§ 11. Культура заходнееўрапейскага Сярэднявечча

1. Сістэма адукацыі ў Заходняй Еўропе

Пераход ад Антычнасці да Сярэднявечча суправаджаўся заняпадам культуры ў Заходняй Еўропе, што паўплываўла і на стан адукацыі, якая перажывала крызіс.

Пасля нашэсця варвараў многія гарады былі разбураны або знаходзіліся ў запусценні. Такім чынам, навучальныя ўстановы ў іх не функцыянавалі. Колькасць пісьменных людзей рэзка скарацілася, адукаваныя людзі сустракаліся рэдка нават сярод вышэйшых слаёў грамадства: многія каралі не ўмелі чытаць і пісаць.

Доўгі час самымі адукаванымі заставаліся служыцелі царквы. Гэта тлумачылася тым, што яны павінны былі ўмець чытаць і перапісваць царкоўныя кнігі, якія выкарыстоўваліся ў час богаслужэнняў. Вельмі важным было веданне каляндарнай сістэмы, каб вызначаць даты царкоўных свят.

У пачатку Сярэднявечча самымі значнымі адукацыйнымі цэнтрамі былі манастырскія школы. У VIII ст. з’явіліся больш высокія па ўзроўні епіскапскія школы. Навучанне пісьму, чытанню і лічэнню ў іх праходзіла звычайна на лацінскай мове. Настаўнікі нярэдка каралі розгамі нядбайных вучняў. Такія школы рыхтавалі кадры ў асноўным для самой царквы.

Аднак і свецкая ўлада з цягам часу ўсвядоміла патрэбу ў адукаваных людзях: чыноўніках, заканадаўцах, суддзях. З развіццём заходнееўрапейскай цывілізацыі і асабліва з ростам гарадоў, дзе былі патрэбны кваліфікаваныя спецыялісты, у Х ст. пачалі з’яўляцца прыватныя школы. Узнікла спецыялізацыя школ па асобных прадметах. Напрыклад, школа горада Меца славілася выкладаннем музыкі, школа горада Камбрэ — ​матэматыкі, школа горада Салерна — ​медыцыны. Узровень падрыхтоўкі ў іх быў вышэйшы, чым у царкоўных школах. Царква страціла манаполію на адукацыю, пісьменнасць пачала распаўсюджвацца сярод гараджан і знаці.