§ 10. Еўропа хрысціянская

1-1. Царкоўная арганізацыя

На Першым Канстанцінопальскім саборы 381 г. была ўстаноўлена пентархія, г. зн. прызнана вяршэнства ў царкве пяці патрыярхаў — біскупаў (кіраўнікоў) цэркваў: рымскага, канстанцінопальскага, александрыйскага, антыёхійскага і іерусалімскага. Аднак з часам адзін з іх — біскуп Рыма, якога ганарова звалі папай, — стаў прэтэндаваць на вяршэнства, што тлумачылася так: калі галоўны вучань Хрыста Пётр быў біскупам Рыма, то і яго пераемнікі маюць права адыгрываць галоўную ролю ў царкве. Усходнія патрыярхі не былі згодныя з гэтым.

Пасля таго як у заходнім хрысціянстве было ўстаноўлена вяршэнства рымскіх пап, пачаўся працэс уніфікацыі абраднасці і набажэнстваў заходніх цэркваў па адзіным узоры. Прычым у якасці ўзору была ўзята традыцыя рымскай царквы. У выніку была створана стройная цэнтралізаваная сістэма, якой рымскі папа кіраваў як поўнаўладны правіцель. Папа Інакенцій III (1198–1216), адзін з самых уплывовых пап Сярэднявечча, быў перакананы, што рымскі біскуп мае права судзіць любога чалавека, нават манархаў, а судзіць папу можа толькі Бог. Сфарміравалася ўяўленне, што папа рымскі з'яўляецца бязгрэшным намеснікам Бога на зямлі.

Структура царквы, якую ўзначальваў папа рымскі, выглядала наступным чынам. Пры рымскім біскупе дзейнічала курыя — бюракратычны апарат для кіравання царквой. На другім месцы па значнасці пасля папы рымскага былі кіраўнікі курыі — кардыналы, якіх прызначаў сам папа. Затым пасля смерці чарговага рымскага біскупа менавіта кардыналы выбіралі новага папу. У іерархічнай лесвіцы духавенства ніжэй кардыналаў стаялі архібіскупы, затым ішлі біскупы, прэсвітары і дыяканы. Архібіскупы і біскупы ўзначальвалі вялікія тэрытарыяльныя акругі (дыяцэзіі), якія складаліся з больш дробных структурных адзінак — парафій, што ўзначальваліся прэсвітарамі.

Асобным звяном у царкоўнай структуры з'яўляліся манаскія ордэны, яны наўпрост падпарадкоўваліся папу рымскаму, які зацвярджаў статут кожнага з іх.