§ 11. Культура заходнееўрапейскага Сярэднявечча

4. Архітэктура

У сярэднявечную эпоху самымі шматлікімі відамі пабудоў былі замкі і хрысціянскія храмы. Першапачаткова адзіны архітэктурны стыль адсутнічаў. Але з пачаткам Высокага сярэднявечча ў архітэктуры заходнееўрапейскіх гарадоў замацаваўся строгі раманскі стыль.

Для пабудоў у гэтым стылі былі характэрныя тоўстыя сцены з даволі вузкімі невялікімі вокнамі ў выглядзе байніц. Характэрным атрыбутам раманскай архітэктуры былі элементы паўкруглай аркі. Самі збудаванні, як правіла, уяўлялі сабой масіўныя будынкі з гладкімі сценамі без пышнага дэкору і вялікімі вежамі. Храмы і манастыры, пабудаваныя ў такім стылі, цалкам маглі выконваць абарончыя функцыі. Сваім знешнім выглядам яны павінны былі падкрэсліваць магутнасць хрысціянскай царквы.

З цягам часу развіццё архітэктурных ведаў і інжынернай справы прывяло да эвалюцыі дойлідства. У ХІІ ст. стаў набіраць папулярнасць новы архітэктурны стыль — ​готыка, які яшчэ больш падкрэсліваў веліч царквы. Перавага прамых вертыкальных ліній, лёгкія калоны, каляровыя вітражы ў вокнах, стральчатыя аркі і скляпенні, а таксама высокія востраканцовыя вежы (часцей за ўсё дзве) — ​вось адметныя рысы гатычнага стылю. Знешняя ўяўнасць лёгкасці збудавання дасягалася за кошт ужывання новай каркаснай структуры. Сцены і вагу будынка падтрымлівалі знешнія контрфорсы. Пераразмеркаванне часткі вагі на контрфорсы дало магчымасць рабіць сцены больш тонкімі і высокімі.

Класічнымі прыкладамі гатычнай архітэктуры з’яўляюцца знакамітыя Сабор Парыжскай Божай Маці (Нотр-­Дам дэ Пары) у Францыі і Кёльнскі сабор у Германіі (вышыня апошняга — ​157 м, яго будаўніцтва ішло больш за трыста гадоў).

Ва ўяўленні сучаснікаў гатычны сабор быў своеасаблівай мадэллю хрысціянскага сусвету, адлюстраванай у архітэктурна-­мастацкіх вобразах, і з’яўляўся сімвалам памкнення чалавека да Бога.