§ 11. Культура заходнееўрапейскага Сярэднявечча

2. Універсітэты. «Сем вольных мастацтваў»

Вынікам развіцця адукацыі ў Сярэднія вякі стала з’яўленне ў канцы XI ст. у горадзе Балонья (Італія) першага ўніверсітэта. У хуткім часе адкрыліся Оксфардскі ўніверсітэт у Англіі, універсітэт у Парыжы і дзясяткі іншых.

Універсітэты ўяўлялі сабой аб’яднанне навучэнцаў і выкладчыкаў. Першапачаткова такія саюзы або карпарацыі былі вельмі абмежаваны ў сваіх правах адносна ўлад і жыхароў горада, у якім знаходзіўся ўніверсітэт. Аднак з часам у выніку барацьбы за свае правы яны дабіліся самакіравання.

Універсітэт быў арганізаваны наступным чынам. Студэнты адной краіны, як правіла, аб’ядноўваліся ў зямляцтвы, а выкладчыкі, у сваю чаргу, групаваліся па спецыяльнасцях у факультэты. Выкладчыкі і студэнты разам выбіралі рэктара — ​кіраўніка ўніверсітэта.

На пачатковай стадыі навучання адбывалася асваенне «сямі вольных мастацтваў» на падрыхтоўчым факультэце. Спачатку вывучалі трывіум: граматыку (набывалі ўменне чытаць і пісаць), рыторыку (вучыліся прыгожа гаварыць), дыялектыку (развівалі здольнасць лагічна разважаць). Затым студэнты навучаліся квадрывіуму, куды ўваходзілі арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка. Пасля авалодання гэтымі дысцыплінамі (на што сыходзіла звычайна 6 гадоў) можна было выбіраць для далейшай вучобы адзін з трох вышэйшых факультэтаў універсітэта: багаслоўскі, медыцынскі, юрыдычны.

Пасля першых гадоў навучання студэнт здаваў экзамены на званне бакалаўра, а яшчэ праз некалькі гадоў можна было атрымаць ступень магістра. Самыя здольныя студэнты маглі атрымаць самае высокае навуковае званне — ​доктара. Для гэтага патрабавалася паспяхова абараніць на сходзе вучоных вылучаныя імі ідэі, сфармуляваныя ў выглядзе тэзісаў. Ганаровае званне доктара давала права займаць кіраўнічыя пасады ў самім універсітэце, а часам нават браць удзел у гарадскім самакіраванні.

Развіццё навуковых ведаў доўгі час мела кніжны, абстрактны характар. І толькі пад канец Высокага сярэднявечча стаў зараджацца прынцыпова новы метад навуковага даследавання — ​эксперыментальны. Ля яго вытокаў стаяў англійскі вучоны Роберт Грасетэст (1175–1253).