлівала ўяўленне пра тое, што Зямля — плоскі дыск, а не шар.

Сярэднявечны чалавек меў прыкладныя ўяўленні пра вымярэнне прасторы. Напрыклад, даўжыню шляху лічылі звычайна колькасцю крокаў або дзён, якія былі затрачаны на перамяшчэнне.

У сярэднявечных жыхароў Заходняй Еўропы было ўяўленне пра дваісты характар навакольнай прасторы: свет для іх дзяліўся на рэальны і звышнатуральны. Абодва гэтыя складнікі ўяўляліся як непарыўнае цэлае. Лічылася, што сустрэча з анёламі магчымая ў цэрквах і манастырах, а нячыстую сілу лягчэй за ўсё сустрэць у лясах і на балотах, а таксама на могілках.

У Сярэднія вякі пра час, як і пра прастору, меркавалі даволі прыблізна. Заходнееўрапеец мог вымяраць час двума спосабамі. Першы, больш дакладны, — з дапамогай пясочнага гадзінніка. Другі, найбольш распаўсюджаны, — па размяшчэнні сонца або месяца на небе. Яшчэ адным арыенцірам у часе быў гук царкоўнага звона, які заклікаў вернікаў на малітву восем разоў у суткі, кожныя тры гадзіны пачынаючы з поўначы. У сутках таксама вылучалі чатыры часткі: раніца, дзень, вечар, ноч. Змена сезонаў дазваляла людзям арыентавацца ў гадавым цыкле. Падзеі маглі датаваць часам праўлення таго ці іншага манарха. Пад уплывам вучэння царквы час успрымаўся лінейна: чалавечая гісторыя — гэта перыяд ад стварэння свету да Страшнага суда і Канца свету.

Патрэба ў больш дакладным вызначэнні часу з'явілася з развіццём і ростам гарадоў і распаўсюджваннем гарадскога ладу жыцця. Відавочна, што для рамеснікаў і купцоў час адыгрываў значную ролю. Першыя механічныя гадзіннікі на публічных будынках у сярэднявечных гарадах з'явіліся толькі ў пачатку XIV ст.