Print bookPrint book

§ 11. Культура заходнееўрапейскага Сярэднявечча

Якое месца займае сярэднявечная заходнееўрапейская культура ў кантэксце сусветнай?

Якую культурную з’яву называюць Раннім Адраджэннем? Хто такія гуманісты? Успомніце выдатныя творы літаратуры і мастацтва Ранняга Адраджэння. (Гісторыя Сярэдніх вякоў, 6 клас)

Site: Профильное обучение
Course: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Book: § 11. Культура заходнееўрапейскага Сярэднявечча
Printed by: Гость
Date: Sunday, 19 May 2024, 11:32 AM

1. Сістэма адукацыі ў Заходняй Еўропе

Пераход ад Антычнасці да Сярэднявечча суправаджаўся заняпадам культуры ў Заходняй Еўропе, што паўплываўла і на стан адукацыі, якая перажывала крызіс.

Пасля нашэсця варвараў многія гарады былі разбураны або знаходзіліся ў запусценні. Такім чынам, навучальныя ўстановы ў іх не функцыянавалі. Колькасць пісьменных людзей рэзка скарацілася, адукаваныя людзі сустракаліся рэдка нават сярод вышэйшых слаёў грамадства: многія каралі не ўмелі чытаць і пісаць.

Доўгі час самымі адукаванымі заставаліся служыцелі царквы. Гэта тлумачылася тым, што яны павінны былі ўмець чытаць і перапісваць царкоўныя кнігі, якія выкарыстоўваліся ў час богаслужэнняў. Вельмі важным было веданне каляндарнай сістэмы, каб вызначаць даты царкоўных свят.

У пачатку Сярэднявечча самымі значнымі адукацыйнымі цэнтрамі былі манастырскія школы. У VIII ст. з’явіліся больш высокія па ўзроўні епіскапскія школы. Навучанне пісьму, чытанню і лічэнню ў іх праходзіла звычайна на лацінскай мове. Настаўнікі нярэдка каралі розгамі нядбайных вучняў. Такія школы рыхтавалі кадры ў асноўным для самой царквы.

Аднак і свецкая ўлада з цягам часу ўсвядоміла патрэбу ў адукаваных людзях: чыноўніках, заканадаўцах, суддзях. З развіццём заходнееўрапейскай цывілізацыі і асабліва з ростам гарадоў, дзе былі патрэбны кваліфікаваныя спецыялісты, у Х ст. пачалі з’яўляцца прыватныя школы. Узнікла спецыялізацыя школ па асобных прадметах. Напрыклад, школа горада Меца славілася выкладаннем музыкі, школа горада Камбрэ — ​матэматыкі, школа горада Салерна — ​медыцыны. Узровень падрыхтоўкі ў іх быў вышэйшы, чым у царкоўных школах. Царква страціла манаполію на адукацыю, пісьменнасць пачала распаўсюджвацца сярод гараджан і знаці.

2. Універсітэты. «Сем вольных мастацтваў»

Вынікам развіцця адукацыі ў Сярэднія вякі стала з’яўленне ў канцы XI ст. у горадзе Балонья (Італія) першага ўніверсітэта. У хуткім часе адкрыліся Оксфардскі ўніверсітэт у Англіі, універсітэт у Парыжы і дзясяткі іншых.

Універсітэты ўяўлялі сабой аб’яднанне навучэнцаў і выкладчыкаў. Першапачаткова такія саюзы або карпарацыі былі вельмі абмежаваны ў сваіх правах адносна ўлад і жыхароў горада, у якім знаходзіўся ўніверсітэт. Аднак з часам у выніку барацьбы за свае правы яны дабіліся самакіравання.

Універсітэт быў арганізаваны наступным чынам. Студэнты адной краіны, як правіла, аб’ядноўваліся ў зямляцтвы, а выкладчыкі, у сваю чаргу, групаваліся па спецыяльнасцях у факультэты. Выкладчыкі і студэнты разам выбіралі рэктара — ​кіраўніка ўніверсітэта.

На пачатковай стадыі навучання адбывалася асваенне «сямі вольных мастацтваў» на падрыхтоўчым факультэце. Спачатку вывучалі трывіум: граматыку (набывалі ўменне чытаць і пісаць), рыторыку (вучыліся прыгожа гаварыць), дыялектыку (развівалі здольнасць лагічна разважаць). Затым студэнты навучаліся квадрывіуму, куды ўваходзілі арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка. Пасля авалодання гэтымі дысцыплінамі (на што сыходзіла звычайна 6 гадоў) можна было выбіраць для далейшай вучобы адзін з трох вышэйшых факультэтаў універсітэта: багаслоўскі, медыцынскі, юрыдычны.

Пасля першых гадоў навучання студэнт здаваў экзамены на званне бакалаўра, а яшчэ праз некалькі гадоў можна было атрымаць ступень магістра. Самыя здольныя студэнты маглі атрымаць самае высокае навуковае званне — ​доктара. Для гэтага патрабавалася паспяхова абараніць на сходзе вучоных вылучаныя імі ідэі, сфармуляваныя ў выглядзе тэзісаў. Ганаровае званне доктара давала права займаць кіраўнічыя пасады ў самім універсітэце, а часам нават браць удзел у гарадскім самакіраванні.

Развіццё навуковых ведаў доўгі час мела кніжны, абстрактны характар. І толькі пад канец Высокага сярэднявечча стаў зараджацца прынцыпова новы метад навуковага даследавання — ​эксперыментальны. Ля яго вытокаў стаяў англійскі вучоны Роберт Грасетэст (1175–1253).

3. Літаратура

Сярэднявечная Еўропа была хрысціянскай, таму найбольш папулярнай кнігай у ёй з’яўлялася Біблія, таксама чыталі жыціі святых і творы царкоўных дзеячаў (патрыстыку). Манастыры былі асноўнымі цэнтрамі перапісвання твораў старажытнасці і стварэння новых арыгінальных твораў, напрыклад, гістарычных сачыненняў і хронік. Сярод такіх твораў варта прыгадаць «Гісторыю франкаў» Рыгора Турскага (VI ст.) і «Царкоўную гісторыю народа англаў» Беды Высока­шаноўнага (VIII ст.).

Працягвала развівацца і вусная народная творчасць. Сяляне перадавалі з пакалення ў пакаленне традыцыйныя песні і апавяданні.

Асаблівае развіццё з XII ст. атрымала гарадская літаратура. Тут панавалі кароткія ананімныя творы, звычайна жартаўлівага, грубаватага характару. Яны былі напісаны простай народнай мовай, без вытанчаных зваротаў. Напрыклад, у адным творы расказваецца пра чалавека, які пасля смерці ішоў у рай, але яго спынілі апосталы. Яны адмовіліся яго прапусціць, бо ён шмат грашыў. Але чалавек нагадаў, што яны таксама грашылі, некаторыя нават адракаліся ад Хрыста. Прысаромленыя апосталы прапусцілі яго да праведнікаў.

Выключную папулярнасць мелі рыцарскія раманы. Эпічная паэма «Песня пра Раланда», напісаная ў Францыі ў пачатку ХІІ ст., расказвае пра бітву Карла Вялікага з мусульманамі ў Іспаніі. Раланд паказаны як ідэал высакароднага рыцара, адданага свайму сеньёру. У германскай эпічнай паэме «Песня пра Нібелунгаў» (ХІІІ ст.) атрымалі яркае апісанне феадальныя міжусобіцы.

Часта ў аснове такіх твораў знаходзіліся антычныя сюжэты пра Трою і Аляксандра Македонскага, але перанесеныя ў рэаліі сярэднявечнага грамадства. Сярод твораў на рыцарскую тэматыку выключнай папулярнасцю карыстаўся цыкл сачыненняў пра караля Артура і рыцараў Круглага стала.

На поўдні Францыі, у Правансе, зарадзілася лірычная паэзія. Аўтарамі такіх твораў былі паэты-­трубадуры. У сваёй творчасці яны ўслаўлялі каханне да высакародных дам і доблесныя подзвігі адважных рыцараў.

У сярэдзіне XV ст. нямецкі вучоны Іаган Гутэнберг вынайшаў кнігадрукаванне, у 1445 г. ён выдаў першую кнігу. Гэтае вынаходства зрабіла значна таннейшым выпуск кніг, мець якія раней маглі сабе дазволіць толькі вельмі багатыя людзі. Такім чынам, літаратура стала даступнай для больш шырокага кола чытачоў.

4. Архітэктура

У сярэднявечную эпоху самымі шматлікімі відамі пабудоў былі замкі і хрысціянскія храмы. Першапачаткова адзіны архітэктурны стыль адсутнічаў. Але з пачаткам Высокага сярэднявечча ў архітэктуры заходнееўрапейскіх гарадоў замацаваўся строгі раманскі стыль.

Для пабудоў у гэтым стылі былі характэрныя тоўстыя сцены з даволі вузкімі невялікімі вокнамі ў выглядзе байніц. Характэрным атрыбутам раманскай архітэктуры былі элементы паўкруглай аркі. Самі збудаванні, як правіла, уяўлялі сабой масіўныя будынкі з гладкімі сценамі без пышнага дэкору і вялікімі вежамі. Храмы і манастыры, пабудаваныя ў такім стылі, цалкам маглі выконваць абарончыя функцыі. Сваім знешнім выглядам яны павінны былі падкрэсліваць магутнасць хрысціянскай царквы.

З цягам часу развіццё архітэктурных ведаў і інжынернай справы прывяло да эвалюцыі дойлідства. У ХІІ ст. стаў набіраць папулярнасць новы архітэктурны стыль — ​готыка, які яшчэ больш падкрэсліваў веліч царквы. Перавага прамых вертыкальных ліній, лёгкія калоны, каляровыя вітражы ў вокнах, стральчатыя аркі і скляпенні, а таксама высокія востраканцовыя вежы (часцей за ўсё дзве) — ​вось адметныя рысы гатычнага стылю. Знешняя ўяўнасць лёгкасці збудавання дасягалася за кошт ужывання новай каркаснай структуры. Сцены і вагу будынка падтрымлівалі знешнія контрфорсы. Пераразмеркаванне часткі вагі на контрфорсы дало магчымасць рабіць сцены больш тонкімі і высокімі.

Класічнымі прыкладамі гатычнай архітэктуры з’яўляюцца знакамітыя Сабор Парыжскай Божай Маці (Нотр-­Дам дэ Пары) у Францыі і Кёльнскі сабор у Германіі (вышыня апошняга — ​157 м, яго будаўніцтва ішло больш за трыста гадоў).

Ва ўяўленні сучаснікаў гатычны сабор быў своеасаблівай мадэллю хрысціянскага сусвету, адлюстраванай у архітэктурна-­мастацкіх вобразах, і з’яўляўся сімвалам памкнення чалавека да Бога.

5. Ранняе Адраджэнне і ранні гуманізм

Культурныя дасягненні Сярэднявечча зрабілі магчымым далейшае развіццё еўрапейскага духоўнага жыцця.

У Познім сярэднявеччы на поўначы Італіі, дзе было шмат незалежных гарадоў і феадальныя сувязі ў грамадстве сталі разбурацца раней, пачаў фарміравацца прынцыпова новы тып культуры. Ён быў заснаваны на пошуку і адлюстраванні новых адносін у грамадстве замест феадальных, якія адыходзілі. Прыклад такіх адносін быў знойдзены ў полісах Старажытнай Грэцыі і Рымскай рэспубліцы.

Для культурных працэсаў гэтага часу характэрнае адраджэнне цікавасці да мастацтва Антычнасці. Таму згаданая эпоха была названа Адраджэннем. Дзеячы культуры, захопленыя прыкладамі антычнага мастацтва, лічылі, што ў цэнтры творчасці павінен быць чалавек. Таму іх называюць «гуманістамі» (ад лац. humanus — ​чалавечны). Сусветна вядомымі дзеячамі культуры перыяду Ранняга Адраджэння і гуманізму былі паэты Дантэ Аліг’еры і Франчэска Петрарка, пісьменнік Джавані Бакача, жывапісец Сандра Батычэлі, скульптар Данатэла.

У Раннім сярэднявеччы пісьменнасць была пашырана амаль выключна ў асяроддзі духавенства, таму што існавала неабходнасць правядзення царкоўнай службы і вядзення календара хрысціянскіх свят. Адраджэнне адукацыі пачалося ў Высокім сярэднявеччы і суправаджалася з’яўленнем універсітэтаў. Грамадства, якое развівалася, адчувала моцную патрэбу ў адукаваных людзях (найперш у галіне юрыспрудэнцыі, медыцыны, багаслоўя). Апрача багаслоўскай літаратуры з’явілася вялікая колькасць свецкіх рукапісных кніг. Галоўным складнікам культуры Сярэднявечча была архітэктура. Масіўны раманскі стыль саступіў месца велічнай готыцы, што стала сімвалам інжынерных дасягненняў еўрапейцаў. У канцы Сярэднявечча менавіта ў мастацтве выявілася цікавасць да ўнутранага свету чалавека. Гэта азнаменавала адыход ад замкнёнасці рэлігійнай свядомасці і стала пачаткам гуманізму.

Пытанні

1. Які ўплыў хрысціянства аказала на культуру Сярэднявечча?

2. Вылучыце перыяды ў развіцці адукацыі ў сярэднявечнай Еўропе і ахарактарызуйце кожны з іх.

3. Раскажыце пра сістэму навучання ў сярэднявечных універсітэтах. З дапамогай рэсурсаў сеткі інтэрнэт знайдзіце адрозненні паміж імі і сучаснымі ўніверсітэтамі.

3-1. Як вы думаеце, якія праблемы вывучалі навукоўцы Сярэднявечча? Па якіх пытаннях магла разгарнуцца вучоная дыскусія?

4. Чым адрозніваліся творы царкоўнай, рыцарскай літаратуры і фальклору? Прывядзіце прыклады такіх твораў.

4-1. З дапамогай дадатковых крыніц знайдзіце інфармацыю пра творы літаратуры і мастацтва Ранняга Адраджэння. Правядзіце ў класе віртуальную выставу гэтых твораў. Якія з твораў мастацтва Ранняга Адраджэння вы аднеслі б да шэдэўраў? Растлумачце, чаму менавіта іх.

5. Адлюструйце схематычна раманскі і гатычны храмы ў разрэзе. Растлумачце, чаму вы паказалі іх менавіта так.

6. Назавіце галоўнае адрозненне культуры Ранняга Адраджэння ад сярэднявечнай.

7. З дапамогай дадатковых крыніц інфармацыі і вучэбнага матэрыялу складзіце воблака слоў, што характарызуе гатычны стыль. Выкарыстоўваючы яго, падрыхтуйце апісанне сабора Нотр-­Дам.

8. Уявіце, што вы пішаце кнігу (складаеце каталог) пра заходнееўрапейскую архітэктуру (мастацтва) эпохі Сярэднявечча. Распрацуйце разгорнуты план кнігі і яе вокладку. Якую фатаграфію вы зробіце асноўнай на вокладцы? Чаму?