§ 11. Культура заходнееўрапейскага Сярэднявечча

3. Літаратура

Сярэднявечная Еўропа была хрысціянскай, таму найбольш папулярнай кнігай у ёй з’яўлялася Біблія, таксама чыталі жыціі святых і творы царкоўных дзеячаў (патрыстыку). Манастыры былі асноўнымі цэнтрамі перапісвання твораў старажытнасці і стварэння новых арыгінальных твораў, напрыклад, гістарычных сачыненняў і хронік. Сярод такіх твораў варта прыгадаць «Гісторыю франкаў» Рыгора Турскага (VI ст.) і «Царкоўную гісторыю народа англаў» Беды Высока­шаноўнага (VIII ст.).

Працягвала развівацца і вусная народная творчасць. Сяляне перадавалі з пакалення ў пакаленне традыцыйныя песні і апавяданні.

Асаблівае развіццё з XII ст. атрымала гарадская літаратура. Тут панавалі кароткія ананімныя творы, звычайна жартаўлівага, грубаватага характару. Яны былі напісаны простай народнай мовай, без вытанчаных зваротаў. Напрыклад, у адным творы расказваецца пра чалавека, які пасля смерці ішоў у рай, але яго спынілі апосталы. Яны адмовіліся яго прапусціць, бо ён шмат грашыў. Але чалавек нагадаў, што яны таксама грашылі, некаторыя нават адракаліся ад Хрыста. Прысаромленыя апосталы прапусцілі яго да праведнікаў.

Выключную папулярнасць мелі рыцарскія раманы. Эпічная паэма «Песня пра Раланда», напісаная ў Францыі ў пачатку ХІІ ст., расказвае пра бітву Карла Вялікага з мусульманамі ў Іспаніі. Раланд паказаны як ідэал высакароднага рыцара, адданага свайму сеньёру. У германскай эпічнай паэме «Песня пра Нібелунгаў» (ХІІІ ст.) атрымалі яркае апісанне феадальныя міжусобіцы.

Часта ў аснове такіх твораў знаходзіліся антычныя сюжэты пра Трою і Аляксандра Македонскага, але перанесеныя ў рэаліі сярэднявечнага грамадства. Сярод твораў на рыцарскую тэматыку выключнай папулярнасцю карыстаўся цыкл сачыненняў пра караля Артура і рыцараў Круглага стала.

На поўдні Францыі, у Правансе, зарадзілася лірычная паэзія. Аўтарамі такіх твораў былі паэты-­трубадуры. У сваёй творчасці яны ўслаўлялі каханне да высакародных дам і доблесныя подзвігі адважных рыцараў.

У сярэдзіне XV ст. нямецкі вучоны Іаган Гутэнберг вынайшаў кнігадрукаванне, у 1445 г. ён выдаў першую кнігу. Гэтае вынаходства зрабіла значна таннейшым выпуск кніг, мець якія раней маглі сабе дазволіць толькі вельмі багатыя людзі. Такім чынам, літаратура стала даступнай для больш шырокага кола чытачоў.