Печатать книгуПечатать книгу

§ 10-1. Светаўспрыманне і жыццёвыя каштоўнасці сярэднявечных еўрапейцаў

Што вызначала светаўспрыманне і жыццёвыя каштоўнасці сярэднявечных еўрапейцаў?

Якія саслоўі сфарміраваліся ў сярэднявечным грамадстве і якім было становішча кожнага з іх? Якія маральныя каштоўнасці былі характэрныя для антычнага грамадства? (Гісторыя Сярэдніх вякоў, 6 клас)

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Книга: § 10-1. Светаўспрыманне і жыццёвыя каштоўнасці сярэднявечных еўрапейцаў
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 7 Июль 2025, 00:01

1. Уяўленні аб прасторы і часе

Светаўспрыманне — гэта вопыт калектыўнага пазнання навакольнага (знешняга) свету, наглядных уяўленняў чалавека пра свет і вызначэння свайго месца ў ім. 

Сярэднявечная Заходняя Еўропа — рэгіён, каля 70 % тэрыторыі якога ў пачатку Сярэднявечча займалі лясы. Сувязь паміж многімі населенымі пунктамі была нерэгулярнай. Большасць людзей на працягу жыцця не выязджалі за межы свайго паселішча, яшчэ радзей еўрапейцы пакідалі межы сваёй краіны. Усё гэта накладвала адбітак на ўяўленні чалавека пра навакольнае асяроддзе. Спецыфіка геаграфічных карт Ранняга сярэднявечча сведчыць аб беднасці ведаў пра свет. Межы краін, кантынентаў і мораў адлюстраваны на іх з вялікімі хібамі. Часта на картах малявалі фантастычных істот, якія нібыта жылі ў маладаследаваных еўрапейцамі рэгіёнах. Царква падтрымлівала ўяўленне пра тое, што Зямля — плоскі дыск, а не шар.

Сярэднявечны чалавек меў прыкладныя ўяўленні пра вымярэнне прасторы. Напрыклад, даўжыню шляху лічылі звычайна колькасцю крокаў або дзён, якія былі затрачаны на перамяшчэнне.

У сярэднявечных жыхароў Заходняй Еўропы было ўяўленне пра дваісты характар навакольнай прасторы: свет для іх дзяліўся на рэальны і звышнатуральны. Абодва гэтыя складнікі ўяўляліся як непарыўнае цэлае. Лічылася, што сустрэча з анёламі магчымая ў цэрквах і манастырах, а нячыстую сілу лягчэй за ўсё сустрэць у лясах і на балотах, а таксама на могілках.

У Сярэднія вякі пра час, як і пра прастору, меркавалі даволі прыблізна. Заходнееўрапеец мог вымяраць час двума спосабамі. Першы, больш дакладны, — з дапамогай пясочнага гадзінніка. Другі, найбольш распаўсюджаны, — па размяшчэнні сонца або месяца на небе. Яшчэ адным арыенцірам у часе быў гук царкоўнага звона, які заклікаў вернікаў на малітву восем разоў у суткі, кожныя тры гадзіны пачынаючы з поўначы. У сутках таксама вылучалі чатыры часткі: раніца, дзень, вечар, ноч. Змена сезонаў дазваляла людзям арыентавацца ў гадавым цыкле. Падзеі маглі датаваць часам праўлення таго ці іншага манарха. Пад уплывам вучэння царквы час успрымаўся лінейна: чалавечая гісторыя — гэта перыяд ад стварэння свету да Страшнага суда і Канца свету.

Патрэба ў больш дакладным вызначэнні часу з'явілася з развіццём і ростам гарадоў і распаўсюджваннем гарадскога ладу жыцця. Відавочна, што для рамеснікаў і купцоў час адыгрываў значную ролю. Першыя механічныя гадзіннікі на публічных будынках у сярэднявечных гарадах з'явіліся толькі ў пачатку XIV ст.

2. Сацыяльнае асяроддзе

Правы і абавязкі кожнага члена грамадства вызначаліся яго сацыяльным статусам — прыналежнасцю да сям'і, саслоўя, прафесійнай супольнасці. На ўзроўні роднасных адносін асноўнай ячэйкай грамадства была сям'я, дзе становішча мужа, жонкі і іх дзяцей было розным. Далей улічваўся прафесійны статус: становішча ў грамадстве вызначалася відам заняткаў чалавека. На вяршыні дадзенай іерархіі стаялі знаць і вышэйшае духавенства, унізе знаходзіліся рамеснікі і сяляне. Пры гэтым арыстакратыя таксама ранжыравалася за кошт існавання феадальнай лесвіцы. Адрозніваліся рангі духавенства. У гарадскіх прафесійных карпарацыях (цэхі, гільдыі) розным магло быць і становішча гараджан. Сацыяльны статус асобы мог змяняцца на працягу жыцця, але чалавек не мог апынуцца па-за рамкамі строга рэгламентаванага грамадскага дзялення, па-за групамі. Інакш ён апынаўся па-за законам і лічыўся ізгоем.

У сярэднявечнай Еўропе, аграрнай па сваёй сутнасці, сяляне складалі пераважную большасць насельніцтва. Доўгі час сацыяльная стратыфікацыя вызначалася ўстаноўкамі хрысціянскай царквы. Сярэднявечныя пісьменнікі дзялілі людзей на «тых, хто моліцца», «тых, хто змагаецца» і «тых, хто арэ зямлю». Пры гэтым да заняткаў і працы сялян, рамеснікаў і купцоў ставіліся з пагардай. Праца, накіраваная на стварэнне матэрыяльных выгод, не адпавядала рэалізацыі ідэі царквы аб тым, што цела — гэта вязніца для душы. Аднак з ростам гарадоў у XIII ст. пачала ўзрастаць і роля гараджан у жыцці Еўропы: рамеснікаў, гандляроў, а пазней і навукоўцаў. Цяпер дзейнасць гандляроў і рамеснікаў лічылася богаўгоднай справай. Падкрэслівалася роля хрысціянскага Бога-Творцы як стваральніка ўсяго існага.

Такім чынам, менавіта ў гарадскім асяроддзі паступова пачынала фарміравацца і новае стаўленне да чалавека і яго патрэбаў. Зямныя даброты, зямныя інтарэсы чалавека (а не толькі свет духоўны або катаванне плоці і беднасць) сталі ўспрымацца богаўгодныя каштоўнасці. Таму пачала заахвочвацца актыўная дзейнасць чалавека, накіраваная на тое, каб зарабіць маёмасць сумленным шляхам.

3. Сям’я, каханне, феномен дзяцінства ў сярэднявечнай Заходняй Еўропе

Сярэднія вякі можна па праве назваць «светам дарослых». Узроставыя асаблівасці дзяцей грамадствам часта ігнараваліся. Іх лічылі «маленькімі дарослымі» і часцяком падобным чынам адлюстроўвалі ў жывапісе (з рысамі твару дарослых людзей і ў «дарослай» вопратцы). Дзеці падлягалі ўсім судовым працэдурам, прадугледжаным для дарослых, у тым ліку і смяротнаму пакаранню. Час дзяцінства быў вельмі абмежаваным. Ды і працягласць жыцця ў сярэднія вякі была невялікай у сілу недастатковага харчавання і дрэннага стану медыцыны. Па тых жа прычынах дзіцячая смяротнасць была даволі высокай.

Што тычыцца стварэння сям'і, то шлюбны ўзрост мог пачынацца ўжо з 12 гадоў. У такім жа або трохі больш дарослым узросце чалавек мог стаць спадчыннікам прастола і кіраваць дзяржавай альбо самастойна, альбо пры дапамозе рэгента. У цэлым дзеці даволі рана адрываліся ад сям'і. Гараджане аддавалі сваіх сыноў на вучобу да рамеснікаў, а дзеці сялян з ранніх гадоў працавалі ў полі, дапамагаючы бацькам. Лічылася добрым варыянтам аддаць сына ці дачку ў манастыр, дзе тыя хаця б стануць пісьменнымі людзьмі, магчыма, нават, зробяць кар'еру ў царкве. Дзяцінства ў сярэднія вякі было вельмі бязрадасным часам, у сям'і дзяцей не акружалі любоўю і клопатам.

У вышэйшых пластах грамадства, у першую чаргу сярод манархаў, шлюбы заключаліся для дасягнення палітычных выгод. Яны афармляліся як дынастычныя саюзы, а пра пачуцці паміж мужам і жонкай гаворкі не ішло. Для ўмацавання становішча шлюбы часта заключаліся паміж прадстаўнікамі багатых купецкіх сем'яў і дваранамі.

Што ж тычыцца кахання, то ў літаратуры распаўсюдзілася паняцце «куртуазнае каханне». Паэты куртуазнага напрамку, трубадуры і труверы, апявалі ў сваіх творах каханне Рыцара да Прыгожай дамы — ідэальнае каханне і ідэалізаваныя адносіны, не заўсёды магчымыя ў тагачасным ў рэальным жыцці.

4. Жыццёвыя арыенціры. Сістэма жыццёвых каштоўнасцяў

Хрысціянскія ідэі і каштоўнасці працялі сярэднявечныя культуру і побыт. Таму сувязь чалавека з Богам заставалася ў цэнтры ўвагі на працягу ўсяго Сярэднявечча. Пажаданым лічылася здзяйсняць паломніцтвы, каб дакрануцца да хрысціянскіх святынь. Шанаванне святых, якія абвяшчаліся заступнікамі некаторых прафесій, асобных гарадоў і нават цэлых краін, было важным для кожнага хрысціяніна. У цэлым вельмі шмат увагі надавалася абрадам. Строгае іх выкананне і чытанне малітваў лічылася важнай умовай для выратавання душы верніка. Сярэднявечнага хрысціяніна страшыла не столькі сама смерць, колькі вечныя мукі ў пекле. Для пастаяннага напаміну пра іх у саборах часта малявалі сцэны Страшнага суда.

Працэс інтэнсіўнай урбанізацыі наклаў адбітак на фарміраванне жыццёвых арыенціраў сярэднявечнага заходнееўрапейца. Сярод гараджан было шмат пісьменных людзей, бо ўменне лічыць і пісаць было неабходным у рамеснай і гандлёвай дзейнасці, у гарадскім самакіраванні і гарадскіх судах. І калі спачатку адукаваныя людзі засяроджваліся ў кляштарах, то з цягам часу іх станавілася ўсё больш сярод гарадскога насельніцтва. Таму менавіта ў гарадах сфарміраваліся ўніверсітэты, яны мелі права на ўнутранае самакіраванне.

5. Ідэалы антычнасці і ідэалы Сярэднявечча

У Сярэднявеччы ідэалы грамадзянскасці і свабоды перыяду антычнасці змяніліся ідэаламі саслоўных абмежаванняў і падпарадкавання феадалу-сеньёру. З антычным ідэалам свабоднай асобы еўрапейцы пазнаёміліся толькі ў канцы Сярэднявечча. Гэта было звязана з пачаткам гарадскога руху за самакіраванне і з дзейнасцю гуманістаў у эпоху Адраджэння.

У той жа час спадчына антычнай эпохі аказвала вялікі ўплыў на сярэднявечнае грамадства. Так, напрыклад, латынь заставалася асноўнай мовай у выкладанні і набажэнстве. Вывучэнне рымскага права і фарміраванне заканадаўства на яго аснове — неад'емныя працэсы інтэлектуальнай гісторыі Сярэднявечча.

Уплыў антычнай філасофіі на сярэднявечную вучонасць быў не менш значным. З асаблівай ставімся да ідэй старажытнагрэчаскага філосафа Арыстоцеля, працы якога былі ўзятыя за аснову пры распрацоўцы навуковага метаду лагічнага аналізу. Навукоўцаў, якія карысталіся такім метадам і не звярталіся да эксперыментальнага вывучэння свету, называлі схаластамі (ад грэцкага слова «схолій» — «школа»). Сярод найбольш выбітных схаластаў варта назваць вучонага-манаха Фаму Аквінскага, аўтара кнігі «Сума тэалогіі». У гэтай працы былі прадстаўлены філасофскія веды пра чалавека і Бога. Галоўнай задачай для Фамы Аквінскага было прывесці доказы існавання Бога.

Такім чынам, жыццёвы ўклад сярэднявечнага чалавека кардынальна адрознівалася ад сучаснага. Усю сістэму каштоўнасных арыенціраў еўрапейцаў у Сярэднявеччы вызначала хрысціянства з яго верай у замагільнае існаванне душы. Толькі хрысціяне былі вартыя павагі, з нехрысціянамі былі гатовыя нават весці рэлігійныя войны. Веды пра свет былі абмежаванымі, нават суседнія нехрысціянскія краіны не выклікалі ніякай цікавасці ў еўрапейцаў. Царква падтрымлівала некаторыя няслушныя ўяўленні, напрыклад, пра тое, што Зямля плоская. У сацыяльным жыцці панавалі ідэалы саслоўных абмежаванняў і падпарадкавання феадальнаму сеньёру. Ідэалы грамадзянскасці былі забытыя.

Пытанні

1. Якія асаблівасці прасторавых уяўленняў сярэднявечнага чалавека вы можаце назваць? Якія фактары ўплывалі на фарміраванне гэтых уяўленняў?

2. Якім чынам жыхары сярэднявечнай Еўропы арыентаваліся ў часе?

3. Чым вызначаўся сацыяльны статус чалавека ў Сярэднія вякі? Ці мог гэты статус мяняцца на працягу жыцця?

4. Апішыце сярэднявечную сям'ю. Якія сямейныя каштоўнасці, што сфармаваліся ў Сярэднія вякі, захаваліся і ў наш час?

5. Якім чынам працэс урбанізацыі ўплываў на фарміраванне жыццёвых арыенціраў сярэднявечнага заходнееўрапейца?

6. Параўнайце жыццёвыя арыенціры прадстаўнікоў антычнай і заходнееўрапейскай сярэднявечнай цывілізацый. Што захавалася ад антычнага грамадства? Што было страчана?

7. Падрыхтуйце прэзентацыю для вучняў 6-га класа «Уяўленні сярэднявечнага чалавека пра ўладкаванне свету».